Музыка як суцяшэнне, пошук, выратаванне, уцёкі, пасланне ў будучыню, як пераламленне болю, вызваленне і свабода. Сёлетні год у беларускай музыцы быў багатым на важныя адкрыцці, яскравыя фэсты і знакавыя альбомы. Затрыманні, рэпрэсіі не здолелі пазбавіць прагі волі, прыгажосці і справядлівасці беларусаў — і музыка ў гэтым памкненні выстаяць і захаваць радасць аказалася які ніколі раней неабходным рэчывам. У нашым аглядзе паспрабавалі пазначыць асноўныя падзеі, тэндэнцыі ў беларускай музыцы і знакавыя альбомы года.
«Чорныя спісы» для дзеячаў культуры і мастацтва, цэнзура, кантроль за публічным полем, які выяўляецца ў пагаршэнні заканадаўства ў дачыненні да арганізацыі культурна-масавых мерапрыемстваў, праўладныя «эксперты» з даносамі, арышты — гэта рэаліі, у якіх сёння вымушаны жыць беларускія музыкі, арганізатары, уласна, спажыўцы культуры ў Беларусі. Сёлета ў краіне хваля затрыманняў закранула ўжо не толькі музыкаў, ды-джэяў, але шоўменаў, вядоўцаў, арганізатараў культурна-масавых мерапрыемстваў. Чыноўнікі і так званыя праўладныя актывісты рэгулярна здзяйсняюць рэйды на дзяржаўныя і прыватныя пляцоўкі, каб «выкрыць» культурныя «варожыя элементы».
Даходзіць да абсурду. Напрыклад, у чэрвені 2024-га Мінкульт склаў пратакол на арганізатараў вечара афрыканскай музыкі толькі за тое, што музыканты гурта, якія, уласна, гралі афрыканскія рытмы, выступалі пад пазнакай «майстар-клас». Забараняюцца аніме-вечарыны, вулічных музыкаў сілавікі затрымліваюць проста на вуліцы, пад кантроль узяты нават музычны фон у гандлёвых кропках. Міністэрства культуры падрыхтавала плейліст, які рэкамендуе ўключаць для навагодняга настрою ў падобных прасторах. У тым плейлісце няма знаёмых замежных хітоў — але прапаноўваюцца савецкія песні і кампазіцыі беларускіх выканаўцаў.
У такіх варунках дзіўным чынам спрацоўвае «сціснутая пружына» — дазволеныя фестывалі амаль не важна з якім зместам карыстаюцца папулярнасцю ў наведвальніка. Так, аднымі з найбольш папулярных open-air (канцэртаў на адкрытым паветры) сталі: фестываль «Солнцестояние» ў Пружанах з удзелам прапуцінскіх зорак «рускага року» 1990-х — 2000-х, і Viva Braslav, уласна, у Браславе, на якім выступалі расійскія гурты і выканаўцы ужо маладога пакалення — 2010-х — 2020-х. У медыя таксама гучна абмяркоўваўся феномен бясплатнага канцэрта Вольгі Бузавай на «ХарчФэсце» ў Лідзе, які нібыта сабраў 100 тысяч чалавек.
Мінская гарадская афіша, якая скрозь складаецца з гастроляў расійскіх выканаўцаў, перавага рускай класікі ў Вялікім тэатры Беларусі — экспансія расійскай культуры пашыраецца, знаходзячы ў беларускіх чыноўнікаў самых адданых служкаў. Забараняючы сваё, даецца «зялёнае святло» расійскаму з усімі магчымымі ўплывамі. Бясконцыя «рускія сезоны» без продыху.
Пры гэтым з боку беларускай праўладнай так званай эстрады назіраецца цалкам злучэнне з рэжымам. Нявестка Аляксандра Лукашэнкі Ганна Сялук забірае ўзнагароды на песенных конкурсах, у тым ліку і расійскіх, запускае сваю радыёстанцыю. А Мікалай Лукашэнка ездзіць з канцэртамі ў межах перадвыбарнага «Марафона адзінства» ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі. «Бацька ў нас крутой» — хваліцца новай песняй праўладны дуэт Яўгенія Алейніка і Юліі Быкавай. Рэжым ужо не мае патрэбы ў пасярэдніках — на праўладную сцэну ўсё часцей выходзяць людзі з клану.
Пры гэтым структурным кантролі і знешнім тлуме культурнага трэшу беларускае музычнае падполле ўсё ж застаецца сапраўднай прасторай творчасці. Менавіта там выступаюць і стасуюцца музыканты новага пакалення, прызнаныя зоркі андэрграўнду, але плён гэтай сінергіі, на жаль, пакуль рэдка выходзіць да шырокага слухача.
Калі казаць пра музычную актыўнасць у замежжы, можна ў першую чаргу адзначыць не проста правядзенне музычных фэстаў, але фестывальны рух, канкурэнцыю розных пляцовак за гледача ў гэтым годзе. Узгадаем сёлетняе супадзенне двух івэнтаў: у адзін дзень, 27 чэрвеня, у Варшаве ладзіўся Купалаўскі Varušniak і Hučna Fest з СучБелЛітам. А яшчэ ўлетку адбыліся: Piknik LTCŃ у Кракаве, Soncahraj у Супраслі і Навасадах, фестываль «Культура ў выгнанні» ў Вільні, фестываль беларускай культуры «Minsk x Minga» ў Мюнхене, фестываль беларускай музыкі GRAJ у Варшаве, Marafest Sopot Festival у Сопаце, Фестываль Абуджаных Tutaka на Падляшшы…
Асобна варта вылучыць праект перасоўнага фестывалю Belarus Outside Sound System на чале з музыкай і грамадскім дзеячам Аляксандрам Багданавым. Ініцыятыва ўжо на працягу некалькіх гадоў ладзіць дабрачынныя канцэрты ў розных гарадах, збіраючы сродкі на дапамогу беларускім палітзняволеным. Сёлета Belarus Outside Sound System выдаў вінілавую плыту, на якой сабраў кампазіцыі беларускіх электронных музыкаў — «рэліз-рупар, складзены з 13 асабістых сучасных гісторый з Беларусі ў стылях house, ambient, drum’n’bass, disco, trap, somatic techno, future-bass і EDM». Таксама Аляксандр Багданаў зладзіў гучныя падзеі ў Варшаве і Вільні — па выніках фэстаў усе сабраныя сродкі былі перададзены ў Фонд салідарнасці BYSOL.
Варта тут дадаць, што ў прыстойнай колькасці фестываляў у замежжы ёсць свае «нюансы». Па-першае, шмат хто з музыкантаў аддае перавагу ананімнай прысутнасці на падзеі — ананімнасць увогуле становіцца прыкметай часу. Хтосьці ўвогуле адмаўляецца прыязджаць з Беларусі на выступы з-за небяспекі. Па-другое, фестывальныя, але і канцэртныя гісторыі не даюць музыкам устойлівых даходаў. Спрацоўваюць персанальныя стратэгіі артыстаў, развіццё індывідуальных кар’ер у спалучэнні з калабарацыямі — і тое ў дачыненні да асобных імёнаў. То-бок фестывальны рух не з’яўляецца паказчыкам развітай індустрыі, хутчэй тактыкай прасоўвання беларускай музычнай культуры і культуры ўвогуле. Але важна, што беларуская музычная незалежная сцэна дэманструе адкрытасць і шчыра зацікаўлена ў новых праектах. Прыкладам тут можна назваць калабарацыю падляшскага дуэта Niczos x Sw@da з Анастасіяй Рыдлеўскай і беларуска-нямецкай спявачкай KOOB.
Асобнай згадкі варты сёлета перформанс музыкаў «Пятлі прыхільнасці» — выхад цалкам беларускамоўнага альбома гурта — «Суперпазіцыя» — і далейшая яго абарона ды канцэртны тур у яго падтрымку.
Асэнсаванне таго, што беларускі постпанк на прыкладзе гуртоў Molchat Doma і Nürnberg займеў мільённую базу прыхільнікаў — трохі абескуражвае, але і моцна натхняе. Сёлета гэтыя беларускія каманды пасля выпуску іх прыўкрасных альбомаў «Белая паласа» і «Адказ» выправіліся ў грандыёзныя сусветныя туры: ад Еўропы — да Паўночнай Амерыцы і Мексіцы.
Важным жэстам салідарнасці і плёнам творчасці праз межы стала з’яўленне праекта класічнай сучаснай музыкі Arsis Nova. Калектыў больш чым дваццаці музыкантаў пад мастацкім кіраўніцтвам дырыжора Івана Касцяхіна (які быў звольнены з Опернага тэатра Беларусі ў 2022 годзе) сабраўся ў Варшаве на пачатку верасня, каб надаць гучанне чатыром творам двух сучасных беларускіх кампазітараў. У выніку з’явіўся запіс Hidden Place | Secret Life, у якім праз акадэмічную сучасную музыку схопліваецца лімінальны стан, што напаткаў беларусаў па абодва бакі мяжы пасля 2020 года. Наваствораны камерны аркестр беларускіх прафесійных акадэмічных музыкантаў у выгнанні зрабіў немагчымае — стварыў сімфанічную паэму пачуццяў беларусаў у часы роспачы, надзеі і трывання.
Немагчыма абмінуць і яшчэ адзін знакавы праект года — альбом «Пазначыныя жоўтым», запісаны праваабарончым цэнтрам «Вясна» разам з беларускімі музыкамі, паэтамі, акторамі ў падтрымку беларускіх палітвязняў. Гэта плытка асаблівай мэты, але створана яна настолькі прафесійна і самааддана, што мусіць крануць, на нашу думку, самага цынічнага чалавека. У альбоме гучаць галасы палітзняволеных, запісы затрыманняў, судоў, але галоўнае — ён створаны таленавітымі людзьмі з сэрцам, і таму «Пазначаныя жоўтым» ужо ўвайшоў у гісторыю беларускай культуры.
***
Напрыканцы пазначаем топ-3 альбомаў, якія на думку «Культуранага фронту Reforn.news», вяртаючыся да пачатку нашага артыкула, прыўнеслі ў наш свет вызваленне і радасць.
1. Альбом Zara этна-эмбіент праекта Parus
Магія гэтага запісу ў некалькіх рэчах: і ў поліфаніі прыроднай фонасферы — электронны музыкант Антон Анішчанка рабіў палявыя запісы ў беларускай вёсцы, нацыянальных парках і балотах, у дотыкавай эмбіент музыцы творцы, і ў першую чаргу — у пранікнёным спеве Ганны Сілівончык, якая, да слова, збірала беларускія песні ў этнаграфічных экспедыцыях. Тэмбр голаса спявачкі, манера спяваць, маўленне — усе вельмі проста і «без прыўкрасаў», але між тым пранізліва, праўдзіва, глыбока, прыгожа. Музыкі хацелі перадаць у альбоме гукавы «космас» беларускай прасторы, і ў іх гэта атрымалася.
2. Альбом «Белая паласа» постпанк-гурта «Молчат дома»
Гэта ўсё яшчэ постпанк, але і ўжо new wave і сінці-поп. Гэта па вобразнасці той жа касмічны холад, але ўжо з прызямленнямі і палётамі вакол планет. Гэта знаёмы вывераны мінімалізм, але дазвол быць лёгкімі і гуллівымі, здольнымі на прадуманую спантаннасць і складанасць. Беларускаму гурту ўдалося цудоўнае — дадаць большай свабоды, разнастайнасці і энергіі ў сваю музыку, не здрадзіўшы сабе. Гэта безумоўны прарыў у музыку не толькі пост-2020-га, але ў музыку новай эры — дзе віртуальнасць, сусвет і танец — рэчы аднаго парадку.
3. «Суперпазіцыя» гурт «Пятля Прыхільнасці»
«Пятле Прыхільнасці» ў альбоме удалося вельмі тонка перадаць стан беларусаў у 2024 годзе: паміж роспаччу і неабгрунтаванай надзеяй. Гэту «Суперпазіцыю» «паміж болем і віном» музыкі склалі праз восем рознахарактарных кампазіцый, дзе можна сустрэць і пяшчотную «Алоха», і цалкам нечаканую для «Пятлі» электрапесню «Катастрофа», у якой так і спяваецца: «Труна — твой край». Але калі ўспомніць «Штосьці добрае», то не выключаем, што менавіта гэты трэк будзе гучаць за навагоднім сталом у беларусаў па абодва бакі мяжы.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram