Праект беларускай мастачкі Марыі Карнеенка трапіў у лік сямі лаўрэатаў конкурсу на ўдзел у фестывалі «Свята фатаграфіі» («Święto Fotografii») ва Уроцлаве. Серыя мінскай фатографкі «Rattus sapiens» была адабрана з 55 аўтарскіх праектаў і будзе прадстаўлена ў межах фатаграфічнага форума, які пройдзе з 5 па 11 лютага.
Фестываль, які ладзіць Уроцлаўская ложа фатаграфіі пры патранаце Акадэміі мастацтва імя Эгніуша Геперта, разлічаны на ўсіх, хто цікавіцца фатаграфіяй — прафесіяналаў, аматараў, так і для людзей, якія толькі пачалі фатаграфаваць. Цягам тыдня «Święto Fotografii» аб’яднае 12 выстаў і больш 40-ка мерапрыемстваў; галерыі, пабы, кінатэатры, культурныя цэнтры — мерапрыемствы фэсту будуць адбывацца па ўсім горадзе.
Выстава фатаграфій Марыі Карнеенка пачне працу на пляцоўцы Projektownia (вуліца Generała Romualda Traugutta 68L/P) з 5 лютага.
Праект мінскай фатографкі «Rattus sapiens» знаёмы беларускаму гледачу — раней ён дэманстраваўся, у тым ліку, у Мінску. У ім аўтарка ў дасціпнай форме разважае над тым, ці з’яўляецца «чалавек разумны» адзіным высокаразвітым відам на зямлі. Магчыма чалавеку ўдала ствараюць канкурэнцыю пацукі?
«Біялагічнае і псіхалагічнае падабенства чалавека і пацукоў ляжыць у аснове інтэнсіўнай навуковай цікавасці да грызуноў, — адзначаецца ў апісанні да серыі. — Чалавек задзейнічае пацука ў многіх сферах сваёй дзейнасці, выкарыстоўваючы яго як «першапраходца» нават у касмічных палётах. На пацуках увесь час праводзіцца мноства эксперыментаў: ад даследаванняў рака да мэтанакіраваных фармакалагічных тэстаў. Дзякуючы сваім незвычайным характарыстыкам пацукі паспяхова распаўсюдзіліся па ўсёй планеце. Яны прыстасаваліся да жыцця побач з намі і маюць поспех у пастаяннай канфрантацыі, эфектыўна вырашаючы праблемы па меры іх узнікнення, якімі б складанымі яны ні былі…». Магчыма перспектыўная цывілізацыя, здольная выжываць на нашай планеце, існуе ўжо побач з намі? — правакуе гледача фатографка.
Праект Марыі Карнеенка, які кпіць з канспералагічных тэорый, прапануе, у тым ліку, паглядзець на свет з неатрапацэнтрычнага пункту погляду. «Rattus sapiens» мае форму мак’юментары — то-бок мастачка прапаноўвае гледачу самому разабрацца што ў ім праўда, а што — не. І падабраць уласны ключ да інтэпрэтацыі.
Тым не менш, аўтарская экскурсія па выставе «Rattus sapiens» адбудзецца 11 лютага а 18.00.
Уваход на ўсе мерапрыемствы фестывалю вольны, але на пэўныя падзеі патрабуецца рэгістрацыя.
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: