У пятніцу, 2 чэрвеня, у Гожуве-Велькапольскім адкрываецца вялікая выстава «Хай ззяе. Вакол фотаархіва VEHA», у якой бяруць удзел мастачкі з Беларусі, Польшчы і Макаа.
Куратарка — Вера Залуцкая.
Адпраўны пункт выставы — архіў VEHA, праект, распачаты Лесяй Пчолкай у 2017 годзе. Гэта адна з найважнейшых ініцыятыў па захаванні беларускай візуальнай спадчыны.
Праект збірае і каталагізуе аматарскія і сямейныя фотаздымкі, якія закранаюць розныя аспекты грамадскага жыцця з моманту з’яўлення фатаграфіі ў Беларусі. Збіраючы, вывучаючы і распаўсюджваючы візуальны сацыяльны архіў, VEHA імкнецца захаваць сляды гісторыі беларускай штодзённасці.
Да ўдзелу ў выставе запрошаныя мастачкі з Польшчы, Беларусі і Макаа. Большую частку прадстаўленых твораў яны стварылі адмыслова для выставы.
Напрыклад, Ольга Анна Маркоўска з Падляшша засяроджваецца на тэме стасункаў чалавека з лесам, у тым ліку на перапрацоўцы беларускіх народных песень, прысвечаных прыродзе, у сучасныя музычныя кампазіцыі.
Катажына Сянкевіч, якая належыць да беларускай меншасці ў Польшчы, раскрывае гісторыю сваёй сям’і, звязаную з ткацтвам (ткачыхамі былі абедзве бабулі мастачкі) і беларускай культурай.
Ураджэнка Макаа Кейт Нган Ва Ао распавядае аб асаблівым спосабе бачання гісторыі з тэрыторый, размешчаных «на сутыкненні» розных, часта гвалтоўных сіл і культур (рыса, што аб’ядноўвае Беларусь і Макаа).
Назва выставы «Хай ззяе» ўзятая з верша «Жыць» Ларысы Геніюш. Яе разуменне жыцця прасякнутае найпрасцейшымі пытаннямі: прыналежнасцю да зямлі, лясоў, садоў, сувяззю пакаленняў, памяццю, домам, а таксама верай у лепшае заўтра. Гэта тэмы, якія часта трапляюцца ў прыватных сямейных калекцыях, дзе адлюстраваныя асобныя гісторыі. Сабраныя ў вялікую калекцыю, напрыклад, архіў VEHA, яны ўтвараюць гісторыю краіны.
Выстава будзе працаваць да 10 верасня.
Дата: 2 чэрвеня
Час: 18.00 (час мясцовы)
Месца: галерэя MOS, ul. Pomorska, 73, Гожув-Велькапольскі
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: