У нядзельным эфіры праграмы «Тыдзень» журналіст «Белсату» Ігар Кулей заявіў пра сыход з канала праз канфлікт з новым кіраўніцтвам. Пракаментаваць сітуацыю Reform.news папрасіў кіраўніцу беларускай рэдакцыі «Белсат» Аліну Коўшык.
«Канфлікту ў рэдакцыі няма. Адбылася спрэчная сітуацыя з Ігарам Кулеем, якую ён вырашыў развязаць сыходам з канала. Ніхто яго не звальняў, ягоныя перадачы стаялі ў графіку на студзень, аб сваім рашэнні ён не папярэдзіў кіраўніцтва, а проста заявіў аб гэтым у прамым эфіры. Рэдакцыя ж працуе нармальна, ніякіх бунтаў ці іншых пытанняў няма. Людзі проста хочуць спакойна працаваць», – сказала Аліна Коўшык.
Аліна Коўшык лічыць, што Ігар Кулей спрабуе прыдаць палітычную афарбоўку працоўнаму працэсу.
«Для мяне гэтая справа была завершаная пасля нашай размовы, але Ігар сам стаў ініцыятарам некалькіх разбіральніцтваў: у тым ліку ён звярнуўся ў Еўрапейскую Федэрацыю Журналістаў, у Беларускую асацыяцыю журналістаў, медыя пачалі разносіць гэтую сітуацыю публічна. Я лічу, што гэта вельмі шкодзіць рэпутацыі канала, і такія справы павінны вырашацца ўнутры, бо нічога катастрафічнага насамрэч не здарылася. Так, у працоўным працэсе здараюцца канфліктныя сітуацыі, у якіх розныя бакі могуць быць незадаволеныя – гэта дастаткова частая сітуацыя ў розных рэдакцыях, але такія справы павінны адбывацца ўнутры канала, іх не трэба выносіць і не трэба іх палітызаваць, бо ніякага палітычнага кантэксту тут няма», – кажа Аліна Коўшык.
Коўшык кажа, што Ігар Кулей быў зняты з пасады, бо ўзяў на сябе адказнасць за інтэрв’ю Сяргея Падсасоннага з Алінай Коўшык пасля таго, як яна заняла пасаду.
«Ігар Кулей быў зняты з пасады, бо ён узяў на сабе адказнасць за тое, што адбылося ў эфіры. Бо я сапраўды лічу, што тое інтэрв’ю парушала стандарты журналістскай этыкі ды дамовы, якія яны падпісвалі , і наносіла шкоду рэпутацыі канала. Пра гэта ў нас была размова з Ігарам і Сяргеем. Пасады кіраўніка ньюсрума ўвогуле зараз няма (Пасля перафарматавання Белсату – Reform,news). Так што гэтыя падзеі супалі ў часе. Рэформа структруры каналу планавалася раней», – сказала яна.
Новая рэдактарка «Белсату» лічыць, што Еўрапейская Федэрацыя Журналістаў недастаткова разабралася ў сітуацыі, калі зрабіла заяву аб пагрозе рэпрэсій у бок журналістаў. Па яе словах, рэпрэсій супраць журналістаў на «Белсаце» няма.
«Падчас сваёй паездкі ў Брусель я сустрэлася з кіраўніком Еўрапейскай Федэрацыі Журналістаў Рыкарда Гутэрышам, патлумачыла яму, як выглядае справа. Мне падавалася, што нашая сустрэча прайшла ў канструктыўным ключы. І я лічу, што яны недастаткова добра разабраліся ў сітуацыі. Ніякіх рэпрэсіяў супраць журналістаў на «Белсаце» не адбываецца. Раней таксама здараліся сітуацыі, калі Еўрапейская Федэрацыя Журналістаў займала неабгрунтаваную пазіцыю, як у справе з Пабло Гонзалесам (Pablo González). У нашым выпадку я лічу, што палітызацыя гэтай спрэчкі толькі наносіць дадатковую шкоду рэпутацыі «Белсату», бо мы медыя, а не палітычная ініцыятыва, і я не разумею, чаму за тое, што адбываецца ў нашай рэдакцыі, павінны адказваць польскія ўлады. Ніякіх рэпрэсій супраць журналістаў тут няма», – рэзюмавала Аліна Коўшык.