Ніка Юрчук (больш вядомая як Niczos) і яе ўжо сталы калаба-бой, круты аранжыроўшчык фонкавага напрамку Sw@da запісалі і зарэлізілі новы трэк, у якім сабралі немагчымае: беларускі купальскі транс, пякучую энергетыку партугальскай мовы, лагоднасць беларускай гаворкі Падляшша, прамянёвы вайб афрыканскага спеву. У фіце, запісаным у рамках праекта «Вытокі. Музычна-візуальныя гісторыі з Падляшша», удзел узяла спявачка Гія (Лузія Авеліна) ангольскага паходжання, вядомая па дуэце «Lua Preta», які базуецца ў польскай Познані. Яшчэ адзін «гасцявы» голас, які гучыць у песні, належыць беларускай спявачцы, мультыінструменталістцы, мастачцы Анастасіі Рыдлеўскай.
«Гукі ночы» — гэта няўрымслівая таямнічая пульсацыя беларускай і афрыканскай прыроды, што прагне візуалізацыі. Таму рэліз падтрыманы маляўнічым відэакліпам.
Sw@da x Niczos – адзін з самых пазнавальных музычных праектаў з Паўночна-Усходняй Польшчы, які спалучае ў сабе несумяшчальныя элементы сучаснай музычнай рэчаіснасці. Нічос з’яўляецца лаўрэатам конкурсу «Новая традыцыя», а Свада быў намінаваны на галоўную музычную прэмію Польшчы — «Фрыдэрык» у катэгорыі «Альбом года — Roots Music».
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram