Класіка беларускай літаратуры, паэта і празаіка Змітрака Бядулю перапахаваюць у Беларусі. Гэта адбудзецца сёлета і, магчыма, ужо вясной, паведамляе «Радыё Свабода».
Бядуля (сапраўднае імя — Самуіл Плаўнік) памёр у 1941 годзе ў эвакуацыі ў Казахстане, каля горада Уральск, ад інфаркту, там і быў пахаваны. Помнік на яго магіле даўно патрабуе рамонту, акрамя таго, на ім адпачатку, не разабраўшыся, няправільна напісалі імя (выйшла «Змитров Бядуля») і год нараджэння (1889 замест 1886).
Ініцыятарам перапахавання стаў сын літаратара, Яфім Самуілавіч, які жыве ў Мінску. У свае 86 гадоў ён ужо не можа лятаць на магілу бацькі ў Казахстан.
Арганізацыяй перапахавання займаецца грамадскі дзеяч і мецэнат Аляксандр Сапега, кіраўнік Асацыяцыі беларусаў Швейцарыі і дабрачыннага фонду Магдалены Радзівіл. Ва ўсіх пытаннях, у тым ліку фінансава, яму садзейнічаюць Міністэрства замежных спраў, ганаровы консул і пасольства Беларусі ў Швейцарыі.
Аляксандр Сапега, як давераная асоба, ужо атрымаў у Казахстане дазвол на эксгумацыю і вываз цела пісьменніка. У гэтым месяцы ён збіраецца паехаць у Казастан, правесці эксгумацыю і даставіць парэшткі Бядулі у Беларусь.
Пасля гэтага будзе канчаткова вырашана месца і дата пахавання. Па словах Аляксандра, для ўсіх працэдур пасля прывозу цела яшчэ можа спатрэбіцца пара месяцаў. Ён ужо ведае гэта па досведзе перапахавання цела Магдалены Радзівіл, якім займаўся раней.
Магчыма, магіла класіка будзе на Вайсковых могілках у Мінску, але у першую чаргу Сапега разлічвае на іншы варыянт, які пакуль не агучвае.
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: