Беларуская мастачка Маша Мароз напрацягу дзесяці гадоў фатаграфавала і даследавала Беларускае Палессе. Вынік яе працы сёлета аформіўся ў арт-кнігу «Доўгая дарога дамоў». Унікальны фотаархіў, які мастачка збірала ў ходзе экспедыцый у рэгіён, падаецца ў сучаным фармаце: візуальныя матэрыялы ў выданні суправаджаюцца філасофскімі, паэтычнымі і гістарычнымі тэкстамі. Прэзентацыя кнігі адбудзецца ў Парыжы 18 снежня ў Bistrot 61, і ў Варшаве 20 снежня — у Fundacja Kraina.
Над доўгатэрміновым праектам сучаснай мастачкі ў кнізе разважаюць куратар Ганна Карпенка, філософ Ігар Бабкоў і гісторык Валер Мароз.
«Уявіце сабе: маладая мастачка на руінах таго, што паўстагоддзя таму горда называлася культурай, у атачэнні вайны і развалу. У краіне, якую стагоддзямі палілі захопнікі, а суседзі разрывалі на кавалкі. Гэтая маладая мастачка адпраўляецца ў падарожжа. Падарожжа, адначасова рэальнае – на землі продкаў – і ў той жа час мастацкае, метафізічнае. Гэтая мастачка — Маша Мароз, а землі яе продкаў называюцца Палессем», — так апісвае мастацкі і даследчы шлях аўтаркі і этнографа філосаф Ігар Бабкоў.
«У неймавернай кампаніі […] мы выявілі, сабралі і перанітавалі сэнсы, якія, як нам хочацца верыць, хоць і на імгненне, але здольныя асвятліць шлях у часы густога змроку», — коратка прэзентавала сваю працу ў Інстраграм Маша Мароз.
«Доўгая дарога дамоў» трохмоўная — тэксты ў ёй надрукаваны на беларускай, англійскай і французскай мовах.
Выпуск арт-кнігі здзейснены дзякуючы французскай арт-ініцыятыве Les-steppes.
Час і месца прэзентацыі выдання: 18 снедня а 19.00 у Парыжы ў Bistrot 61 (3 Rue de l’Oise, 76019) і 20 снежня а 19.00 у Варшаве ў Fundacja Kraina (Pulawska 67, Mokotow). Падчас прэзнтацый кнігу можна будзе набыць.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram