«Гэта было поле такой напругі і болю, што песня нарадзілася сама сабой»: Аляксандр Памідораў — пра «Я выхажу», прысвечаную Раману Бандарэнку

Культура
Фота: сацсеткі музыканта.

13 лістапада 2020 года, літаральна на наступны дзень пасля таго, як стала вядома пра смерць Рамана Бандарэнкі, музыка Аляксандр Памідораў выклаў у сеціва відэа з песняй «Я выхажу».

«У той момант поле было настолькі наэлектразаваным, што звестка пра забойства Рамана — гэты жах ад забойства — ускалыхнула ўсіх. Эмоцыі былі настолькі моцнымі, што песня нарадзілася сама сабой», — прызнаецца музыка і дадае, што не лічыць гэту кампазіцыю сваёй.

«Гэта наш агульны боль», — дадае ён.

Па просьбе Reform.news Аляксандр Памідораў распавёў перадгісторыю кампазіцыі «Я выхажу» — адной з наймацнейшых, прысвечаных Раману Бандарэнку і «ўсім забітым і закатаваным у Беларусі».

— Тут шмат усяго, вядома, сплялося. Плошча Пераменаў знаходзіцца ў Цэнтральным раёне — гэта мой родны раён, дзе я нарадзіўся і вырас. Калісьці, калі я быў малы, там, дзе Плошча Пераменаў, стаялі баракі, дзе жыла частка маёй сям’і. Там жылі мае дзядзькі. Увогуле, «Верачка», «Бульвар», Старажоўка — гэта ўсё для мяне роднае.

У 2020-м мы прыходзілі ў той раён з кампаніямі, з сяброўкамі. І нас там ледзь не схапілі гэтыя «чорныя» (сілавікі — Reform.news). Але раёна яны не ведалі, таму нам тады ўдалося сысці ад іх філігранна.

Калі рух на Плошчы Пераменаў стаў расці, я завітваў у вядомы двор на акцыі. У тых дамах жыло пару маіх сяброў. Я ўласна бачыў гісторыю са Сцяпанам Латыпавым, калі ён паўтары гадзіны стаяў і бараніў мурал. Гэта чалавек высокай стрыманасці, вельмі адказны. Тады яны не ведалі, як да яго падысці. Напачатку нейкія аскепкі права ў тым грамадстве яшчэ заставаліся…

З Раманам Бандарэнкам я асабіста знаёмы не быў, але я яго бачыў. Ведаю, што ён таксама, як і я, скончыў Акадэмію мастацтваў. Я — тэатрал, а ён — мастак. То-бок у нас адна alma mater. Гэта, у пэўным сэнсе, аб’ядноўвала, нягледзячы на розніцу ва ўзросце.

Калі пачалі разгортвацца вядомыя падзеі на Плошчы Пераменаў, я не мог заставацца абыякавым. Тое, што адбылася тады дзясятага, адзінаццатага лістапада — па сваіх каналах я бачыў усе тыя відэа — для мяне, мяркую, як і для кожнага, то быў вялікі жах. Памятаю, што пасля ўбачанага я быў гатовы ісці з сякерай на вуліцу і забіваць тых, хто збіў Рамана. Мяне тады стрымалі, канешне.

Вельмі добра ведаю, як працуюць гэтыя самыя гопнікі з ГУБАЗіка, таму што іх офіс у мяне быў праз двор. Ведаю, якія людзі і пачвары працуюць у Цэнтральным РАУСе, бо там ёсць і людзі, і пачвары. Ведаю, што пэўным асобам у РАУС Цэнтральнага раёна зусім не трэба была гэтая дастаўка непрытомнага чалавека. І яго непрытомнага там шпынялі па Цэнтральным РАУСе і не хацелі прымаць. Татальная безадказнасць, якая прывяла да смерці!

Я сачыў за гэтым і моцна перажываў, як і ўсе. Спачатку была інфармацыя, што Раман памёр, потым, што ўсё ж такі жывы, але ў непрытомным стане… І потым звестка пра смерць — усё гэта вельмі моцна скалыхнула мяне. Гэта было поле такой напругі і болю, усё было так наэлектразавана, што песня нарадзілася сама сабой. Я напісаў яе, пайшоў на гаўбец сваёй хаты, дзе тады жыў, і зрабіў запіс. Атрымалася тое, што атрымалася. Тады мяне моцна захліствалі эмоцыі — зараз я не хачу пераглядаць тое відэа.

 

Як была запісана электрычная версія песні, якая з’явілася крыху пазней?

— На наступны дзень мне патэлефанаваў Павел Белавус. І ён акурат і спытаў мяне, а ці магчыма запісаць гэту песню ў электрычнасці. Я адказаў, што цалкам магчыма. І цікава, што літаральна праз паўгадзіны з той жа прапановай зрабіць электрычную версію «Я выхажу» звярнуўся да мяне наш бубнач. Ужо літаральна праз дзень мы знайшлі студыю і зрабілі запіс. Уначы. Тады, у лістападзе 2020-га, ужо проста хадзіць ці ездзіць з інструментамі па Мінску было небяспечна. Пачалося паляванне на музыкаў.

Мы працавалі групай, працавалі разам на ўсе сто, і запіс быў зроблены за дзве ночы. У першую ноч мы запісалі інструментальную частку. Я не здолеў запісаць вакал адразу, таму гэта заняло яшчэ наступную ноч. І пакуль тэхнікі рабілі звядзенне, у суседнім памяшканні мы мантавалі кліп — так званае lyric-відэа. Фактычна фінальная версія песні і так званы кліп былі гатовы адначасова. Калі ўсё была гатова, мы дамовіліся з Паўлам, што прэм’ера будзе ў час развітання з Раманам Бандарэнкам. Так усё і адбылося — а 10.00 раніцы 20 лістапада гэта песня была апублікавана на YouTube.

Прызнацца, «Я выхажу» — гэта адна з дзвюх песень, якія я сваімі не лічу.

Калі спяваю «Я выхажу» на канцэрце і людзі кажуць «дзякуй», падзяку не прымаю. За гэта не дзякуюць. Лічу, што гэта песня не мая, яна — агульная. Гэта наш агульны боль. Як і песня, якая завецца «Крывавае свята» — апошняя практычна складзена з трох гісторый: гісторый трох чалавек, які непасрэдна мелі дачыненне да трагедыі на Нямізе.

Я прытрымліваюся той пазіцыі, што «Я выхажу» належыць усім. І прысвячаецца ўсім загінулым на той момант і пазней. Усім, хто ў турме зараз. Усім, хто пакутуе, у тым ліку і за мяжой. Яна — і пра Рамана Бандарэнку, і Вітольда Ашурка, і Аляксандра Тарайкоўскага, Генадзя Шутава, Алеся Пушкіна… Яна і пра Марыю Калеснікаву, Віктара Бабарыку, Максама Знака, Мікалая Статкевіча, Сяргея Ціханоўскага і пра Паўла Белавуса, безумоўна, іншых ды іншых. І дагэтуль ідзе паляванне на нашых людзей.

Дагэтуль людзей мучаюць, забіваюць, даводзяць да смерці — ні забыць, не дараваць гэта немагчыма.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: