Учора, 17 траўня, у дворыку Музея Вольнай Беларусі ў Варшаве адбыўся прагляд навелаў праекта «Артэфакты. Музей Вольнай Беларусі» і вялікі музычны сэт з дыджэем Papa Bo Selektah (Аляксандрам Багданавым). Контрапунктам вечара стаў момант, калі пасля фільма пра кантролер Папы Бо ў прасторы матэрыялізаваўся ўласна сам дыджэй з кантролерам. І… вечарына панеслася!
Імпрэза пачалася з сустрэчы сяброў і знаёмых.
Вядоўцам вечара стаў рэжысёр і шоуранер праекта «Артэфакты» Максім Швед. Ён прадставіў творчую групу праекта і тых людзей, без якіх цыкл фільмаў пра легендарных беларусаў і іх рэчы, якія сталі артэфактамі беларускага музея, не адбыўся б. На фота злева направа — рэжысёр Сяргей Кавалёў (навела «Кантролер Папы Бо»), дыджэй і музычны прадзюсар, герой аднаго з эпізодаў Аляксандр Багданаў, дырэктар Музея Вольнай Беларусі Наталля Задзяркоўская, рэжысёр Арцём Багаслаўскі (навела «Кубак Івуліна»), аператар і прадзюсар Ягор Яфімаў, рэжысёр і шоуранер праекта Максім Швед.
Рэжысёр Сяргей Кавалёў распавёў пра тое, як стваралася яго навела з удзелам Аляксандра Багданава і Максіма Крука.
Ягор Яфімаў, які працаваў на праекце і аператарам, і колеракарэктарам, адказвае на пытанне, як ладзілі паміж сабой у працэсе гэтыя дзве ягоныя іпастасі.
Першым уладальнікам мерча праекта «Артэфакты» стаў кіраўнік НАУ, заснавальнік Музея Вольнай Беларусі ў Варшаве Павел Латушка.
На вечары былі паказаны тры эпізода: «Кубак Івуліна», «Выжыванка Руфіны Базловай», «Кантролер Папы Бо». Публіка ўспрыняла навелы праекта прыязна. Але найбольш жыва рэагавала на дакументальны дэтэктыў пра пошукі кантролера па заснежанай Варшаве з удзелам Аляксандра Багданава. На фота — падчас прагляду навелы пра Аляксандра Івуліна.
А потым здарылася тое, што здарылася — пасля фільма «Кантролер Папы Бо» з экрана на сцэну матэрыялізаваўся галоўны герой Аляксандр Багданаў. Let’s the party begin!
Нагадаем, што новыя і ўжо вядомыя навелы праекта «Артэфакты» можна глядзець на ютуб-канале «Саша, что ты несешь?!». Неўзабаве тыя, хто не трапіў на імпрэзу, здолеюць убачыць фільм пра беларускую мастачку і стваральніцу «выжыванкі» Руфіны Базлову. Сачыце за абнаўленнямі!
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram