Размова з дырэктарам тэлеканала «Белсат» Аляксеем Дзікавіцкім адбылася да таго, як кіраўніцтва польскага тэлебачання прыняло рашэнне аб пазбаўленні беларускага тэлебачання аўтаномнасці і перадачы яго ў падпарадкаванне ствараемага Цэнтру праграм для замежжа, які возьме пад кіраўніцтва ўсе каналы, што вяшчаюць з Польшчы на іншых мовах. Дзікавіцкі не згодны з гэтым рашэннем і будзе дабівацца яго адмены. Таму тэкст інтэрв’ю выходзіць без зменаў.
Даведка: Аляксей Дзікавіцкі – беларускі журналіст, карэспандэнт «Радыё Свабода», аўтар газет «Наша Ніва» і «Народная воля», былы супрацоўнік Беларускага Хельсінкскага Камітэту. З першага дня працуе на беларускім тэлеканале «Белсат» – спачатку як кіраўнік рэдакцыі інфармацыйных праграм, пазней намеснікам дырэктаркі па інфармацыі. У сакавіку 2024 года прызначаны дырэктарам «Белсат». Аўтар дзвюх кніг, якія ён напісаў на палескай мікрамове.
— Вашая праца пачалася на «Пінскдрэве». Што пайшло не так?
— Я скончыў інстытут па спецыяльнасці «міжнародны гандаль». І гэта было хіба адзінае месца ў Пінску, дзе можна было прымяніць гэтыя — на той момант дастаткова сучасныя — веды. Мне было 20 гадоў, і яшчэ да атрымання дыплому я пачаў працаваць у аддзеле знешнеэканамічных сувязяў. Большасць людзей, якія там працавалі, былі настаўнікамі, бо мала хто іншы ў тыя часы ў Пінску валодаў ангельскай мовай. Гэта была цікавая прыемная праца, бо ў першай палове 1990-х шмат заходніх фірм цікавіліся Беларуссю, магчымасцямі для бізнесу, часта прыязджалі патэнцыйныя партнёры з Нямеччыны, Бельгіі.
Пазней я пачаў працаваць у прадстаўніцтве адной з бельгійскіх фірм. У 1995 годзе былі выбары ў Вярхоўны Савет. Я балатаваўся ад партыі «зялёных», бо ад БНФ балатаваўся вядомы пінскі мастак Яўген Шатохін, і ён папрасіў мяне таксама ўдзельнічаць у выбарах, каб стварыць канкурэнцыю і не прапусціць у парламент камуніста, якога падтрымліваў «Пінскдрэў». Ніякай агітацыі я не праводзіў, толькі раздрукаваў і расклеіў улёткі, але набраў 10 ці 12 адсоткаў. Пазней гендырэктар «Пінскдрэва» Ларан Арыніч выклікаў мяне да сябе і моцна аблаяў. Я бараніўся і казаў, што мая грамадская дзейнасць нічога супольнага з маёй працай не мае і ніяк не перашкаджае, а ён казаў: «Дурак ты, Лёша, дурак!!! Калі б ты да мяне прыйшоў і сказаў, што хочаш балатавацца, мы б на цябе скіравалі ўвесь свой адмінрэсурс, і ты выйграў бы ў Пінску і быў бы самым маладым дэпутатам у Вярхоўным Савеце, а не гэтыя камунякі…». З таго часу справы на «Пінскдрэве» сталі не клеіцца, і я адтуль сышоў.
— Які быў Пінск у тыя часы?
— Пінск быў вельмі прагрэсіўным горадам у тым, што тычыцца палітыкі. Мой першы досвед адкрытай палітычнай дзейнасці здарыўся ў 1990-м. Гэта быў дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі, мне было 17 гадоў, і я з дзвюма сваімі аднакласніцамі і аднакласнікам — дарэчы, сімвалічна, што ўсе чатыры чалавекі зараз за мяжой — уначы пазрывалі па горадзе бээсэсэраўскія сцягі, але гэата была не чыста палітычная акцыя ці нейкі вандалізм. Мэта была вельмі практычная: нам была патрэбна чырвоная тканіна. Бо белая ў нас была, а чырвонай — не. Таму зраніцы мая мама прышыла гэтую чырвоную тканіну да прасціны, зрабіўшы бел-чырвона-белы сцяг. Акрамя гэтага, мы зрабілі салідны — метраў на 7 ці 8 — транспарант, які мы стварылі ў піянерскім пакоі нашай школы. Мы напісалі на ім чорнымі літарамі «Вялікі Кастрычнік зрабіў нас рабамі!», з гэтых літар чырвонай фарбай сцякала стылізаваная кроў. Са згорнутымі сцягамі і транспарантам мы прыйшлі на святочны мітынг, камуністы вельмі радасна віталі наc: «Так здорово, что с нами такие молодые юноши и девушки! Проходите вперёд, поближе к трибуне!». І так атрымалася, што калі пачалася дэманстрацыя, мы разгарнулі транспарант акурат насупраць трыбуны. Спачатку ніхто нічога не зразумеў, тым больш, што мы стаялі тварам да трыбуны, і большасць не бачыла, што на транспаранце напісана, а тое, што там нешта не тое напісана, яны пачалі разумець толькі па зменах, якія адбываліся на тварах гарадскіх партыйных босаў, якія былі на трыбуне. Канечне, калі деманстранты-камуністы зарыентаваліся, і рыторыка адразу змянілася: «Сволочи! Пригрели вас, гадюк, на груди!». Пачалі фізічна нас атакаваць, штурхаць, біць. Мы крычалі ў адказ, што права на свабоду выказванняў гарантуецца савецкай Канстытуцыяй… Адразу з’явіліся міліцыянты, якія не ведалі, што рабіць, а мы казалі, што яны абавязаныя нас бараніць. Карацей, сітуацыя была вельмі сур’ёзная — у пэўны момант я сапраўды спалохаўся, што гэтыя камунякі нас зараз натуральна разарвуць на шматкі.
І тут на іншым канцы плошчы таксама з’явіліся бел-чырвона-белыя сцягі. Аказваецца, у Пінску ўжо была дэмакратычная арганізацыя і нават дэмакратычная фракцыя ў гарадскім савеце. Гэта былі ўжо дарослыя людзі, значна старэйшыя за нас… Зараз я ўжо разумею, што гэта таксама былі маладыя людзі гадоў па 30-35, але тады яны нам падаваліся сапраўды дарослымі дзядзькамі… Яны пра нас таксама нічога не ведалі — наша акцыя была проста нашай сяброўскай ініцыятывай — але іх з’яўленне фактычна выратавала нас. Нам неяк удалося да іх прабіцца, пасля чаго стала значна спакайней і бяспечней. Там былі Віктар Ярашук, Яўген Шатоўба — вядомыя пінскія дзеячы. Гэта быў мой першы публічны выступ і першае знаёмства з гэтымі людзьмі.
— Хто для Вас з’яўляецца аўтарытэтам у беларускай палітыцы?
— З аўтарытэтамі цяжка. Калі казаць пра людзей, на якіх я бы хацеў быць падобны, ці мець нейкія іх таленты, то ў розных сферах гэта розныя людзі. З узростам яны таксама змяняюцца. Напрыклад, я не магу не цаніць Зянона Пазняка. Я памятаю, як будучы студэнтам хадзіў на мітынгі на плошчы Незалежнасці, і калі Пазняк выходзіў і пачынаў гаварыць, ён мяне проста нібы гіпнатызаваў. Я быў маладым хлопцам з СДУГ (сіндром дэфіцыту ўвагі з гіперактыўнасцю — заўв. Reform.news), якому ўвесь час хацелася кудысьці бегчы, а калі прамаўляў Пазняк, я мог гадзіну ці паўтары стаяць і проста слухаць, нібы я быў у нейкім трансе. Заўсёды сярод маіх аўтарытэтаў быў і будзе мой зямляк Віктар Ярашук. У пінскай суполцы БНФ было 300 чалавек. А калі стваралася пінская сацыял-дэмакратычная арганізацыя, я ў яе ўступіў не таму, што быў сацыядэмакратычнах перакананняў, але таму, што там быў Віктар Ярашук.
Гэта чалавек вялікага аўтарытэту, абсалютна нязломнага характару, але адначасова і вялікага пачуцця гумару, чалавек абсалютна не закамянелы. Аднойчы, у другой палове ці ўжо ў канцы 1990-х, мы з ім пайшлі ў фірмовую краму пінскага мясакамбіната на вуліцы Леніна, каб набыць каўбасы на закуску — у кагосьці быў дзень народзінаў. Там стаялі дзве чаргі ў две касы: адна — здаравенная — ажно на вуліцу выходзіць, а ў другой нікога не было. Справа ў тым, што у даўгой чарзе людзі стаялі, каб набыць крывянку, а мы падышлі да другой, каб узяць добрай вэнджанай каўбасы, кавалак балычка, яшчэ нейкіх прысмакаў. І тут мы заўважылі, што людзі ў даўгой чарзе глядзяць спачатку адно на аднаго, а потым усе разам глядзяць на нас — з нянавісцю. Усталявалася літаральна звонкая цішыня, і гэтая нянавісць ажно вісела ў паветры. А я вазьмі ды і ляпні: «Как думаешь, сколько кровяной колбасы отпускают в одни руки?». Ён імгненна зарыентаваўся і зрабіў яшчэ горш: «А видишь, напротив станция переливания крови? Идёшь туда кровь сдавать, потом справку приносишь — сколько сдал, столько и кровянки дают». Чарга проста зашыпела ад нянавісці, а мы схапілі свае каўбасы і хуценька, пакуль нас не парвалі на шматкі, сышлі, голасна нахвальваючы прэзідэнта… Такі спантанны перформанс атрымаўся.
— Вы дастаткова глыбока цікавіцеся рок-музыкай. Распавядзіце, як так атрымалася, і якую ролю яна адыгрывае ў вашым жыцці.
— Для мяне гэта сапраўды вялікая частка жыцця. Без яе я пачуваюся вельмі дрэнна. Толькі адзін раз у жыцці я некалькі дзён прабыў без музыкі. Гэта быў прыкладна 1997 год. Я тады выкладаў міжнародны гандаль у пінскай філіі адной камерцыйнай ВНУ, але зраніцы быў пікет з бел-чырвона-белымі сцягамі. Мяне і яшчэ адну жанчыну затрымалі, потым яе вызвалілі, а мяне адвезлі ў суд. Суддзі тады яшчэ не ведалі, што рабіць у такіх выпадках, тым больш, што я быў у строі, добрых туфлях — бо пасля пікета павінен быў чытаць лекцыю. Мне казалі: «Может, вы просто заплатите минимальный штраф и идите домой?». Але я яшчэ вельмі малады быў, і з уласцівым максімалізмам, таму з гонарам заявіў: «Я ў ваш бюджэт крывавага рэжыму ні капейкі не дам!». Тады мне далі пяць сутак у нашым пінскім падвале. Дарэчы, гэта гістарычнае месца, там фашысты падчас Другой сусветнай выйны катавалі людзей, у тым ліку байцоў Арміі Краёвай, і быў эпізод, калі яны захапілі гэты ізалятар і вызвалілі сваіх паплечнікаў.
Умовы там былі, канечне, жахлівыя. У камеры на 8 чалавек нас было 29. Людзі сядзяць у гэтым падвале, раз у суткі на 5 ці 10 хвілін выводзяць у прыбіральню ўсю камеру. Пра нейкія прагулкі казаць няма чаго. Харчаванне — прыносілі вядро нейкага супа, проста з якога трэба было чарпаць. Але я, канечне ж, абвесціў галадоўку. Пінскі падвал яшчэ адрозніваўся тым, што туды ніколі перадачы не прапускалі, у адрозненне ад Мінска і іншых гарадоў. Але Віктар Ярашук, спачылы Алег Гулак і яшчэ некалькі чалавек прыйшлі ў міліцыю і сказалі, што я абвесціў галадоўку, і што калі мне не перададуць ваду, вітаміны і газеты, то сюды прыедуць BBC, CNN і іншыя сусветныя сродкі масавай інфармацыі, і ўвесь свет пабачыць, што адбываецца ў пінскім ізалятары.
Зразумела, што ніхто б да нас у Пінск не паехаў, але міліцыянты перапалохаліся і перадалі мне ўсё. Гэта, канечне, страшэнна падвысіла мой аўтарытэт сярод сукамернікаў. Заходзіць нейкі маёр ці нават падпалкоўнік і кажа: «Дикавицкий, вот вам товарищи передали газеты, вот вода. Вот витамины. Они, правда, были в стеклянной банке, но мы их пересыпали в пакетик». Усталявалася маўчанне, і толькі з глыбіні камеры да мне падышоў хлапец, якому было 32 гады, і з іх палову ён правёў за кратамі, і кажа: «Б.я, да кто ты такой?! Кто ты такой, что мусора тебе воду носят?!». Вось тыя пяць сутак — самы даўгі перапынык без музыкі. На рок мяне падсадзіў старэйшы брат яшчэ ў школе. І гэта стала любоўю на ўсё жыццё. Вельмі забаўляе, калі мне нехта кажа: «Табе ўжо за 50, а ты ўсё метал слухаеш…». Быццам бы ў пэўным узросце трэба заканчваць слухаць метал, і трэба пераключацца на якую-небудзь Ларысу Доліну. У меня няма нейкай любімай групы, гэтая музыка нязменна дапамагае мне ў розныя перыяды жыцця.
Ёсць творы, якія я слухаю, калі мне сапраўды цяжка, а ёсць тыя, з якімі я хачу раздзяліць больш вясёлыя моманты, у мяне ёсць свае рытуалы, звязаныя з праслухоўваннем музыкі… Калі казаць пра канкрэтныя імёны, то гэта, напэўна, усё, што звязанае з Роні Джэймсам Дыо — Rainbow, Black Sabbath, гэта Dio, гэта яго сольная кар’ера. Напэўна, гэта Deep Purple, прычым, усіх часоў і ва ўсіх складах: і з Йенам Гіланам, і з Дэвідам Ковердэйлам, і зараз з усімі новымі гітарыстамі — гэта проста выбітная музыка. Гэта Pink Floyd — асабліва Wish You Were Here — гэта я слухаю пастаянна. Гэтага так шмат, што я магу вельмі доўга распавядаць, але пачаў я слухаць цяжкую музыку з Nazareth, бо брат быў фанам гэтай групы.
— Як яшчэ сям’я на вас паўплывала?
— Канечне, гэта быў вялікі ўплыў. Мабыць, пачну ад дзеда па бацькоўскай лініі. Вы пыталіся пра аўтарытэтаў, але так не бывае, каб чалавек быў аўтарытэтам у ва ўсім і назаўсёды, бо чалавек развіваецца ўсё жыццё, спадзяюся, і я развіваюся, але мой дзед Аляксей заўсёды застанецца для мяне аўтарытэтам. Ён нарадзіўся ў 1903 годзе пад Пінскам у старым шляхецкім родзе. Пазней ён быў вязнем сталінскіх лагераў, выжыў цудам. Яго паважалі ўсе. Калі ён вярнуўся з лагераў — 58-мы артыкул нібы за тое, што ён быў польскім шпіёнам — гэта была чорная метка на ўсё жыццё, але аўтарытэт быў такі, што яго ўсё роўна настойліва запрашалі ў калгас на пасаду старшыні, на што ён, зрэшты, ніколі так і не пагадзіўся, і сам ніколі не ўступіў, хаця адбіцца ад калгаса было вельмі цяжка.
Яго хата стаяла на пясчанай глебе, і каб там хоць нешта вырасла, трэба было вельмі добра ведаць пра гаспадарку і шмат працаваць. Не ведаю, як ён гэта зрабіў, але свайму сыну — майму бацьку, і дачцэ — маёй цётцы — ён набыў дамы ў цэнтры Пінска. Ён гадаваў коней. Пачаў ён гэта яшчэ да вайны, працягваў усё жыццё. На жаль, я быў занадта малады і дурны, каб больш яго распытаць, але ведала яго ўсё Палессе. Калісьці я быў яшчэ маладым студэнтам, стаяў у чарзе на вакзале ў Брэсце, праз які ехаў з Пінска ў Мінск, разгаварыўся з адным дзядзькам. Ён, даведаўшыся маё прозвішча, сказаў, што для яго вялікі гонар сустрэць унука гэтага выбітнага чалавека. Дагэтуль памятаю, як у мяне дрыжыкі па скуры пабеглі ад таго, што я зразумеў, якую павагу меў чалавек, у якога я калісьці на каленях сядзеў.
Калі дзед быў ужо зусім стары — гадоў 85 — ён вырашыў пабудаваць вялізны хлеў. А гэта была другая палова 1980-х, калі ўжо незразумела было, што будзе далей, усе ўцякалі з вёскі ў горад і казалі: «Нахалеры табе гэты хлеў?!». Але ён казаў: «Мае грошы, хачу і будую, а вы сюды яшчэ вернецеся». Усе круцілі пальцам ля скроні, але ён сапраўды пабудаваў вялізны хлеў памерам з вялікую хату. Дзед памёр, хлеў застаўся. А праз пару гадоў пачалася гіперінфляцыя, дэфіцыт, тавараў не хапала, і людзі сапраўды пачалі ратавацца тым, што вырошчвалі на агародах, ці тым, што атрымлівалі ад сваякоў з вёсак. Ну і мы таксама адчынілі ржавым ключом гэты хлеў, а там уся гаспадарская зброя, бораны, косы, плугі — усё змазанае, у ідэальным стане, стаяць агромныя трохсотлітровыя нямецкія бочкі: бочка мукі, бочка цукру, бочка солі, вялікі запас прасоленага сена… Усё падрыхтаванае на цяжкія часы. Дзед неяк гэта ўсё прадчуваў і пралічыў.
Яшчэ калі я да яго прыехаў перад самай смерцю, і дзед кажа па-палеску: «Ходымо сюды». Дастаў знекуды вялізарны слоік з іржавай крышкай, а ў гэтым слоіку вялікія пачкі банкнотаў часоў усіх акупантаў, і аддае гэта мне. А там салідныя сумы: рублёў трыста царскіх рублёў, рэйхсмаркі, польскія злотыя, дарэформенныя савецкія рублі… І ён мне кажа: «Усё жыццё гэты слоік трымаў і дакладаў. Вазьмі. Калі нехта з іх, не дай Божа, вернецца, то на першы час табе хопіць, а потым працу знойдзеш». Чалавеку пад 90 гадоў было, а ён такія рэчы прадбачыў…
Мой бацька, як і шмат хто ў 1960-я — 1970-я гады, ездзіў на заробкі на Урал. Там ён сустрэў жанчыну, якая была адна з трыма дзецьмі, бо яе муж загінуў. Ён вярнуўся, папрасіў блаславення ў бацькоў, бо інакш нельга было, развёўся, бо быў жанаты, і перавёз гэтую жанчыну і яе дзяцей у Пінск. Канечне, ён не сустрэў паразумення ў асяроддзі, бо для кансерватыўнай Заходняй Беларусі гэта было сапраўды нейкім дзівам. Але бацька так зрабіў, дзед гэта прыняў, і ў выніку я з’явіўся.
— Вы ўзначалілі «Белсат» пасля вельмі аўтарытэтнай дырэктаркі. Гэта дапамагае ці стварае дадатковыя вымогі?
— Я ніколі не імкнуўся быць дырэктарам «Белсата», бо мне вельмі камфортна працавалася ў сітуацыі, калі Агнешка Рамашэўска-Гузы займалася палітыкамі, міністэрствамі, пошукамі фінансавання, а я быў спачатку шэфам аддзела інфармацыі, потым намеснікам па інфармацыі. Я мог увесь свой час прысвячаць менавіта развіццю інфармацыйнай часткі. І шмат чаго атрымалася за гэтыя гады.
Вельмі прыемна прымаць павышэнне, калі ў фірме ўсё добра: калі ёсць стабільнае фінансаванне і нічога не пагражае. Але зараз сітуацыя супрацьлеглая. Але выхаду не было, бо калі б я не пагадзіўся, магло атрымацца так, што быў бы прызначаны чалавек, ніяк не звязаны з «Белсатам». Я не ацэньваю кампетэнцыі магчымых кандыдатаў, але аб’ектыўная рэальнасць такая, што любому, хто глыбока не знаёмы з «Белсатам», спатрэбілася б шмат часу, каб зразумець усю спецыфіку нашай працы. Гэта не звычайнае тэлебачанне, якое можна параўнаць з тым жа TVP. Гэта цэнтр, вакол якога працуе шмат творцаў. У нашым калектыве 17 палітвязняў, ёсць пытанні, якія мы ўвогуле не можам раскрываць з прычынаў бяспекі… Нават калі чалавек сабаку з’еў у тэлевізіі — нічога падобнага ні ў адным канале няма. Нідзе няма такога аб’ёму працы па тым, каб рабіць калегам дазволы на працу, дапамагаць з легалізацыяй, працаваць над тым, каб на палітычным узроўні рашэнні адносна «Белсату» прымаліся правільныя — так не заўсёды бывае, але на гэта можна ўплываць і нават часам адкручваць назад, калі прымаюцца няправільныя. У нас няма часу на тое, каб нехта звонку пачаў ва ўсім гэтым разбірацца.
— Хадзілі самыя розныя чуткі пра тое, хто можа стаць новым кіраўніком «Белсату», можаце назваць імёны кандыдатаў, якія разглядаліся, апісаць механізм і логіку, чаму тыя ці іншыя кандыдаты з’яўляліся?
— Я не хачу называць імёны і ацэньваць кампетэнцыі іншых кандыдатаў, магчыма, некаторыя з іх і справіліся б лепш за мяне. Я не асабліва імкнуўся на гэтую пасаду, але для меня было важна, каб кіраўніком «Белсату» быў грамадзянін Беларусі, я разумеў, што любы новы кіраўнік, хто б ім не стаў, будзе вельмі абмежаваны ў часе хаця б па той прычыне, што адно з прынятых палітычных рашэнняў тычылася скарачэння фінансавання.
Я баяўся, што той, хто прыйдзе, прыме лагічнае на першы погляд рашэнне проста механічна ўсё скараціць напалову, раз стала менш грошай. Я так ніколі не зраблю, нават калі гэта будзе пагражаць маёй пазіцыі. Таму што кадры — гэта самае цэннае, што ў нас ёсць. Нехта звонку можа не разумець, чаго нам каштуе навучыць людзей працаваць на тэлебачанні, чаго нам каштавала эвакуяваць з Беларусі больш за 100 чалавек…
— Былая кіраўнічка «Белсату» Агнешка Рамашэўска-Гузы казала ў інтэрв’ю Reform.news, што «Белсат» — гэта інструмент польскай «мяккай сілы». А я памятаю вашае выказванне аб тым, што дзень, калі нехта з Польшчы паспрабуе дыктаваць інфармацыйную палітыку, гэта будзе апошні дзень вашай працы тут. Ці няма тут супярэчнасцяў?
— Не, тут няма ніякіх супярэчнасцяў. Існуюць розныя спосабы дапамогі. Можна прыйсці да суседа, пагрукацца ў дзверы і сказаць: «Я класны! Я проста супер! Проста, каб ты ведаў — я вельмі класны і круты!». А можна, калі ў суседа здараецца бяда — проста дапамагчы. І гэта таксама элемент знешняй палітыкі. Беларусы добра ведаюць, колькі гадоў палякі падтрымліваюць «Белсат». А гэта ж не толькі інфармацыя: культура, канцэрты, дакументальнае кіно і гэтак далей. І гэта ж і ёсць уплыў — гэта «мяккая сіла». Не ў тым сэнсе, што мы кажам вам, што казаць, як жыць, што думаць пра сваю гісторыю і культуру… Вось вам сродкі, а вы рабіце, як лепей для вашага народа, мы вам давяраем, не глядзім на вас згары і не робім выгляд, што ведаем, як для вас лепей. Па-мойму, тут няма супярэчнасцяў. Гэта можна назваць сапраўды братэрскай дапамогай. Бо калі б нехта даў грошы, каб мы хвалілі Польшчу ці Нямеччыну — гэта было б вельмі сур’ёзнай недаацэнкай гледачоў. Нельга думаць, што яны дурныя людзі. Чалавек адразу разумее, калі глядзіць прапаганду.
— Вы кажаце, што «Белсат» — не толькі інфармацыя і тэлебачанне. Чым вы больш за ўсё ганарыцеся?
— Тое, што я часта тлумачу палякам ці іншым заходнім калегам, што прапаганда і дэзінфармацыя, якія квітнеюць у Беларусі і Расіі, ахопліваюць не толькі навіны. Таму трэба проста даваць нармальную праўдзівую інфармацыю, і гэта ўраўнаважыць усё. Не. Прапаганда нішчыць усё. Яна нішчыць гісторыю, бо скажэнне адбываецца не толькі ў навінах, але і ў гістарычных праграмах. Яны мэтанакіравана нішчаць мову. Калі глядзець выпуск навінаў па дзяржтэлебачанні, то ўсе важныя навіны пра палітыку, гаспадарку, міжнародныя справы будуць па-расійску, а недзе на сёмым месцы будзе навіна па-беларуску пра нейкі фэст у вёсцы пад Баранавічамі.
Гэта робіцца адмыслова — не каб надаць статус беларускай мове і прадэманстраваць яе прысутнасць — наадварот, прадэманстраваць, што пра важныя палітычныя падзеі, пра навіны навукі на беларускай мове нельга распавядаць, а можна толькі пра нейкі местачковы фальклор. І гэта адбываецца з усіх бакоў. Таму, канечне, без інфармацыі і публіцыстыкі існаванне «Белсату» не мела бы сэнсу, але акрамя таго вялізнай місіяй «Белсату» з’яўляецца тое, што мы робім праграмы, прысвечаныя гісторыі — «Інтэрмарыум» ці «Вусы Скарыны».
Калі была такая магчымасць, мы здымалі шмат дакументальнага кіно — па 10 фільмаў у год. Гэта важна. Таму што дакументальнае кіно — гэта тое, што фіксуе момант, тое, што застанецца. А Беларусь — адна з найменш абздыманых краінаў. Мы робім праграмы пра мову. Гэта рэмэйк «Народнага альбому — 20 гадоў пасля». Калі б я ў сваім жыцці толькi гэта зрабіў — я ўжо быў бы задаволены. Бо яго ўдалося не толькі ў Беластоку паказаць, але і ў Мінску нейкім цудам. Удалося перапісаць у добрай якасці і зрабіць абалдзенную сцэнаграфію жывога канцэрта, які застанецца ў скарбонцы беларускай культуры. Вакол «Белсату» заўсёды канцэнтраваліся творцы, якія не патрэбныя ў Беларусі, якіх выкідае рэжым. У гэтым таксама місійнасць — даваць гэтым людзям магчымасць працаваць.
— Што будзе з рускамоўным праектам «Вот так» у свеце абвешчанай рэструктурызацыі? Ці ёсць у «Белсату» амбіцыя ўплываць на рускамоўную прастору?
— Калі з’явіўся «Вот так», мяне абвяшчалі ледзь не галоўным русіфікатарам «Белсату». Але гэта было звязанае не з тым, што я ці нехта іншы хацеў перавесці «Белсат» на расійскую. Справа ў тым, што калі здарылася гісторыя са збіццём малазійскага «Боінга» з пераважна галандскімі пасажырамі і ўсе фэйкі, якія паліліся з расійскага боку, было шмат размоваў пра тое, што Нідэрланды выдзеляць грант на стварэнне расійскамоўнага тэлебачання. У нас нават адбылося некалькі сустрэчаў з прадстаўнікамі гэтай краіны.
Былі такія размовы і ў іншых краінах, але нічога з гэтага канкрэтнага не выйшла, і ўвесь варушняк не завяршыўся нічым, акрамя таго, што амерыканцы зрабілі «Настоящее время». І мы вырашылі зрабіць невялікую рускамоўную рэдакцыю як задзел на будучыню, каб калі Еўропа абудзіцца і пачне сур’ёзна разглядаць пагрозу ў расійскай прапагандзе, ужо быў нейкі падмурак для гэтага, каб не пачынаць з нуля. Я тады ведаў, што гэта трэба рабіць, а з гадамі толькі яшчэ больш пераканаўся, што Еўразвяз мусіць мець тэлебачанне па-расійску. Бо мы бачым, як Расія ўкладвае мільярды і мільярды даляраў у прапаганду, а што мы маем, каб ёй супрацьстаяць?
Дэ-факта, калі казаць пра нейкія дзяржаўныя структуры, то гэта амерыканскае «Настоящее время», нямецкае Deutche Welle, і мы маем дзве гадзіны ў дзень па-расійску — раніцай і вечарам. Адкуль узяліся гэтыя дзве гадзіны? Раніцай 24 лютага 2022 года мы прыйшлі на працу і не ведалі, што рабіць. Мы разумелі, што трэба выходзіць у эфір. Але на якой мове? Мы разумелі, што трэба выходзіць па-расійску, бо мы бачылі, што ва Украіне нішчаць інфраструктуру, і мы не ведалі, ці ўвогуле будзе працаваць украінскае тэлебачанне, а мы перадаемся праз спадарожнік, таму было прынятае рашэнне працаваць на дзвюх мовах.
Да таго ж, нашыя рэдакцыйныя магчымасці былі арганізаваныя так, што ў жывым эфіры мы маглі працаваць толькі дзве з паловай гадзіны, таму мы аб’ядналі высілкі беларускай і расійскамоўнай рэдакцый і пачалі вяшчаць па 16 гадзін запар на дзвюх мовах. Аказалася, што гэта мела шалёны поспех. Пасля гэтага мы вырашылі захаваць дзве гадзіны расійскай мовы ў эфіры.
Я не бачу ў гэтым праблемы, бо давайце не будзем прыкідвацца — у Беларусі кожны разумее расійскую мову. Асабіста я за тое, каб эфір «Белсату» быў на 100% беларускамоўны, але ў мяне рука не паднімецца скасаваць расійскамоўнае вяшчанне з улікам тых дасягненняў, што мы маем, калі мы фактычна ўваходзім у тройку лідараў расійскамоўнага вяшчання. Таму план такі, каб выдзеліць расійскамоўную частку «Белсату» ў асобнае рускамоўнае тэлебачанне. Польшча мае сілы і магчымасці, каб пралабіраваць гэта на ўзроўні Еўрапейскага звяза. Бо тое, што праз два з паловай гады пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну ЕЗ не мае свайго рускамоўнага вяшчання — я лічу злачынствам. Яшчэ да 24 лютага даныя «Левада-цэнтра» паказвалі, што 70% расіян веды пра краіну і свет чэрпаюць выключна з тэлебачання. Так, яны маюць доступ да Інтэрнэту, але вераць яны тэлевізару, чаму ж няма еўрапейскага вяшчання па-расійску? Таму я ўсё раблю для таго, каб пераканаць еўрапейцаў у неабходнасці стварэння такога канала на базе «Вот так». Бо мы на трох нашых рускамоўных каналах маем амаль два мільёны падпісчыкаў, з якіх 65% — гэта расійскія IP.
— А як будзе «Белсат» дэманстраваць ахопы без «Вот так»?
— Калі засяродзіцца на Youtube, то на галоўным канале «Вот так» 1,4 мільёна падпісчыкаў. Гэта шмат, але трэба прымаць пад увагу тое, колькі ў свеце рускамоўных людзей. На галоўным жа, падкрэслю, навінавым канале Belsat News — амаль паўмільёны падпісчыкаў. Гэта толькі ў тры разы менш. То-бок, калі ўзяць колькасць беларусаў у, скажам так, рэпрадуктыўным узросце, то гэта больш, чым кожны дзясяты. І гэта — людзі, якія падпісаныя, нягледзячы на тое, што за гэта можна пайсці ў турму. І гэта толькі Youtube, не кажучы пра сацсеткі. Таму я не лічу, што гэта маленькія ахопы. Але на «Вот так» яны заўсёды будуць большыя, проста таму, што рускамоўных людзей у свеце ў дзясяткі разоў больш.
— Гэта планы, але пакуль вядома, што на сённяшні дзень у «Белсату» недахоп фінансавання на гэты год. Калі давядзецца рэзаць, што вы будзеце рэзаць?
— Мы ўжо знялі некалькі праграм з вяшчання, частку праграм сталі рабіць танней, мы аднавілі супрацу з Deutche Welle, бо яны дазваляюць браць у іх якасныя праграмы, прысвечаныя розным тэмам: гэта можа быць hi-tech, навінкі аўто, навуковыя адкрыцці… здымаць такое дорага, таму мы скарыстаемся гэтай магчымасцю і будзем даваць гэты матэрыял па-беларуску. Рэзаць занадта няма чаго. Бо калі паглядзець на бюджэт, то для таго, каб нам больш-менш існаваць — гэта 63 мільёны злотых. Можа падавацца, што гэта шмат, але тэлебачанне патрабуе шмат выдаткаў. Сталыя выдаткі, якія будуць так ці інакш — гэта прыкладна 20 мільёнаў злотых ў год: гэта арэнда студыі, адміністратыўныя выдаткі, інфраструктура, на якой працуе тэлебачанне, і гэтак далей.
Гэта нельга абрэзаць. Шмат каштуе навінавае вяшчанне. Але окей, давайце пакінем сталыя выдаткі і навінавае вяшчанне. Але што тады адрэжам? Ведаеце, гэта падаецца вялікай сумай, але калі я камусьці на Захадзе кажу, што мы робім тэлебачанне за 14 мільёнаў еўра у год, мне ніхто не верыць, бо для тэлебачання гэта смешныя грошы. У нас няма высокіх заробкаў, у нас няма дарагіх праграм, але калі ты называешся тэлебачаннем, гэта патрабуе пэўных стандартаў. Не можа наш вядоўца сядзець у швэдрыку на канапе. Бо мы не блогеры, гэта тэлебачанне. Таму калі трэба будзе нешта катастрафічна рэзаць, то няхай гэта будзе нехта другі. Без мяне.
— Нядаўна прадстаўнік адной з донарскіх арганізацый спытаўся маю думку наконт таго, ці трэба ратаваць «Белсат». І скажу шчыра, гэта аказалася нечакана складаным пытаннем для мяне. Бо нічога іншага як «Канечне, трэба!» не мог сказаць, бо «Белсат», магчыма, самае важнае, што ёсць у беларускай прасторы. Але тэлебачанне — гэта сапраўды дорага, і бюджэт «Белсату» параўнальны з тым, што атрымліваюць усе беларускія медыя, разам узятыя. Я ўжо ведаю некалькі выпадкаў, калі донары адмаўлялі медыям у падтрымцы па прычыне таго, што змянілася сітуацыя з «Белсатам». Ці не атрымаецца так, што «Белсат» будуць ратаваць за кошт іншых медыя?
— Значная частка маёй місіі заключаецца ў тым, каб пераканаць донараў і іншых партнёраў у тым, што нельга махаць рукой на Беларусь. Бо сапраўды шмат медыяў сутыкаюцца з праблемамі. Праца ў эміграцыі — гэта складана, гэта дорага, ёсць цяжкасці з пошукам інфармацыі, з доступам да чытачоў і гледачоў, страта рэкламных даходаў, людзям трэба выжываць, шмат хто сыходзіць з прафесіі… Але трэба разумець, што калі ў Беларусі пачнуцца перамены, то ніякія пазітыўныя перамены без медыяў не адбудуцца. Хто б ні прыйшоў да ўлады. Нават калі гэта будзе Ціханоўская ці іншы чалавек, нават калі гэта будзе чалавек з самымі чыстымі намерамі і сэрцам палымянага патрыёта, але без свабодных медыяў гэтыя перамены не пойдуць у правільным кірунку.
Я перакананы ў гэтым. У Беларусі незалежнай журналістыкі няма. Гэта значыць, што калі будуць перамены, журналісты павінны будуць вярнуцца з-за мяжы. Але хто вернецца, калі людзі дзеля таго, каб выжыць, памяняюць прафесію? Трэба думаць далей, трэба думаць пра дэмакратызацыю, якая без тых людзей, якія зараз у эміграцыі, не будзе магчымая. «Белсат» дзякуючы палякам і Польшчы выхаваў вельмі прафесійныя і якасныя кадры для тэлебачання. Гадоў пяць назад я б яшчэ гэтага не сказаў, а зараз я магу так сказаць. Людзі, якія працуюць тут, выхаваныя ў нармальным незалежным тэлебачанні без цэнзуры, без ціску. Яны здольныя прынесці гэта ў беларускае дзяржаўнае тэлебачанне і ўзначаліць там усе пазіцыі. У Беларусі людзі менш давяраюць тэлевізару, чым у Расіі, але ўсё роўна — гэта важны дзяржаватворчы інструмент. Калі тыя, хто там зараз працуе, перахрысцяцца і вырашаць, што зараз трэба хваліць прэм’ера Лябедзьку ці міністра Вячорку і лаяць ранейшыя ўлады? Ці мы хочам, каб так было? Я лічу, што «Белсат» варта захаваць і падтрымліваць хаця б для гэтых кадраў, не кажучы ўжо пра місійную дзейнасць і інфармацыйную. Бо гэтыя кадры ў Новай Беларусі будуць не тое што прыдатныя — яны будуць неабходныя. Дзе ўзяць людзей, якія здольныя адказваць за навіны, за публіцыстыку, за эканамічныя праграмы — а яны тут усе ёсць. Тое самае тычыцца ўсіх іншых медыя. Захаваць кадры — нашая першая супольная звышзадача.
— Распавядзіце смешную гісторыю з працы «Белсату».
— Смешных гісторый шмат. Але, каб нікога з калегаў не здаць і не падставіць, я пра сябе раскажу. Аднойчы прыходжу я на планёрку, якія ў нас праходзяць штодзённа. А там сярод іншых супрацоўнікаў і супрацоўніц сядзяць дзве Вольгі Старасціных. Я кажу: «Вольга, а чаму ты не казала, што ў цябе сястра-блізняшка ёсць?! Ты ж класная вядоўца, і сястру падвучым. Гэта ж такі патэнцыял!!! Падыходзьце да мяне пасля планёркі разам, паразмаўляем». Вось, планёрка заканчваецца, і я нешта дзіўнае заўважаю: яны абсалютна сінхронна разам устаюць, сінхронна рухаюцца, падыходзяць да мяне і пачынаюць абсалютна сінхронна адначасова нешта гаварыць. Я думаю: «Не, так не атрымаецца, дваіх іх у кадр не паставіш, трэба нешта іншае прыдумаць». І ў гэты момант я прачнуўся… Тады падумаў, што праца, гэта, канечне, прыярытэт, але трэба і даваць мазгам адпачыць часам. Заўважыў, што найлепш адпачываю, калі пераключаюся на пісанне.
— Калі загаварылі пра пісанне, распавядзіце, калі чакаць трэцюю кнігу.
— Планаваў я яе проста зараз пісаць, але здарылася гэтая сітуацыя з «Белсатам» і, зразумела, зараз няма ні часу, ні сіл, каб засяродзіцца. Але матэрыялу ўжо сабраў дастаткова.
— Яна знову будзе па-палеску?
— Так, вядома. Чым быць сто дваццаць пятым аўтарам, які піша па-беларуску, я лепш буду першым, хто піша па-палеску. Гэта вельмі камфортна, бо я магу памыляцца даволі. Калі мне нехта ўказвае на нейкую памылку ў тэксце, я заўсёды магу сказаць: не, гэта ў нас так гавораць. Карэктараў жа па палескай мове няма… Ну, гэта жарцікі, а калі сур’ёзна, то трэцюю сваю кнігу я хачу напісаць таксама па-палеску, але ўкраінскім алфавітам. Бо я са здзіўленнем даведаўся, што шмат хто мяне чытае ва Украіне — Луцк, Зарічче, Рівно… Гэта будзе мая даніна маім чытачам, якія жывуць па той бок мяжы. Акрамя таго, ужо ёсць дамовы пра тое, што новая кніга будзе перакладзена на польскую мову. Гэта свайго роду падзяка маім польскім сябрам, якія адпачатку падтрымлівалі маю літаратурную ініцыятыву, прыходзілі на прэзентацыі, але мала што разумелі, і нават кнігі прачытаць не мелі магчымасці.
— Як вы бачыце «Белсат» і ўвогуле беларускую журналістыку праз 20 год?
— Не ведаю, ці застанецца яшчэ тэлебачанне праз 20 год, але я хачу і ўсё зраблю для таго, каб беларуская журналістыка захавала той патэнцыял, які яна мае. Калі я чую пра сыход чарговых калег ці каляжанак — як з «Белсату», так і з іншых медыяў — у нейкія іншыя сферы дзейнасці, то па-чалавечы я за яго ці за яе вельмі радуюся, асабліва калі чалавек пачынае нейкую сваю справу ці адчыняе кавярню, аб чым заўсёды марыў, і ў яго атрымліваецца. Бо я, напэўна, ведаю, што стрэсу там будзе менш, чым у нас, і хутчэй за ўсё гэты чалавек будзе шчаслівейшы. Але з іншага боку, мне ад гэтага горка і вельмі шкада. Вы паглядзіце навокал: беларускаму журналісту асабліва няма адкуль узяцца. Калі да нас прыходзіць малады чалавек ці дзяўчына 21-22 гадоў: добра размаўляе па-беларуску, хоча працаваць у незалежных медыях, я гэтага ніколі не кажу, але голас у галаве пытаецца: «Вось адкуль ты ўзяўся?».
У тым сэнсе, што я вельмі добра разумею, адкуль я ўзяўся і чаму тут апынуўся. Гэта былі Перабудова, Адраджэнне, хваля аптымізму, вялікая надзея… Была вось такая хваля, дзе мы атрымалі пэўную зараджанасць. А вось яны адкуль бяруцца? І кожны раз я дзякую Богу за тое, што яны аднекуль бяруцца. Канечне, іх яшчэ трэба вучыць, гэта не банальная задача, бо няма ж школы беларускай журналістыкі. І вось я хачу, каб гэты патэнцыял захаваўся, і такія людзі далей знекуль браліся і хацелі працаваць у незалежных медыях. А яшчэ я не буду крывіць душой, я ведаю, што шмат з тых, хто з’ехаў, ужо ніколі не вернуцца ў Беларусь ні ў якіх абставінах — з розных прычынаў. Але я хачу яшчэ на сваім жыцці пабачыць, каб тыя, хто захочуць вярнуцца — мелі ўсе магчымасці і ўсе неабходныя навыкі, каб стварыць сапраўднае тэлебачанне ў Беларусі. Няхай яно будзе дзяржаўным ці камерцыйным — неважна. Але каб гэта было беларускае тэлебачанне, патрэбнае сваёй Радзіме.
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: