Беларуская сетка фільммейкераў запускае праект — Інкубатар мікрабюджэтнага кіно

Да 10 лістапада Беларуская сетка фільммейкераў (Belarusian Filmmakers’ Network) чакае заявак ад беларускіх рэжысёраў на ўдзел у новым праекце — Інкубатары мікрабюджэтнага кіно. У межах інкубатара пяць маладых рэжысёраў (з Беларусі і тых, хто знаходзіцца за яе межамі) будуць працаваць над сцэнарыямі сваіх дэбютных поўнаметражных фільмаў, два з якіх будуць адабраны для фінансавання ў мікрабюджэтным фармаце.

Запланаваны бюджэт для адной карціны — 1900 долараў на вытворчасць і 500 долараў на постпрадакшн. Мова, на якой гавораць героі стужкі — беларуская ці (ды) руская. Хранаметраж — 70 хвілін. Інкубатар перш за ўсё разлічаны на аўтарскае кіно, падкрэслівае BFN.

«Нам цікавыя не спробы капіяваць лякалы галівудскіх блокбастараў або расійскіх серыялаў, а аўтарскія выказванні. І калі гэтыя выказванні будуць злымі, радыкальнымі ці нават субверсіўнымі, гэта толькі вітаецца», — падкрэслівае адзін з удзельнікаў каманды BFN Максім Жбанкоў.

У якасці прыкладаў чальцы Беларускай сеткі фільммейкераў згадваюць такіх рэжысёраў як Райнер Вейнар Фасбіндэр і Джым Джармуш — слынныя кінематаграфісты пачыналі з мікрабюджэтнага кіно.

Для ўдзелу ў інкубатары трэба даслаць: сінопсіс будучага фільма і матывацыйны ліст (у ім трэба распавесці пра свой досвед і растлумачыць, чаму аўтар жадае — і можа — зняць мікрабюджэтны поўнаметражны фільм, а таксама пра тое, як мікрабюджэтная эстэтыка будзе працаваць на ідэю рэжысёра).

Праца кінематаграфістаў у інкубатары будзе складацца з двух этапаў: першы — гэта сцэнарная лабараторыя, другі — здымкі двух мікрабюджэтных ігравых поўнаметражных фільмаў, абраных з пяці праектаў сцэнарнай лабараторыі.

«У кожнага з іх будзе куратар, які таксама стане супрадзюсарам фільма», — падкрэслівае каманда праекта.

Плануецца, што фільмы, створаныя ў інкубатары, можна будзе пабачыць на закрытых паказах ужо ў траўні наступнага года.

Belarusian Filmmakers’ Network (BFN) – нефармальная ініцыятыва, накіраваная на развіццё беларускага незалежнага кіно і ўключэнне айчынных аўтараў у глабальны індустрыяльны кантэкст. У даробку асацыяцыі – прадзюсіраванне і прамоцыя незалежных беларускіх фільммейкераў на міжнародных кінафестывалях – у тым ліку, Берлінскім кінафестывалі і Міжнародным фестывалі анімацыі ў Ансі. Узначальвае арганізацыю — прадзюсар Леанід Каліценя. Нядаўна BFN сумесна са SMartDE правяла канферэнцыю для маладых беларускіх рэжысёраў і прадзюсараў у Берліне (Германія). Інкубатар мікрабюджэтнага кіно — новая ініцыятыва арганізацыі.

Падаць заяўку на ўдзел у інкубатары можна тут. Даведацца больш пра ініцыятыву — тут.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!