Адна са значных арт-падзей года — 60-я Венецыянская біенале сучаснага мастацтва — афіцыйна адкрылася 20 красавіка.
Дэвіз асноўнага праекта «Чужаземцы паўсюль» — гэта адсылка да назвы аднайменнага Турынскага калектыву, які змагаўся з расізмам і ксенафобіяй у Італіі ў пачатку 2000-х. Акрамя галоўнай выставы біенале ўключае ў сябе 88 нацыянальных экспазіцый у павільёнах у Джардзіні, Арсенале і ў цэнтры Венецыі. Наша краіна ўжо другі раз запар не арганізоўвала свайго нацыянальнага павільёна, але два беларускія праекты ўдзельнічаюць у суправаджальнай праграме.
Сёння ў штаб-кватэры Венецыянскай біенале прайшла цырымонія афіцыйнага адкрыцця, якая суправаджалася ўрачыстымі ўзнагароджаннямі.
«Залатога льва» — галоўны прыз біенале — атрымаў павільён Аўстраліі.
Праект Арчы Мура «Родныя і блізкія» закранае трагедыю карэнных народаў Аўстраліі, яго галоўным акцэнтам з’яўляецца намаляванае ад рукі на сценах і столі генеалагічнае дрэва. У цэнтры памяшкання знаходзіцца белы стол, на якім акуратна размешчаны дакументы з запісамі пра сотні смерцяў абарыгенаў.
«Словы «Kamilaroi» і «Bigambul» на малюнку сімвалізуюць ініцыятывы па адраджэнні моў карэнных народаў, у той час як прабелы сігналізуюць аб каланіяльных уварваннях, масавых забойствах, хваробах і дэпартацыях, якія разрывалі сямейныя повязі, — паведамляе анатацыя Нацыянальнага павільёна Аўстраліі. — Арчы дадае архіўныя запісы пра сваякоў, каб прадэманстраваць, як каланіяльныя законы і дзяржаўная палітыка здаўна навязваліся карэнным народам. Мастак выкарыстоўвае сваю сямейную гісторыю, каб зрабіць сістэмныя праблемы непрыемна адчувальнымі для гледачоў, і адначасова стварае прарочы напамін пра тое, што ўсе мы сваякі».
Спецыяльнае згадванне атрымаў павільён Рэспублікі Косава. Скульптурная інсталяцыя «Рэха маўчання металу і скуры» звяртаецца да жаночай працы і няроўнасці на працоўным месцы. Аўтарка інсталяцыі Дарунціна Кастраці грунтуе свой праект на вопыце дванаццаці работніц фабрыкі па вытворчасці рахат-лукума ў Прызрэне, другім па велічыні горадзе Косава і родным горадзе мастачкі. З-за таго, што работніцы фабрыкі выконваюць сваю працу стоячы, амаль трэць з іх мусіць рабіць аперацыю па замене каленнага сустава. Інсталяцыя Кастраці складаецца з металічных скульптур, змадэляваных па ўзоры шкарлупін розных арэхаў, якія выкарыстоўваюцца ў якасці інгрэдыентаў у турэцкіх далікатэсах.
Яшчэ аднаго «Залатога льва» за работу «Такапау» ў асноўным праекце атрымаў новазеландскі Mataaho Collective.
І яшчэ два «Залатыя львы» — за жыццёвыя дасягненні — былі ўручаны бразільскай мастачцы італьянскага паходжання Анне Марыі Маёліне і турэцкай мастачцы з Парыжа Ніл Ялтэр.
Мы пацікавіліся ўражаннямі ад біенале ў беларускага мастака Паўла Вайніцкага, які ўжо некалькі дзён знаходзіцца ў Венецыі.
«Шчыра кажучы, мне не падаецца тэма галоўнага праекта гэтага года — чужаземцы паўсюль — такой актуальнай, як у ранейшыя гады, калі праблематыка галоўнай выставы сапраўды трапляла ў нерв.
Бо гэта тэма аказалася вельмі шырокай, туды што заўгодна можна пакласці. Усе і кладуць, што маюць, — у нейкага квір, у іншых каланіяльныя і посткаланіяльныя тэмы…
На галоўнай выставе паказалі вельмі шмат даволі добрых лацінаамерыканскіх мастакоў, якія працуюць з эстэтыкай Фрыды Кало. Гэта яркія экспрэсіўныя працы, у якіх распавядаецца пра нейкія ўласныя гісторыі.
З нацыянальных экспазіцый найбольш уразіў павільён Нідэрландаў, прысвечаны тэме рабства, вырашанай праз шакалад. У павільёне размешчаны шакаладныя статуі, у тым ліку скульптура самага галоўнага прыгнятальніка. Водар там стаяў такі, што зараз мне складана з’есці з кавай шакаладку, бо адчуваю пах прыгнёту. Гэта жорстка, калі мастацтва закрадаецца ў тваё паўсядзённае жыццё.
Цікава, што ўкраінскіх экспазіцый аж дзве, таму што ў Нацыянальным павільёне Польшчы прадстаўлены ўкраінская мастакі. Там атрымаўся адзін з самых уражальных праектаў, бо яны запрасілі ўцекачоў і папрасілі іх дэманстраваць гукі ваеннай тэхнікі, напрыклад, набліжэнне самалётаў ці ўзрывы. Яны дэманструюць гэтыя гукі, а потым кажуць «Паўтарайце за мной» — і ніхто не паўтарае. Стаяць мікрафоны, можна гэта рабіць! Але ў павільёне цішыня, амаль трагічная».
У гэтым павільёне наведнікам раздавалі карту бамбасховішчаў у Венецыі. У прыватнасці, там паказана, што адно з бамбасховішчаў размешчана зусім непадалёк. «Кожны ўкраінец, куды б ён ні пайшоў, аўтаматычна фіксуе бліжэйшае бамбасховішча і гатовы скарыстацца ім у выпадку паветранай трывогі», — гаворыцца ў апісанні карты.
Безумоўна, не абышлося без скандалаў: Венецыянскае біенале перыядычна становіцца платформай для дэманстрацыі палітычных жэстаў. Напрыклад, на акне Нацыянальнага павільёна Ізраіля размешчана абвестка, што павільён не адкрыецца да таго часу, пакуль не будзе дасягнута перамір’е ў Газе і пагадненне аб вызваленні закладнікаў. Тым не менш каля зачыненага павільёна адбылася акцыя пратэсту супраць вайны ў Газе, пасля якой на зямлі засталіся ўлёткі.
60-я Венецыянская біенале сучаснага мастацтва будзе доўжыцца па 24 лістапада 2024 года ў Джардзіні, Арсенале і на іншых пляцоўках Венецыі. Reform.news рыхтуе агляд гэтай важнай падзеі сусветнага арту.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram