Фільм «Святая вада» беларускага дакументаліста Андрэя Куцілы ўзяў узнагароду на Міжнародным кінафестывалі Zubroffka ў Беластоку

Дакументальная карціна «Святая вада» (Woda święcona) беларускага рэжысёра Андрэя Куцілы атрымала І-ю ўзнагароду ў конкурсе DOKUMENT.PL на Міжнародным кінафестывалі кароткаметражных фільмаў Zubroffka ў Беластоку. Журы вылучыла карціну кінематаграфіста з Баранавічаў сярод дзевяці конкурсных стужак з такім абгрунтаваннем: «За незвычайную інтуіцыю, якая дазволіла нам стаць сведкамі і пашырыць погляд на тое, як бязлітасна разгортваецца шлях гісторыі».

«Да нападу Расеі на Украіну засталося 36 дзён. У адным са спальных раёнаў Кіева зноў адзначаюць свята Хрышчэння Гасподняга. У суседнім возеры прарубілі палонку. На беразе чуваць, як звоняць царкоўныя званы. Людзі распранаюцца і стаяць у чарзе…

Кароткі фільм-назіранне. Буйныя планы людзей рознага ўзросту, галерэя аголеных целаў і кароткія дыялогі распавядаюць пра крохкасць жыцця, супярэчлівасць чалавечай веры і радасць стойкасці», — так гучыць анатацыя да фільма «Святая вада», які, нагадаем, быў створаны пры падтрымцы тэлеканала «Белсат».

Кадр з фільма «Святая вада». Фота: Фейсбук фестывалю.

Гэта далёка не першая адзнака стужкі на кінафорумах: толькі нядаўна карціна Андрэя Куцілы была ўганаравана прызам глядацкіх сімпатый на Фестывалі медыя «Чалавек у небяспецы» (Festiwal Mediów Człowiek w Zagrożeniu) у Лодзі.

У праграме кінафэсту Zubroffka ў Беластоку — у конкурсе FABUŁA.Pl — гэтаксама прымала ўдзел кароткаметражная карціна беларускай кінарэжысёркі Мары Тамковіч «У жывым эфіры». Але ў гэтай катэгорыі журы аддало 1-ю прэмію стужцы «Як гэта было» ўкраінскай аўтаркі Анастасіі Саланевіч і польскага рэжысёра Даміяна Коцура.

Гран-пры фестывалю ўзяў фільм «Сусед Абдзі» кінематаграфіста з Нідэрландаў Дувэ Дэйкстра.

17-ты Міжнародны кінафестываль кароткаметражных фільмаў Zubroffka ладзіўся ў Беластоку з 6 па 10 снежня 2023 года.

Плануецца, што фільм «Святая вада» будзе паказаны на тэлеканале «Belsat.Doc» пасля фестывальнага падарожжа.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!