Belarus Outside Sound System і Фонд салідарнасці BYSOL правядуць у Вільнюсе дабрачынны фестываль у падтрымку беларускіх палітвязняў

22 лістапада ў віленскім клубе LOFTAS музычная супольнасць Belarus Outside Sound System і Фонд салідарнасці BYSOL правядуць сумесны фестываль у рамках міжнароднай эстафеты салідарнасці «Voices Across Borders» – Belarus Outside Sound System X BYSOLidarity Relay. У падтрымку беларускіх палітзняволеных на адной з найлепшых літоўскіх канцэртных пляцовак выступяць постпанк дуэт Super Besse, які набыў сусветную вядомасць, і пачынаючая, але дынамічная гіпна-поп артыстка Anastasia Rydlevskaya, а таксама беларускія дыджэі, добра вядомыя ў Вільнюсе – Stereobeaver, Kornej і Papa Bo Selektah. Патрапіць на мерапрыемства можна будзе за любое ахвяраванне ад 10 еўра.

«Voices Across Borders» – гэта першая спроба знайсці падтрымку ў тым ліку і ў міжнароднай аўдыторыі, – паведамляюць ініцыятары эстафеты Фонд салідарнасці BYSOL. – Мы спадзяемся, што яна будзе паспяховай і стане штогадовай акцыяй салідарнасці з Беларуссю».

Belarus Outside Sound System – рух актыўных і прагрэсіўных прадстаўнікоў беларускай музычнай сцэны, мэта якога – стаць агентамі сацыяльных пераменаў, выкарыстоўваючы музыку як мяккую сілу.

Арганізатары прадстаўляюць зорных удзельнікаў фэсту.

Super Besse добра вядомыя сваім змрочным, меланхалічным, але ў той жа час зачаравальным гучаннем. Іх музыка спалучае ў сабе халодную энергетыку 80-х з сучасным мінімалізмам, што робіць кожны іх канцэрт унікальным і атмасферным. Іх выступленні вядомыя сваёй інтэнсіўнасцю і эмацыйнай глыбінёй, што кожны раз пакідае незабыўнае ўражанне на гледачоў.

Anastasia Rydlevskaya – мастачка і спявачка, якая стварае цэлы сусвет, вытканы з юнгіянскіх, фальклорных і аўтабіяграфічных сімвалаў. Яе карціны ўвасабляюць песні, а музыка гучыць саўндтрэкам да палотнаў. Трэкі Анастасіі – гэта наватарская гіпна-поп электроніка з элементамі фольку, упрыгожаная шматслаёвымі вакальнымі партыямі.

Papa Bo Selektah – адзін з самых папулярных беларускіх дыджэяў, ідэйны натхняльнік Belarus Outside Sound System. У сваіх сэтах ён злучае песні экзатычных плямёнаў, сэмплы акустычных інструментаў са шчыльным электронным грувам, сплятаючы ўсё гэта ў мудрагелісты музычны стракаты аўдыядыван.

Kornej – дыджэй, музычны журналіст, бацька №1 беларускага інтэрнэт-радыё Radio Plato. Яго дыджэйскія інтарэсы ахопліваюць некалькі вымярэнняў: ад пругкага даба да трапічнага рутса, ад бясхмарнага дыска да блокбастарнага хаўса. Але кожны раз гэта расслабленая або танцавальная атмасфера з пытаннем, якое інтрыгуе: what’s next?

Stereobeaver – бацька №2 беларускага інтэрнэт-радыё Radio Plato. Валодаючы цудоўным густам, што б гэта ні было, рутс-даб або бруклінскі хіп-хоп, ён – гуру грува і шчасця на танцпляцы. Адно мы ведаем напэўна: дыджэйскія сэты Stereobeaver прымушаюць вас адчуваць сябе добра.

Сабраныя сродкі ў поўным аб’ёме будуць накіраваны на збор эстафеты салідарнасці «Voices Across Borders», мэта якой – расказаць людзям па ўсім свеце пра палітычны крызіс і парушэнні правоў чалавека ў Беларусі і сабраць сродкі на падтрымку беларускіх палітычных зняволеных.

Падрабязней даведацца пра мерапрыемства можна тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!