Выстава Антаніны Слабодчыкавай і Міхаіла Гуліна адкрыецца ў Японскім палацы ў Дрэздэне

З 8 верасня 2023 года Дзяржаўныя этнаграфічныя зборы Саксоніі, якія ўваходзяць у аб’яднанне музеяў “Дзяржаўныя мастацкія зборы Дрэздэна”, будуць дэманстраваць у Японскім палацы выставу “Кафэ Беларусь ІІ: Комплекс Касандры”. Творы мастацкай групы 1+1=1, якая складаецца з Антаніны Слабодчыкавай і Міхаіла Гуліна, — гэта аператыўная рэакцыя на цяперашнюю палітычную сітуацыю ў Беларусі.

“Кафэ Беларусь” паўстала яшчэ ў 2021 годзе ў кантэксце выставы “Бязмоўе – гучнае аняменне” і бачыць сябе апроч іншага пляцоўкай, дзе сустракаюцца і абменьваюцца думкамі эмігранткі і эмігранты, дзяячкі і дзеячы культуры з Беларусі і ўсяго свету.

Антаніна Слабодчыкава і Міхаіл Гулін, творцы з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, з кастрычніка 2022 года працуюць у Японскім палацы ў якасці стыпендыятаў праграмы “Ініцыятыва Марціна Рота” (MRI). “Ініцыятыва Марціна Рота” была заснаваная ў 2018 годзе Інстытутам імя Гётэ і Інстытутам сувязей з замежнымі краінамі (ifa).

“Кафэ Беларусь ІІ: Комплекс Касандры” ўключае найноўшыя творы мастацкай групы 1+1=1. Яны апавядаюць пра рашучае адстойванне свабоды мастацтва, тым самым скіроўваючы ўвагу на грамадска-палітычную сітуацыю ў сённяшняй Беларусі. Яшчэ напярэдадні выбараў 2020 года Антаніна Слабодчыкава намалявала тую самую піктаграму, што зрабілася ўсюдыісным сімвалам тых, хто на прэзідэнцкіх выбарах кінуў выклік лукашэнкаўскай аўтакратыі: сэрца ў спалучэнні з кулаком і жэстам “вікторыя”.

Комплекс Касандры — псіхалагічны эфект ігнаравання або адмаўлення песімістычных прагнозаў — выступае для мастакоў на выставе ў Японскім палацы ключом да разумення палітычнай сітуацыі Беларусі ў яе геапалітычным асяроддзі і ўспрымання краіны на міжнародным узроўні.

Персанальная выстава Антаніны Слабодчыкавай і Міхаіла Гуліна ў Дрэздэне даследуе ўнутраныя механізмы ўзаемадачынення паміж міфам і палітыкай, вельмі важнага якраз для аўтарытарных і рэпрэсіўных сістэм. Якую ролю адыгрывае міфалогія і якім чынам так званыя знакі лёсу інтэрпрэтуюцца на карысць улад? А якое значэнне мае вера ў правадыра як прарока або героя, што несвядома перадаецца з пакалення ў пакаленне? Каго можна назваць сапраўдным героем ці гераіняй у такіх варунках?

У экспазіцыю ўвайшло каля 25 прац, сярод якіх відэа, перформансы, графіка і інсталяцыі, створаныя пасля 2020 года, а таксама новыя графічныя і мультымедыйныя творы, распрацаваныя адмыслова для выставы ў Японскім палацы.

Адкрыццё адбудзецца 7 верасня 2023 года а 18-й гадзіне.

Выстава будзе праходзіць ад 8 верасня да 23 лістапада 2023 года.

Час працы: штодня ад 10 да 18 гадзіны, у панядзелак зачынена.

Месца: Palaisplatz 11, 01097 Дрэздэн, Германія.

Уваход вольны.

На запыт СМІ прапануюцца індывідуальныя экскурсіі па выставе.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!