Экспарт беларускай зброі – злачынны бізнес ці рухавік нацыянальнай эканомікі?

Па меркаванні многіх, зброя – прылады для забойства, тавар як мінімум неадназначны. Да таго ж – ці не выгадней укладваць грошы ў цывільныя тавары масавага карыстання? Як да гэтага ўсяго ставіцца?

Пытаеце – адказваем.

Каталік трохі пакрытыкуе Папу

Для пачатку вырашым маральныя пытанні. Адносна нядаўна (2015 год) на тэму зброі і яе распрацоўкі выказаўся, напрыклад, Папа Рымскі Францішак. «Менэджэры, бізнесмены, яны называюць сябе хрысціянамі і вырабляюць зброю. Гэта выклікае недавер да іх, праўда?» – сказаў пантыфік, выступаючы ў Турыне.

Большасць свецкіх СМІ зрабілі вывад, што першаіерарх Каталіцкага Касцёлу лічыць нехрысціянскім, амаральным вырабляць зброю і гандляваць зброяй. У 2018 годзе папа Францішак, калі верыць ягонаму афіцыйнаму Твітэру, увогуле прапанаваў «забараніць любою зброю, каб мы не жылі ў жаху вайны».

Як усім вядома, аніводны дакумент Каталіцкага Касцёла не ўтрымлівае такога адмоўнага стаўлення да зброі і ваеннай прамысловасці. Такім чынам, тое, што тут сказаў Папа Рымскі Францішак – прыватнае меркаванне Папы. І хоць аўтар гэтага артыкула – католік, і для яго Папа Францішак – аўтарытэт, аднак людзі, якія знаёмыя з каталіцкім веравучэннем, ведаюць, што гэта не значыць, што звычайны каталік не можа крытыкаваць словы ці дзеянні іншага католіка, нават самога Папы.

Швейцарская гвардыя Папы Рымскага. Нават калі забароняць любую сучасную зброю… Фота: Paul Ronga, wikipedia.org

Калі шчыра, ані словы Папы ў дадзеным выпадку, ані аналагічныя выказванні любога іншага хрысціяніна, паганца, мусульманіна ці атэіста-пацыфіста не трымаюць вады, супярэчаць фактам гісторыі і звычайнай логіцы.

Хто страляе?

Па-першае, самога сучаснага Папу і любога іншага пацыфіста, калі пацыфіст жыве ў дзяржаве з больш-менш адэкватнай праваахоўнай сістэмай, афіцыйна абараняюць як раз спецыяльна падрыхтаваныя і ўзброеныя людзі – паліцыя, спецслужбы, прыватныя ахоўнікі. Нешта я не чуў, каб Папа ці тая ж Хілары Клінтан, якая выступае за абмежаванне валодання зброяй грамадзянамі ЗША, рэальна адмовіліся ад узброенай аховы.

Папа Францішак у коле прыкладна дзясятка ўзброеных ахоўнікаў.

Па-другое, страляе не зброя, страляе чалавек, які трымае гэтую зброю ў руках. Зброя – гэта інструмент, каторы, як і амаль любы інструмент, можна выкарыстаць і для таго, каб знішчыць чалавека, гэтак і для таго, каб яго ўратаваць. Гэтаксама як і хірургічны скальпель, і кухонны нож, і аўтамабіль.

Нават забойства чалавека падлягае маральнай ацэнцы не само па сабе, а толькі з улікам акалічнасцяў — забойства вамі злачынцы пры абароне вашага жыцця ацэньваецца зусім інакш, чым забойства нявіннага чалавека.

Апошняе – ніяк не атрымаецца пазбегнуць вайны, калі «забараніць любую зброю». Людзі ваявалі і забівалі адзін аднаго і да з’яўлення атамнай, і да зʼяўлення ракетнай, і да зʼяўлення агняпальнай зброі, і нават да зʼяўлення халоднай зброі са сталі ці бронзы.

Сэмюэль Кольт і ягоны рэвальвер Colt 1851 Navy.

Забіваць людзей можна і простымі палкамі ды камянямі. Проста калі вы забароніце (Дарэчы, якім чынам? І хто будзе адбіраць аўтамат у парушальніка забароны, не маючы ўласнага аўтамата?) высокатэхналагічную зброю, вы ствараеце больш магчымасцяў для гвалту тым, хто больш колькасны і фізічна моцны. Хутчэй за ўсё забіваць стануць толькі болей.

Дарэчы, з гэтай прычыны аўтар лічыць, што беларускім феміністкам варта было б не сумнеўныя і даволі антыправавыя канцэпцыі законаў «супраць хатняга гвалту» адстойваць, а выступаць за вольны продаж зброі цывільным грамадзянам Беларусі. Выслоўе «Бог стварыў людзей слабымі і моцнымі, а палкоўнік Кольт зраўняў іхныя шанцы» дагэтуль не згубіла актуальнасць. І перш за ўсё гэта актуальна – па ўсім зразумелых фізіялагічных прычынах, такіх як рост, вага, мышачная маса і шчыльнасць касцей – для жанчын.

Лічыцца, што Эні Ўоклі, знакамітая амерыканская жанчына-стралок, навучыла ў канцы 19 і пачатку 20 стагоддзя страляць больш за 15.000 жанчын, у тым ліку для таго, каб яны маглі абараняць сябе. «Я б хацела, каб кожная жанчына давала сабе рады са стрэльбай гэтак жа натуральна, як і са сваймі дзецьмі», казала Ўоклі.

Прычына войнаў і гвалту не ў наяўнасці ці адсутнасці копʼяў, кулямётаў ці ракет, а, як заўсёды, у галовах людзей. Адныя выкарыстоўваюць зброю як прыладу для агрэсіі, іншыя іншай зброяй абараняюцца ад агрэсара ці стрымліваюць агрэсію. Не варта надаваць нежывым прадметам з металу, пластыка і дроту нейкую «злую сілу». Гэта проста глупства, нейкі новы тып атэістычнага забабону.

Зброя для Беларусі і не толькі

У якім стане зараз наш беларускі ВПК? Першае, ён у значнай ступені застаецца часткай агульнасавецкага. А гэта значыць, што дагэтуль у Беларусі няма сваёй серыйнай вытворчасці стралковай зброі, ракет, важнейшай бранетэхнікі, самалётаў і верталётаў.

Танкі, аўтаматы, самалёты, кулямёты, снайперскія стрэльбы, ракеты, снарады, верталёты і шмат што яшчэ мы выкарыстоўваем альбо старыя савецкія (часам нешта мадэрнізуем), альбо купляем – прычым пераважна ў Расеі.

Цягач МЗКТ-79221 з атамнай ракетай комплекса «Топаль-М» на парадзе ў Маскве ў 2010 годзе. Фота wikipedia.org.

У той жа час у нас ёсць пэўнае «фамільнае срэбра» – гэта і колавыя шасі Менскага заводу колавых цягачоў, якія возяць расейскія стратэгічныя атамныя ракеты і «Іскандэры», і вытворчасць радыёэлектронных сістэм, і сістэм навядзення, і вайсковай оптыкі. Ваеннага «шырпатрэбу» мы амаль не робім, пераважна наш ВПК – гэта высокія тэхналогіі, якія нават тупа скапіраваць вельмі няпроста.

Прэзідэнт Украіны перадае дакументы на новую тэхніку ўкраінскім вайскоўцам на фоне радыёлакацыйнай станцыі на беларускім шасі. Фота president.gov.ua

Адначасова наш ВПК шукае альтэрнатыўных партнёраў і кліентаў – распрацоўваліся супрацьтанкавыя ракетныя комплексы разам з Украінай, сістэмы залпавага агню «Паланэз» лічацца беларуска-кітайскай распрацоўкай, беларуская зброя і тэхніка падвойнага прызначэння ідзе ў Афрыку, Азербайджан, Украіну…

Колькі зброі прадае Беларусь?

Пакуль будзем арыентавацца на лічбы 2017 года. Са студзеня па снежань мінулага году агульны экспарт Беларусі склаў $37 мільярдаў, у тым ліку таварны экспарт – $29,2 мільярда, а экспарт паслугаў $7,8 мільярда. У 2017 годзе беларускі ваенны экспарт дасягнуў 1 мільярда даляраў.

Масква даўно намагаецца задушыць Менскі завод колавых цягачоў – ключавога пастаўшчыка шматвосных цяжкіх шасі на постсавецкай прасторы. Планавалася, што цягач Платформа-О ад КамАЗа, выцісне МЗКЦ з рынка. Аднак на дэманстрацыйным паказе пад Масквой нешта пайшло не так… Скрыншот defence-blog.com

Такім чынам, продаж за мяжу беларускай зброі і паслугаў у сферы ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва (гэта, напрыклад, рамонт ці мадэрнізацыя вайсковай тэхнікі савецкіх часоў на беларускіх заводах ці беларускімі спецыялістамі за мяжой) у прынцыпе складаюць прыкладна 3 адсоткі агульнага беларускага экспарту.

Пры гэтым, першае – вялікая доля беларускага экспарту гэта па вялікім рахунку сыравіна ці прадукты невысокай ступені апрацоўкі з замежнай ці сваёй сыравіны. Узяць тыя ж самыя калійныя ўгнаенні ці нафтапрадукты, драўніна, сельскагаспадарчая сыравіна. Такім чынам гэта прадукцыя з не надта вялікай доляй дададзенай вартасці.

Тое ж самае з экспартнымі паслугамі – «каля паловы агульнага абʼёму экспартных паслугаў займаюць транспартныя паслугі». Што, пагадзіцеся, таксама не нейкая ўнікальная хай-тэк сфера.

Адназначна высокатэхналагічны беларускі экспарт у 2017 годзе – гэта $5,3 мільярда прададзеных машын, рознага тэхнічнага абсталявання і транспартных сродкаў, а таксама паслугі ў сферы ІТ. І тут ужо роля для эканомікі краіны нават аднаго мільярда даляраў беларускага ВПК пачынае выглядаць ВЕЛЬМІ ВАЖНАЙ.

«Мы ў шэрых мундырах, пад шэрым крывіцкім небам»

Зробім пэўныя высновы. Беларускі ваенна-прамысловы комплекс дапамагае вырашаць некалькі мэтаў – першае, ён змяншае залежнасць нашай краіны ў сферы ўзбраення Узброеных Сіл, праваахоўных органаў і спецыяльных службаў. Скажам адкрыта, развіццё беларускага ВПК зніжае нашую залежнасць ад Масквы.

Па-другое, новыя ўзоры тэхнікі (тыя ж самыя дальнабойныя ракетныя комплексы «Паланэз») зʼяўляюцца пэўным сродкам стрымлівання магчымай агрэсіі. А сродкі радыёэлектроннай барацьбы ўжо зараз могуць выкарыстоўвацца ў нябачнай барацьбе за незалежнасць краіны.

Рабатызаваны супрацьтанкавы комплекс «Багамол». Відэа Дзяржаўнага ваенна-прамысловага каміту

Трэцяе, беларускі ВПК – гэта высокія тэхналогіі – колавыя сістэмы МЗКЦ, сістэмы навядзення ракет, прылады начнога бачання, баявыя і разведвальныя беспілотнікі і рабатызаваныя сістэмы. Поспехі беларускага ВПК тут пераўтвараюцца ў новыя працоўныя месцы для людзей з высокай адукацыяй і заробкамі, падвышэнне ўзроўню жыцця насельніцтва, развіццё адукацыі.

Беларускія браніраваныя машыны для выведкі і дыверсій «Кайман» на парадзе ў Кот-дʼІвуары. Фота defence-blog.com

Нарэшце, гэта грошы для дзяржаўнага бюджэту і частковае выпраўленне дэфіцыту гандлёвага балансу.

Цяжка сказаць, ці трэба тут спецыяльна агучваць нейкія высновы. Я асабіста не толькі каталік, але і нацыяналіст – то бок хачу, каб Беларусь хутка развівала эканоміку, распрацоўвала новыя тэхналогіі, мела армію, якая ўзброеная сучаснай тэхнікай. Такім чынам поспехі і развіццё беларускага ВПК я магу толькі вітаць.

***

Меркаванне аўтара можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.

***

Спадабаўся матэрыял? Паспей абмеркаваць яго ў каментах пабліка RFRM на Facebook, пакуль усе нашыя там. Далучайся да самай актыўнай суполкі рэфарматараў у Беларусі і запрашай сяброў!

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!