Фестываль Абуджаных Tutaka называюць усебеларускім пікніком. Тут ствараюць адмысловую прастору для камунікацый і прэзентацый разнастайных ініцыятыў: праходзяць майстар-класы і семінары для дзяцей і дарослых, дыскусіі, паказы фільмаў, тэатральныя эксперыменты, спартыўныя мерапрыемствы, ладзяцца музычная і літаратурная праграмы. Сёлета фестываль адбываўся тры дні з 12 па 14 ліпеня. Падвялі яго вынікі з адным з арганізатараў фэсту Змітром Косціным.
— Фонд TUTAKA арганізуе фестываль чацвёрты раз запар і ў аснове гэтай імпрэзы ляжыць іншы беларускі фэст — Басовішча. Аднак вы кожны раз падкрэсліваеце, што Tutaka рухаецца сваім шляхам. Цяпер фестываль праходзіць тры дні, а праграма відавочна пашырыліся, працавала шмат пляцовак: Tutaka, Tamaka, Chillaka, Hamaka, Dzieści-Dzieści, Prosta tancuj!, Kirmaš, вялікая колькасць ініцыятыў прэзентавала свае праекты. У чым яшчэ асаблівасць Tutaka-2024? Якія прынцыповыя змены адбыліся сёлета ў праграме?
— Як і раней, наша асноўная мэта — зладзіць найбуйнейшую сустрэчу беларусаў.
І мне здаецца, што адрозненне ад леташняй імпрэзы ў тым, што сёлета прыехала больш людзей, каб правесці разам час і добра адпачыць.
Кропка адліку нашага фэсту — Басовішча, але ад самага пачатку мы планавалі ўсё рабіць іначай, таму што Басовішча — гэта ўсё ж музычная імпрэза.
І цяпер, у чацвёрты раз, больш заўважна, што гэта не толькі музычны фестываль. Людзі прыязджаюць не толькі паслухаць музыку, але і даведацца пра нешта новае ў сучаснай беларускай культуры, і не толькі ў культуры. Не сакрэт, што большасць наведнікаў гэтага фестывалю — прадстаўнікі дыяспары, якія маюць праблемы, звязаныя з легалізацыяй, якія тут спрабавалі вырашыць праз кансультацыі. Не забываем і пра палітвязняў. Важнае адрозненне было ў тым, што на гэтым фэсце было шмат дзяцей. Дзеці пачуваліся арганічнай часткай фестывальнай прасторы. І мы хацелі гэтага, таму што разумеем наколькі важна быць адкрытымі да ўсіх.
— Як фармавалася праграма, якія яе базавыя кірункі? Палітычны складнік, напрыклад, прысутнічаў…
— Так, Святлана Ціханоўская далучылася ла нас. Самае важнае — згадваць пра тое, што адбываецца ў Беларусі. Таму акцыі салідарнасці праходзілі і цягам першага дня, і цягам другога дня. Каб не было такога ўражання, што мы не бачым, не разумеем таго, што адбываецца ў Беларусі. Беларуская сітуацыя і ў культуры, і ў палітыцы ўплывае на ўсіх нас. Мы слухаем музыкаў, якія не маюць магчымасць выступаць дома, мы памятаем пра тых творцаў, якія цяпер знаходзяцца ў вязьніцах. Пра актывістаў, журналістаў, якія церпяць за свае перакананні.
Багата было майстар-класаў і сустрэч, лекцый і дыскусій. Аднак пры гэтым усё ж музыка прыцягвала да сябе найбольш удзельнікаў. Тры дні канцэртаў — важны чыннік для многіх, каб прыехаць на фэст.
Тэатральныя спектаклі ўжо каторы год знаходзяць сваё месца ў фестывальнай прасторы. Мы цешымся з магчымасці расказваць пра цікавыя культурніцкія ініцыятывы. Напрыклад, пра гістарычныя рэканструкцыі часоў паўстання Кастуся Каліноўскага. Ці пра школу традыцыйнага строю. Была магчымасць паспяваць традыцыйныя песні.
Падчас літаратурнай праграмы адбылася сустрэча з Уладзімірам Арловым, і хоць праходзіла яна ў апошні дзень, у нядзелю, сабралася шмат людзей.
— Чым вы найбольш задаволены на сёлетнім фэсце?
— Удалым лічу стварэнне некалькіх музычных прастор, што дало магчымасць слухаць канцэрты не толькі ўвечары. Добрыя водгукі мы атрымалі і пра музычную частку, і пра зону адпачынкаў, пра магчымасці для рэлаксацыі. Вядома, была і крытыка. Напрыклад, пачуў меркаванне, што актыўнасцяў вельмі шмат і яны адбываюцца адначасова. І няма магчымасці разабрацца да канца, дзе што праходзіць. Мы разумеем гэтую крытыку, але ж у нас ёсць вялізная фестывальная прастора, якую не хацелася пакідаць пустой. Людзі самі да нас звярталіся з просьбай правесці нейкія сустрэчы, майстар-класы. Гэтых прапановаў было столькі, што аказалася цяжка сабраць іх сістэматызавана ў адным месцы.
— То-бок не толькі вы фармуеце праграму, але ідзе шмат запытаў ад розных людзей?
— Менавіта, таму ёсць цяжкасці, каб абвясціць праграму раней, бо фактычна да апошняга моманту з’яўляліся новыя прапановы. Напрыклад, геніяльная ідэя запісу аўдыябукаў на магнітафонныя касеты, каб дзеці маглі ўставіць гэтыя касеты і паслухаць сярод лесу, з’явілася літаральна ў апошні момант.
— Атрымліваецца, што ўсебеларускі пікнік з мноствам актыўнасцей у вас сапраўды атрымаўся?..
— Мы спадзяемся, што такое адчуванне таксама мелі людзі, якія да нас завіталі. Мы чыталі і чулі шмат падзякаў за магчымасць сустрэцца, абняцца са знаёмымі, якіх даўно не бачылі, а з некім і развіртуалізавацца.
— Якім чынам адбываецца фінансавая падтрымка фестывалю? Наколькі польская дзяржава дапамагае, наколькі спрыяе беларуская супольнасць? Наколькі вы атрымліваеце магчымасць правесці фестываль за кошт арэнды намётавых месцаў?
— Фестываль мае некалькі крыніц фінсавання. Першая крыніца, да якой мы адразу звяртаемся, — Міністэрства ўнутраных спраў адміністрацыі Польшчы, якое падтрымлівае праекты нацыянальных меншасцей. Аднак гэта вельмі невялікія сродкі.
Фестываль падтрымаў горад Беласток, а таксама амбасада Нідэрландаў. Частка грошай прыйшла з праграмы ArtPower Belarus.
Аднак наш асноўны партнёр у апошні момант адмовіўся ад падтрымкі, і нам давялося весці перамовы з контрагентамі — з фірмамі, бізнесам. Саматужна можна было б зрабіць фэст, аднак тады не было б вялікай сцэны і шмат чаго іншага. І ў апошні момант мы пачалі дамаўляцца пра тое, каб людзі пайшлі нам насустрач. І ў выніку нам удалося з мінімальным доўгам завяршыць гэты фестываль, дзякуючы таму, што тэхнічныя і санітарныя службы пагадзіліся працаваць, не зарабляючы амаль нічога, ахова пагадзіліся знізіць кошты, музыкі максімальна пайшлі нам насустрач. То-бок фэст можа падавацца вельмі грандыёзным, аднак, на вялікі жаль, мы не мелі поўнага фінансавання перад яго пачаткам. Аднак пры гэтым мы стараемся стварыць прастору такім чынам, каб людзі, напрыклад, мелі магчымасць прыняць душ. Уваход на ўсе мерапрыемствы па-ранейшаму бясплатны, акрамя намётавага гарадка.
Гэта цяжкае пытанне пра фінансаванне культуры. У сітуацыі, калі беларуская культура за мяжой атрымлівае штораз менш грошай, калі беларускія медыяпраекты губляюць крыніцы фінансавання, мне здаецца, што павінна адбывацца дыскусія сярод беларусаў дыяспары. Што рабіць, каб падтрымліваць сваіх творцаў? Калі мы хочам, каб нешта стваралася, варта шукаць шляхі, як падтрымаць беларускія культурніцкія ініцыятывы.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: