Прэзентацыя новага выдання незалежнай ініцыятывы VEHA, якая працуе над захаваннем візуальнай гісторыі Беларусі, адбудзецца 15 кастрычніка ў Варшаве ў галерэі FAF (Fundacja Archeologia Fotografii).
Гаворка ідзе пра новую кнігу, якая складаецца са 133 здымкаў з сямейных архіваў і культурных інстытуцый Беларусі і Польшчы — «Людзі Лесу». Гэта ўжо чацвёрты праект VEHA — пасля нашумелых кніг-альбомаў «Найлепшы бок», «Дзявочы вечар» і «Апошні фотаздымак».
З просьбай дасылаць фотаздымкі для калекцыі «Людзі Лесу» незалежны архіў, які ўжо на працягу пяці гадоў займаецца зборам візуальнага матэрыялу пра паўсядзённасць беларусаў, звярнуўся да грамады яшчэ на пачатку года.
«Лес заўсёды займаў важнае месца ў гісторыі Беларусі, быў месцам сілы, прасторай даступных рэсурсаў для будаўніцтва, збіральніцтва. Месца, дзе можна схавацца, каб працягваць змагацца за сваю свабоду і выбар. Месца, якое становіцца небяспечным, калі з яго не можаш выйсці», — патлумачалі канцэптуальны напрамак будучага выдання даследчыкі.
«Тэма гарманічнага суіснавання чалавека і прыроды, адлюстраваная ў мностве сямейных архіваў, гэта важная частка нашай візуальнай гісторыі», — куратарам будучай калекцыі выступіла заснавальніца VEHA, фатографка і мастачка Леся Пчолка.
Сёння ініцыятыва абвясціла аб завяршэнні працы над новай кнігай і пазначыла дату і месца прэзентацыі выдання: Варшава, 15 кастрычніка, галерэя FAF . «Людзі Лесу» выходзяць на дзвюх мовах: англійскай і беларускай. Аб’ём кнігі — 196 старонак.
Улічваючы абмежаваную колькасць альбомаў — 100 асобнікаў, стваральнікі раяць зрабіць перадзамову.
Архіў VEHA бачыць сваёй задачай збор вернакулярнай (аматарскай) фатаграфічнай спадчыны, якая дазволіць больш аб’ёмна ўбачыць гісторыю паўсядзённасці беларусаў, абыходзячы фільтры афіцыйнага дыскурсу. Даследчыкі не толькі збіраюць архіў па розных тэмах, але аналізуюць і асэнсоўваюць дасланы матэрыял. У кнізе «Людзі Лесу» даследніцкіх тэкстаў будзе тры: артыкул Лідзіі Марціновіч «Беларускі лес як культурны ландшафт», Уладзіміра Грамовіча «Лес-абаронца. Лес-вораг» і Анастасіі Вальковіч «Лес і паўсядзённасць беларусаў».
Сачыць за навінамі праекта можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: