Мастачка і куратарка Людміла Хрысцесева атрымала мастацкую адукацыю ў Віцебску, аднак магчымасці для творчай рэалізацыі адшукала ў Швецыі. Яна пасялілася ў Стакгольме і пачала ствараць праекты на мяжы моды і арту.
Пасля пачатку вайны ва Украіне арганізавала майстэрню і праводзіла майстар-класы, каб аб’яднаць украінскія і шведскія сем’і з дапамогай мастацтва.
Пра гэтыя і іншыя праекты, пра сілу мастацтва і рамяство як універсальную мову камунікацыі пагаварылі з Людмілай Хрысцесевай падчас Тыдня дызайну ў Швецыі.
– Ты вучылася ў Віцебску на аддзяленні мастацкага тэкстылю. Пераехала ў Швецыю і атрымала тэарэтычную адукацыю. Наколькі гэты іншы досвед сфармаваў цябе і паўплываў на творчасць?
– З’ехала я найперш таму, што не бачыла магчымасцей для прафесійнага і персанальнага развіцця. Я хацела быць мастаком-мадэльерам, але мяне на другiм курсе пераразмеркавалі на мастака па ткацтве. За мяне вырашылі, чым буду займацца. Так што выбару ў мяне не было: мары там не здзейсніліся.
– Якія базавыя веды ты атрымала з дапамогай шведскай адукацыі?
– Галоўнае, чаму тут навучылі, – крытычнаму мысленню. Я выбрала кірунак «тэорыя моды», і гэта было дастаткова шырокая адукацыя, што ўключала, напрыклад, гендарныя пытанні. Швецыя – краіна гендарнай роўнасці, тут людзі мысляць па-іншаму. Жанчыны апрануты мінімалістычна і функцыянальна. І ты пачынаеш задумвацца, ці хачу я выглядаць, як яны, каб упісацца ў кантэкст, ці так, як прывыкла.
– Раскажы пра свой першы самастойны праект у Швецыі?
– Пасля таго, як я папрацавала ў вядомага шведскага дызайнера Ларша Валіна, я заўважыла, што выкідваюцца туалі, прататыпы высокай моды. Я вырашыла скарыстацца гэтым матэрыялам, каб пераглядзець сваю ідэнтычнасць. Таму што туаль – матэрыял, прызначаны для таго, каб змяняць, паляпшаць, абдумваць, пераасэнсоўваць. Менавіта гэтыя працэсы адбываліся ўва мне, таму я пачала рабіць выставы з туалямі. Першая адкрылася ў 2013 годзе.
– Гэта такі чарнавік касцюма? Як ты з імі працавала?
– Па-рознаму. Выстаўляла, як ёсць, часам дадавала нейкія тэксты ці прымацоўвала ногі.
З гэтым праектам я працавала тры гады, пасля мае тэмы сталі больш разнастайнымі, напрыклад, як мода сустракаецца з архітэктурай.
А пасля з’явіўся праект «У вайны не жаночы твар» па кнізе Святланы Алексіевіч. Я перанесла яе гісторыі ў сукенкі. Таму што у іх, гэтых гісторый, ёсць нешта большае, чым факты і лічбы.
Са сваім праектам я звярнулася ў швецкі Музей арміі, і яны пагадзіліся яго паказаць. Мае аб’екты стаялі на ўваходзе ў музей, з эфектнай падсветкай.
– Такім чынам, туаль – гэта накід касцюма, нешта незавершанае, выкінутае, чарнавік… Якая тады сэнсавая нагрузка ў тваіх аб’ектаў з туаляў?
– Так, гэта чарнавік. Я бяру прататыпы нейкіх пачынанняў і даводжу іх да такога стану, які патрэбны, каб данесці сваю ідэю. У выніку атрымліваеца скульптура ці інсталяцыя, аднойчы было нават нешта падобнае на тэатральную пастаноўку.
– Ты прыбіраеш першапачатковае значэнне, моду, і шукаеш новыя сэнсы ў формах, фактурах гэтых прататыпаў?
– У тым ліку… У маёй мамы былі чатыры сястры і адна на ўсіх сукенка. Яны раслі падчас Другой сусветнай вайны. Мама часта расказавала гэту гісторыю, а я спрабавала зразумець, што гэта за сукенка такая, якая звязала і аб’яднала усіх пецярых сясцёр. Зрабіла іх потым такімі салідарнымі.
Вось у мяне, напрыклад, не вельмі добрыя стасункі з сястрой. А раптам гэта таму, што былі розныя сукенкі, розны дызайн! Можа, таму мы выраслі і сталі паміж сабой спаборнічаць.
– То-бок у аснове тваіх праектаў, дзесьці у самай іх глыбіні, ляжыць гэта сямейная гісторыя – дзяліцца сукенкай, сукенкай як нейкай сутнасцю. Як гэта ўсё спрацавала ў выпадку з праектам паводле кнігі Святланы Алексіевіч «У вайны не жаночы твар»?
– Дзяліцца сукенкамі стала метафарай усяго таго, што для мяне сёння мае важнае значэнне: я дзялюся поспехам з іншымі жанчынамі і так знаходжу падтрымку, якую я не мела ні ад маці, ні ад сястры.
А ў праекце, прысвечаным кнізе Святланы Алексіевіч, я ўспрыняла выкінутыя жаночыя сукенкі як забытыя жаночыя гісторыі. Туаль – гэта рэч, якая ствараецца для капіявання, а потым выкідваецца ў смецце. Гэта нагадала мне пра лёс жанчын падчас войнаў, пра тое, як шмат жанчын не паспелі пражыць сваё жыццё. Я думала пра пачуцці і перажыванні, якіх ніколі не было, і мары, якія так і не спраўдзіліся.
– Ты была прадзюсарам міжнародный выставы, прысвечанай Інгмару Бергману. Які ў яе быў канцэпт?
– Да стагоддзя са смерці Інгмара Бергмана мы пераглядалі яго культурную спадчыну. Былі адабраны мастакі і дызайнеры, якія калі-небудзь адштурхоўваліся ў сваёй творчасці ад фільмаў Бергмана. Сама выстава была запланавана як інтэрактыўная, то-бок у кожнай новай краіне, куды яна прыязджала, да яе далучаліся лакальныя творцы-інтэпрэтатары, такім чынам гэта спадчына, яе пераасэнсаванне, працягвалася. Выстава працавала ў Еўропе, Кітаі, Аргенціне, Амерыцы – у больш чым 60 краінах, у яе арганізацыі ўдзельнічалі мясцовыя Шведскія амбасады.
– Неўзабаве пачаліся падзеі, якія відавочна паўплывалі на тваё мастацтва. Эпідэмія, рэвалюцыя 2020-га…
– Так, у жніўні 2020-га, у дзень галасавання, многія з нас, шведскіх беларусаў, прастаялі ў чэргах з раніцы да вечара, аднак так і не патрапілі на выбарчыя ўчасткі.
Пасля падзей пачатку жніўня беларусы Швецыі сталі вельмі заўважнымі, бо да нас кожны дзень далучаліся новыя члены супольнасці. Мовай майго мастацтва стала палітычная інсталяцыя і перформанс. А я нечакана для сябе стала актывісткай, пачала рабіць інсталяцыі з адзення ў нацыянальных колерах і арганізоўваць розныя мерапрыемствы для беларусаў і шведаў.
Напрыклад, мы святкавалі дзень нараджэння Святланы Ціханоўскай і праводзілі конкурс «Міс Беларусь» – як крытыку нацыянальных конкурсаў прыгажосці і ў падтрымку апазіцыйнага руху.
– Ты падаравала ёй сваю карціну…
– Не, гэта была калектыўная праца, мы разам малявалі карціну пад назвай «Неба». Разам яе падпісалі. І такім чынам дапамаглі арганізацыі шведскіх беларусаў прагучаць, каб на нас звярнулі ўвагу ў краіне.
– Пасля 24 лютага ты змагла вярнуцца да сваіх індывідуальных праектаў?
– Я яшчэ падчас ковіду мала займалася мастацтвам. Продажы ўпалі, людзі былі не ўпэўненыя, што будзе заўтра. Гэта сітуацыя змусіла мяне таксама задумацца над заўтрашнім днём, таму я пачала вучыцца, узяла курс дзігітальнага дызайну.
Калі закончылася пандэмія, я распачала праект калектыўнага малявання, спалучаны з рытуалам шведскага чаявання – фікай. Такая калектыўная дынамічная вытворчасць мастацтва была вельмі неабходная для падтрымкі людзей пасля пандэміі, бо многія баяліся выйсці на вуліцу і падаць руку… Замоўцам быў муніпалітэт Стакгольма, яны праспансавалі 10 такіх мерапрыемстваў – у якасці падтрымкі мастакоў.
– Гэты посткавідны праект – нібы прататып тваіх сённяшніх, антываенных. Мэты іх падобныя: яднанне вакол мастацтва, вакол рамяства, вакол творчай дзейнасці з галоўным пасылам – пляценне ў імя міру.
– Калі пачалася вайна, мне давялося тлумачыць яе прычыны сваёй дачцэ, таму што яе тата рускі, мая мачаха з Украіны, а яна ўжо шведка.
Пасля я стала назіраць, якія людзі прыязджаюць з Украіны ў Стакгольм. Зразумела, што адбываецца цяпер, што будзе адбывацца неўзабаве, і распачала пляценне камуфляжных сетак і сервіраванне шведскай фікі.
– Як гэта адбывалася тэхнічна?
– Мы стаялі ў публічных месцах, на вуліцы, заўсёды побач з музеямі – выбіралі стратэгічныя кропкі. Украінскія жанчыны прыходзілі плесці камуфляжныя сеткі, каб выратаваць сваіх мужчын, аднак адначасова я хацела дапамагчы ім адаптавацца: расказвала пра свой горад, яго музеі, цэрквы і іншыя культурныя і карысныя для іх месцы.
Пару музеяў далучыліся да мерапрыемства і зрабілі для ўкраінцаў бясплатны ўваход.
Мне было важна, каб на нашай сацыяльна-тэкстыльнай станцыі заўсёды былі свежая садавіна, смачныя булкі і кава з рэстаранаў, куды я прыходзіла і тлумачыла, што для нашага праекта патрэбныя кава і гарачая вада. Адгукаліся ўсе рэстараны, выдвалі тэрмасы, сокі і вельмі радаваліся гэтай маленькай магчымасці паўдзельнічаць.
Таксама я запрашала ўкраінскіх дзяцей на бясплатныя майстар-класы.
Неўзабаве пляценне камуфляжных сетак перерасло ў глабальны тэкстыльны рух, у ход пайшлі тканіны з турэцкіх, амерыканскіх, а не толькі шведскіх дамоў.
Апошні наш тэкстыльны праект «Святло» адбываўся ў падтрымку арганізацыі «House of Ukraine» ў Швецыі, якая збірала грошы для закупкі светлавых стыкераў для ўкраінскіх дзяцей, каб тыя не гінулі на цёмных дарогах падчас блэкаўтаў. Падчас «Тыдня дызайну» ў Швецыі мы выступілі з канцэпцыяй, што святло – гэта не толькі дызайн, але і выратаванне жыцця. Мы дапамаглі сабраць грошы і закупіць светлавыя стыкеры, якія ўжо разышліся па ўкраінскіх школах.
– Падобны праект з сеткамі ты рэалізавала ў Турцыі…
– Так, той праект «Дом» стаў знакам салідарнасці, сведчаннем таго, як мы можам адна адну падтрымаць у неспакойныя часы, абмяняцца досведам і зразумець, як быць жанчынай у розных культурных кантэкстах. А тэхніку мы выкарыстоўвалі старую – украінскія камуфляжныя сеткі.
– Аднак ужо як арт-аб’екты, што не ўжываюцца па прызначэнні?
– Так. Я прыехала ў Турцыю, прывезла матэрыял, аснову, мы сабралі розны ўжываны тэкстыль, і жанчыны пачалі разам плесці. З гэтай сеткай я пакаталася па многіх вёсачках, і ўсюды жанчыны плялі. Гэтая праца нас яднала і натхняла. А нашы галасы станавіліся больш моцнымі і значнымі. І ўсе, нават мужчыны, былі натхнёныя гэтай практыкай. Нас слухалі.
– Гэтым праектам вы вярнуліся да вытокаў мастацтва, бо яно ўзнікае як частка магічных абрадаў, рытуалаў яднання падчас апеляцыі да вышэйшых сіл. Што для цябе мастацтва, якую сілу яно мае?
– Натхняць і аб’ядноўваць. Раней я пісала карціны і спрабавала праз іх нешта данесці людзям. А яны станавіліся перад імі і спрабавалі зразумець. Паміж мной і гледачом з’яўлялася дыстанцыя. А калі мы сталі ствараць калектыўна, а асабліва тады, калі да мастацтва далучыліся простыя турэцкія жанчыны, якія павінны былі нам гатаваць сняданак, тады і адбылася самае цудоўнае: яны асэнсавалі, што гэта, аказваецца, і ёсць мастацтва, якое дагэтуль было такім далёкім і недасяжным. І яны сталі вельмі сабой ганарыцца.
– Аднак жа пры гэтым ты ж страціла свой голас, згубіла сваю індывідуальнасць. Цябе ж не відаць у выніковым аб’екце. Ці стала ты мацней, калі стала нябачнай?
– Я стала мацней, бо нас шмат. Я дала магчымасць многім жанчынам быць пачутымі, у гэтым я адчуваю маю сілу.
Хачу працаваць так, каб больш было такіх магчымасцей. Каб я магла арганізаваць больш рэзідэнцый для беларускіх мастачак. Каб я магла публікаваць іх кнігі.
У апошнім праекце мы не проста пляцем, мы распачынаем разам іншыя сумесныя дзеянні. А пляценне становіцца метафарай для майго „куратарскага рукадзелля”, напрыклад, дзякуючы майму „дырыжаванню” дзве жанчыны-мастачкi – Нефелі Іканому з Грэцыі і Хуан Юн Па з Нью-Ёрка – аказаліся «зоркамі» на шведскім Тыдні дызайну. На выставу прыйшлі амбасадары іх краін, каб падтрымаць.
Я падзяліла свой поспех з астатнімі жанчынамі. І з маімі ўкраінскімі сёстрамі, з якімі мы пачыналі пляценні, а сёння яны ўжо самі сталі творча развіваццца, падказваць мне ідэі. Гэтых ідэй вельмі шмат, і я здольная сабраць іх і сфарміраваць у моцны канцэпт, які прагучыць і зрэзануе ў прэсе і грамадстве.
– Ты працуеш з украінскімі падлеткамі. Якіх вынікаў вы дасягнулі?
– Нас з праектам „Дом” у межах шведскага Тыдня дызайну запрасілі ў Каралеўскі палац у Стакгольме, перад гэтай выставай я праводзіла майстар-клас у музеі Каралеўскага палаца, на якія запрасіла падлеткаў зрабіць калекцыю сукенак з туалей і вялізных палотнаў, што засталіся пасля майстар-класаў.
Яны пачыналі вельмі асцярожна, і для мяне было шчасцем бачыць, які цудоўны праект яны ў выніку стварылі, як яны ганарыліся, што іх калекцыя выстаўлена ў музеі.
Наша калекцыя дзіцячых работ прадаецца па ўсім свеце пад назвай Restart Ukraine! Мне важна, каб дзіцячыя галасы былі пачутыя! Каб не было вайны!
Такая мая спадчына як мастака ў гэтым свеце.
Я магла бы у нейкі момант пачаць пісаць мемуары, аднак самае важнае тое, што я дала гэтым дзецям натхненне. А што, калі яны пра мяне раскажуць ці напішуць? Хіба гэтыя тэксты не будзе больш цікава чытаць, чым мае ўспаміны?
P. S.
Больш дэталёва пазнаёміцца з дзейнасцю мастачкі можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram