Прымусова ліквідавана яшчэ 31 некамерцыйная арганізацыя сферы культуры, а «экстрэмісцкімі матэрыяламі» прызнаны не менш за 210 крыніц з матэрыяламі на тэму культуры або сацыяльныя сеткі дзеячаў культуры. Знаходзяцца ў зняволенні або ва ўмовах абмежавання волі не менш як 164 працаўнікі гэтай сферы. Усё большае кола дзеячаў культуры трапляе на «хатнюю хімію», расце колькасць судоў з заменай абмежавання волі на яе пазбаўленне. Беларускі ПЭН апублікаваў маніторынг парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры за перыяд студзень – верасень 2024 года.
За гэты час зафіксавана 960 парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры, – адзначае ПЭН.
У 2024 годзе ўлады працягваюць актыўна выкарыстоўваць рэпрэсіўныя захады супраць беларускіх дзеячаў культуры. На канец верасня ў Беларусі 1317 палітычных зняволеных, сярод якіх не менш за 101 чалавека – дзеячы культуры. Сярод асноўных формаў пераследу – пазбаўленне права на справядлівы суд, пакаранне за падпіску, дачыненне да «экстрэмісцкіх матэрылаў», адвольныя затрыманні і завядзенне крымінальных спраў. Выяўленне салідарнасці з палітзняволенымі стала падставай для вынясення суровых прысудаў, усё большае кола дзеячаў культуры трапляе на «хатнюю хімію», расце колькасць судоў з заменай абмежавання волі на яе пазбаўленне.
Ціск з боку дзяржавы на дзеячаў культуры працягваецца і ў пытаннях цэнзуры творчасці. Сегмент дзяржаўнай культуры прадугледжвае мерапрыемствы паводле загадзя зацверджанага сцэнарыя, на якіх не павінна адбыцца нічога несанкцыянаванага ўладай. Незалежная культура ўнутры краіны існуе пераважна ў закрытых прасторах і часцяком недаступная свайму ж гледачу. Такім чынам, першая сцірае са сваёй памяці і гісторыі імёны непажаданых і нелаяльных, не звяртаючы ўвагі на маштаб іх унёску ў культуру Беларусі, а другая нічога не расказвае пра іх, каб не сутыкнуцца з дадатковай рызыкай і застацца хаця б у цішыні.
Палітычна матываваныя звальненні зафіксаваны ў дачыненні да 35 дзеячаў культуры, сярод іх чатыры тэатральныя дырэктары: Таццяна Чаеўская, якая кіравала Мінскім абласным тэатрам лялек «Батлейка», Сяргей Пукіта з Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра, Дзмітрый Гарэлік з Гомельскага дзяржаўнага тэатра лялек, Святлана Карукіна з Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі.
Зафіксаваны 67 фактаў культурнай цэнзуры ў дачыненні да асобных дзеячаў культуры, груп або мерапрыемстваў. У адных выпадках працы або аўтары першапачаткова не былі дапушчаны да паказу або ўдзелу ў канцэртах, выставах, канферэнцыях; у другіх – уносіліся карэкціроўкі згодна з патрабаваннямі дзяржаўных ідэолагаў; у трэціх – адмяняліся ўжо зацверджаныя мерапрыемствы (зафіксаваны ў Мінску, Гродне, Полацку, Гомелі, Віцебску, Брэсце і іншых гарадах), пераважна ў выніку даносаў прадзяржаўных актывістак.
Асноўная сярод прычын і падстаў для цэнзуры – пераслед за падзеі 2020 года і «чорныя спісы» дзеячаў культуры. У маніторынгу за аналізаваны перыяд зафіксаваны паўтара дзясятка імёнаў, каму адмовілі (часцей непублічна) менавіта з гэтай прычыны. Пры гэтым колькі дзеячаў культуры выкрэсліваюць штораз з ліку патэнцыйных аўтараў і ўдзельнікаў мерапрыемстваў КДБ і структуры Мінкульта падчас праверкі тых на «добранадзейнасць» – недаступная грамадскасці інфармацыя. На ўзроўні статыстыкі нам вядомы выпадак, калі на ўзгадненне быў адпраўлены пералік з каля дваццаці пяці імёнаў, у выніку да ўдзелу ў тэатральнай пастаноўцы дапусцілі менш за дзесяць чалавек.
Таксама пад цэнзураванне чыноўнікамі трапляюць наступныя тэмы: «прапаганда няправільных каштоўнасцяў» – у прыватнасці, ЛГБТ-тэматыкі, сексуальнасці, культуры Захаду; творы ўкраінскай і польскай культуры. Так, сярод нядаўна адмененых – касплэй-фестываль «Кампай» у Полацку: ён не адбыўся, бо на думку новага дырэктара Дома культуры, на пляцоўцы якога мусіў прайсці «дзіцячы ранішнік 12+», анімэ прапагандуе «няправільныя каштоўнасці». Праграму штогадовага міжнароднага фестывалю кароткаметражнага кіно «Manhattan Short» зрэзалі ў беларускім пракаце: з 26 верасня да 6 кастрычніка было паказана дзевяць з дзесяці фільмаў-удзельнікаў – цэнзура не прапусціла ўкраінскі фільм «Мама», які расказвае пра пачатак вайны ва Украіне.
Асобна можна вылучыць сітуацыі адмены ўжо зацверджаных мерапрыемстваў у выніку даносаў праўладных актывістак, найбольш вядомая з якіх – Вольга Бондарава з Гродна.
Працягваюцца выпадкі пераследу за камунікацыю на беларускай мове, а абразлівыя выказванні з боку праўладных прапагандыстаў у дачыненні да нацыянальнай мовы застаюцца беспакаранымі. Расце колькасць беларускіх кніг, асабліва на гістарычную тэматыку, фармальна забароненых да набыцця і чытання, мае месца і іх фізічнае знішчэнне.
Зафіксаваны 41 факт парушэнняў, звязаных з неналежным абыходжаннем з аб’ектамі гістарычна-культурнай спадчыны, культурай памяці. Напрыклад, у аварыйным стане скульптурная кампазіцыя на магіле мастачкі Алены Кіш, працягваюцца акты вандалізму ў месцах пахаванняў ахвяр сталінскіх рэпрэсій.
Працягваецца знішчэнне мазаік і пано – узораў дэкаратыўнага мастацтва савецкага перыяду, якія з’яўляюцца часткай гарадской гісторыі. З кожным годам іх робіцца ўсё менш.
Застаюцца пытанні да рэстаўрацыі помнікаў гістарычна-культурнай спадчыны, у прыватнасці, да афарбоўкі. Так, у жніўні Telegram-канал «Спадчына» пісаў пра працяг перафарбоўвання архітэктурнага ансамбля БНТУ на праспекце Незалежнасці ў Мінску ў адценне зялёнага, якога не магло быць на фасадах будынкаў у 1950-х гадах. У верасні аўтары канала звярнулі ўвагу на ярка-зялёны колер Траецкай царквы ў Слоніме – такога колеру не магло быць у XVII стагоддзі ў сувязі з адсутнасцю ўстойлівых пігментаў.
Прымусова ліквідавана яшчэ 31 некамерцыйная арганізацыя сферы культуры, а «экстрэмісцкімі матэрыяламі» прызнаны не менш за 210 крыніц з матэрыяламі на тэму культуры або сацыяльныя сеткі дзеячаў культуры.
Працягваецца ідэалагічная апрацоўка супрацоўнікаў устаноў культуры і адукацыі на прадмет іх лаяльнасці дзяржаўнаму курсу і «правільнага» патрыятызму. У трэцім квартале гэтага года прайшоў шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных 30-годдзю інстытута прэзідэнцтва – менавіта столькі гадоў краінай нязменна кіруе адзін і той жа чалавек. Гэтая ўрачыстая ў вачах прапаганды дата – насамрэч сімвал аўтарытарнага застою, творчай несвабоды і задушэння іншадумства ў Беларусі.
Зафіксаваны новыя факты парушэнняў, звязаных з абмежаваннем доступу да кніг, сярод якіх асобна варта вылучыць беларускую гістарычную літаратуру – аж да выкарыстання сілы ў дачыненні да чытачоў і фізічнай расправы над кнігамі. Нам вядомыя непублічныя выпадкі збівання дзеячаў культуры за выяўленыя ў іх падчас ператрусу кнігі на беларускай мове, у прыватнасці, гістарычную літаратуру. З публічных крыніц вядомыя факты знішчэння «няправільнай літаратуры» – спальвання яе ў печах калоній.
Цалкам з маніторынгам можна азнаёміцца тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram