«Вязьмо» — пад такой назвай 21 ліпеня ў Вільні ў Музеі Івана Луцкевіча адкрыецца выстава беларускай дызайнеркі і графіка Кацярыны Пікірэні. Вядомы праект мастачкі, прысвечаны літарам, знакам і памяці, які ўпершыню быў прэзентаваны на фестывалі інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA, атрымае новае прачытанне.
Куратарам віленскай эдыцыі «Вязьма» выступіў Андрэй Антонаў.
«Праект даследуе эстэтычную і містычную складовыя беларускіх літар, спрабуе намацаць мяжу, на якой знак пачынае перарастаць у абстрактны ўзор, — акрэсліваецца канцэпт выставы ў анатацыі. — Гэты графічны эксперымент прысвечаны трывожнай сувязі з бабулямі, наймагутнейшымі полюсамі радаводаў».
Натхненнем і матэрыялам для стварэння нечаканых твораў Кацярыны Пікірэні сталіся вязаныя карункамі бабуліны сурвэткі.
«[…] Даўным-даўна, напрыканцы мінулага стагоддзя, калі чорныя экраны тэлекаў і першых камп’ютараў сталі захопліваць покуці, мая бабуля па мячы нястомна завешвала ўсе маніторы сваімі тоненькімі празрыстымі сурвэткамі. Як быццам белая карункавая магія магла абараніць нас ад чорных квадратаў будучыні, — распавядала гісторыю свайго праекта мастачка. — Так і пачалося «Вязьмо». Я ўглядалася ва ўзоры гадзінамі, шукала абрысы літар і вызваляла іх з вязанага павуціння. Гульня была ў тым, каб, разрываючы ніткі, не руйнаваць рытм узора. Нажніцамі ў спіну, але — не разбіваючы сэрца. Карацей, было страшна, але хацелася яшчэ.
Спачатку літары склаліся ў вокладку кнігі Вальжыны Морт «Песні для мёртвых і ўваскрэслых», — дзеліцца Кацярына, — а пасля вырашылі не спыняцца і штодня нашэптвалі мне новыя формы. Пачалася вайна, я скончыла азбуку. Атрымаліся 32 беларускія літары і адна — украінская».
Зараз праект аўтаркі працягвае свае падарожжа.
Анатацыя да выставы ў Віленскім беларускім музеі Івана Луцкевіча звяртае ўвагу на шматслойнасць мастацкага выказвання Кацярыны.
«Вязьмо» не толькі пра любоў і памяць, але таксама пра сузалежнасць, разгубленасць і супярэчлівы досвед. Аднак найперш — пра гаючую сілу ўчаснага вандалізму, бо памяць немагчыма зберагчы, не параніўшы яе».
Праект пачне працу ў музеі, нагадаем, 21 ліпеня, і будзе доўжыцца два месяцы.
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: