Пад роспісам Марка Шагала, які ўпрыгожвае купал Оперы Гарнье ў Парыжы з 1964 года, знаходзіцца праца акадэмічнага мастака Жюля-Эжена Леневе. Яго правапераемнікі патрабуюць, каб першапачатковы выгляд купала быў адноўлены, — паведамляе «Зеркало» са спасылкай на крыніцу, тэлеканал BFM.
«Мы просім, каб мы маглі нарэшце ўбачыць столь, якую Леневе распісаў у 1875 годзе. У 1923 годзе роспіс быў класіфікаваны як частка палаца Гарнье. Аднак з 1964 года ён быў схаваны пад роспісам Шагала, які першапачаткова планаваўся як здымны», — паведаміў адвакат правапераемнікаў і заснавальнік Асацыяцыі сяброў Леневе.
Роспіс Марка Шагала, замоўлены тагачасным міністрам культуры Андрэ Мальро, сапраўды з’яўляецца здымным. Праца напісана на панэлях з поліэфірнай смалы.
Праваўладальнікі спадчыны Леневе 9 мая арганізуюць сустрэчу з прадстаўнікамі Міністэрства культуры і кіраўніцтва оперы, каб паспрабаваць пераканаць іх вярнуць купалу першапачатковы выгляд.
Аднак намеснік дырэктара оперы перакананы, што дэмантаж фрэсак Шагала выкліча сур’ёзныя пытанні, таму не стаіць на парадку дня. «Працы Шагала, якія атрымалі высокую ацэнку, сучаснасць якіх перасякаецца з класіцызмам гэтага месца, сёння вядомыя ва ўсім свеце«, — паведамляе тэлеканал BFM.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram