«Карабель тоне, а аркестр грае» — 14 жніўня а 19.00 па Мінску адбудзецца анлайн-дыскусія памяці тэатральнага крытыка, педагога, рэжысёра, актора Аляксея Стрэльнікава, які трагічна загінуў у выніку няшчаснага выпадку 17 снежня 2022 года. Сустрэча адбудзецца ў межах ініцыятывы #BIT_talks — цыкла штомесячных анлайн-дыскусій пра беларускі тэатр у яго дынаміцы і разнастайнасці, якія ладзіць Беларускі інстытут тэатра.
Мадэратарам дыскусіі ў межах ініцыятывы выступае Таня Арцімовіч — даследчыца, куратарка, аўтарка манаграфіі «Паміж мадэрнізмам і авангардам. Эксперыментальны тэатр у БССР у перыяд адлігі».
Спікеркамі дыскусіі памяці Аляксея Стрэльнікава стануць:
- Ксенія Князева – тэатразнаўца, кандыдатка мастацтвазнаўства, дацэнтка;
- Наталля Валанцэвіч – тэатразнаўца, PhD, лектарка, блогерка;
- Ганна Комар – паэтка, перакладчыца, пісьменніца;
- Таня Гаўрыльчык – аператарка і дакументалістка.
Смерць Аляксея Стрэльніква ў 2022 годзе моцна ўзрушыла тэатральную і культурную супольнасць. Яго сыход актуалізаваў пытанне пра формы і межы актуальнага тэатра, які вымушаны існаваць ва ўмовах жорсткіх рэпрэсій у Беларусі і ўнутранай і, літаральна, — знешняй — эміграцыі. Назва падзеі «Карабель тоне, а аркестр грае» – цытата з прамовы Аляксея Стрэльнікава падчас адной з сустрэч у 2022 годзе, калі рэжысёр падзяліўся сваім бачаннем сітуацыі ў тэатры і культуры.
— Шчыра кажучы, мяне не пакідае адчуванне, што мы — на «Тытаніку», і пры гэтым, прабачыце, аблічча мастакоў, якія на караблі, які тоне, малююць карціны, каб павесіць іх на сцены, не выходзіць з галавы. Карабель тоне, а аркестр грае. Але зноў-такі, калі трэба маляваць карціны, — малюйце. Калі трэба ратавацца, — ратуйцеся. Я сапраўды, не баюся, што мяне пасадзяць, таму што ў мяне ўжо ёсць рэпертуар для камеры на 20 чалавек, — сказаў ён тады.
Постаць Аляксея Стрэльнікава быццам увасобіла ў сабе не толькі «асаблівую» культурную сітуацыю ў Беларусі, адзначаецца ў анонсе сустрэчы. Дзе заканчваецца Аляксей Стрэльнікаў і пачынаецца Беларускі тэатр? – гэту тэзу абмяркуюць спікеркі падчас дыскусіі.
Belarusian Institute of Theatre (БІТ) – гэта незалежнае беларускае тэатральнае кам’юніці, якое шукае новыя магчымасці ўзаемадзеяння ўнутры супольнасці і падтрымкі звонку для развіцця і захавання беларускага тэатральнага мастацтва, яго значнага гістарычнага патэнцыялу ў бягучым крызісным кантэксце. Мэты інстытуцыі – стварыцць супольнасць, якая захоўвае і прымнажае культурную спадчыну краіны і дапамогаць рэпрэсаваным дзеячам тэатральнага мастацтва.
Зарэгістравацца на дыскусію можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram