Учора ўвечары сталі вядомыя пераможцы 74-га міжнароднага берлінскага кінафестывалю, які ладзіўся сёлета з 15 па 25 лютага. Галоўную ўзнагароду форуму «Залаты мядзведзь» атрымала дакументальная стужка «Дагамея» французскай рэжысёркі Маці Дыёп. У ёй распавядаецца пра вяртанне ў Рэспубліку Бенін скарбаў афрыканскага Каралеўства Дагамея, што былі вывезены з краіны ў Францыю ў каланіяльныя часы. Уганараваную карціну чакае вялікі пракат па краінах Еўропы, Reform.by ў сваю чаргу вырашыў звярнуць увагу на фільмы беларускіх незалежных аўтараў, якія былі ўзгаданы ў межах Берлінале.
Так, нагадаем, што ў рамках Еўрапейскага кінарынку Берлінскага кінафестывалю адбылася цырымонія ўзнагароджання Беларускай прэміяй кінакрытыкаў «Чырвоны верас». На ёй былі адзначаны найлепшыя стужкі і адмыслоўцы за 2021-2022 гады. На сёння дзве з сямі карцін-лаўрэатаў можна знайсці ў сеціве — і гэта акурат да пытання, якое актуалізавалася пасля імпрэзы: дзе ж можна ўбачыць уганараванае беларускае кіно?
Важна адзначыць, што ўладальнікамі найбольшай колькасці прызоў «Чырвонага верасу’24» сталі беларускія рэжысёры Юрый Сямашка і Мікіта Лаўрэцкі. Юрый узяў узнагароды ў намінацыях «Найлепшае мастацкае рашэнне (праца мастака(чкі)-пастаноўшчыка(цы)», «Адкрыццё года», а гэтаксама яго стужка «Смеццевая галава» была прызнана «Найлепшым ігравым кароткаметражным фільмам».
Карціна Мікіты Лаўрэцкага «Спатканне ў Мінску» была ўхвалена як «Найлепшы ігравы поўнаметражны фільм», а самога Мікіту журы прызнала «Найлепшым рэжысёрам». Дадамо, што «Спатканне ў Мінску» прынесла ўзнагароды і выканаўцы галоўнай ролі ў карціне — Вользе Кавалёвай — «Найлепшая акторка». Ды аператарка фільма Юлія Шатун (разам з калегамі Таццянай Гаўрыльчык і Есэ Мазух, якія былі ўганараваныя за працу над фільмам «Смеласць») падзяліла трыумф у намінацыі «Найлепшы аператар».
Зараз вышэйзгаданыя фільмы «Спатканне ў Мінску» і «Смеццевая галава» і даступныя ў сеціве.
Што ўбачыць глядач?
Страх і пустата «Смеццевай галавы»
«Смеццевую галаву» Юрыя Сямашкі можна аднесці амаль да экзістэнцыяльнага хорару. Па сюжэце сціплы зборшчык смецця і пачатковец-кінарэжысёр знаходзіць на сметніцы бутафорскую галаву і вырашае забраць яе дадому. Галава ў кватэры героя ажывае і прапануе зборшчыку выканаць кожнае яго жаданне. Але ў Юры няма асаблівых жаданняў.
Адметнай рысай рэжысуры Юрыя Сямашкі з’яўляецца «чорны гумар» і здольнасць праз сціплыя, але выразныя мастацкія сродкі выходзіць у прастору вусцішы. Іншага свету. У «Смеццевай галаве» рэжысёр, у прыватнасці, выкарыстоўвае анімацыю, каб стварыць асобную прастору — і гэта выглядае надзвычай арганічна. Невыпадкова стыль аўтара параўноўваюць са стылем Дэвіда Лінча, але, вядома, у Юрыя Сямашкі вусціш апускаецца на мясцовую глебу — дакладней, яна вырастае з беларускай паўсядзённасці. Лаканічнасць, нешматслоўнасць, змрочнасць, філасафічнасць — кіно Юрыя Сямашкі балансуе паміж выдуманым і рэальным — і, што цікава, на мяжы гэтых сусветаў можна ўбачыць і нашы асабістыя, і калектыўныя страхі.
Перазапуск прасторы ў вячэрнім Мінску
Карціна «Спатканне ў Мінску» Мікіты Лаўрэцкага перамагла як «найлешы ігравы поўнаметражны фільм». Але адметнасць гэтага кіно ў тым, што яно створана на мяжы відаў. Канцэпцыя стужкі палягае ў тым, што два блізкіх чалавекі — сам рэжысёр Мікіта Лаўрэцкі і яго жонка — актрыса Вольга Кавалёва — пасля васьмі гадоў складаных стасункаў вырашаюцца выправіцца на спатканне. Нібыта іх сустрэча адбываецца ў першы раз. Яны разыгрываюць знаёмства, фліртуюць і міла стасуюцца ў адным з більярдных клубаў Мінска. Што адбываецца падчас эксперыменту? Не іначай як магія. Героі, прымерыўшы маскі незнаёмых людзей, прагаворваюць усё: пра сябе, «экс-партнёраў», Мінск, краіну ды далейшыя шляхі беларускага кіно. На нашых вачах адбываецца перазапуск зносін, а можа быць і чагосьці большага — прасторы блізкіх людзей, нават прасторы горада.
Карціна здымалася адным дублем на айфон і глядзіцца, на наш погляд, на адным дыханні. Дасціпныя дыялогі, вячэрні Мінск, хімія паміж героямі, ды лічы, кіно ў кіно. Дакументальнае ў ігравым, ці ігравое ў дакументальным? Мяркуем, на гэта пытанне глядач мусіць адказаць сам.
Нагадаем, што Мікіта Лаўрэцкі — кінарэжысёр, які здымае ў жанры «мамблкор». Таму падрыхтуйцеся да імправізаваных дыялогаў, «сырога» кадру, і паўсядзённасці, якая не менш важны персанаж у кіно, чым героі.
Спадзяемся, што іншыя фільмы-лаўрэаты «Чырвонага верасу» гледачы здолеюць убачыць у бліжэйшы час. Пазнаёміцца з усім спісам пераможцаў Беларускай прэміі кінакрытыкаў можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: