Выдавецтва «Янушкевіч» падрыхтавала да друку ілюстраванае навуковае даследаванне пра нацыянальны сцяг

Культура

Нацыянальны сцяг мае багатую, драматычную, часам складаную, але і вельмі цікавую гісторыю, — мяркуюць аўтары грунтоўнага выдання, якое літаральна на днях з’явіцца ў выдавецтве «Янушкевіч».

Ідэя напісання калектыўнай манаграфіі па гісторыі беларускага на­цыянальнага сцяга ўзнікла ў 2020 годзе, калі ўдзель­нікі пратэстаў супраць сфальсіфікаваных прэзі­дэнцкіх выбараў і рэпрэсій, развязаных уладамі, пачалі масава выкарыстоўваць бел-чырвона-белыя сцягі. Тады стала відавочным, што акрамя нешматлікіх артыкулаў, пераважна публіцыстычнага характару, гэтая тэма грунтоўна навукова не даследавалася.

Выдавецтва «Янушкевіч» падрыхтавала да друку ілюстраванае навуковае даследаванне пра нацыянальны сцяг

Недастатковая вывучанасць праблемы, як і немагчымасць сёння весці навуковыя дыскусіі па гэтай тэме, дазволілі ўладам распачаць шырокую кампанію па дыскрэдытацыі бел-чырвона-белага сцяга. Пры гэтым апаненты нацыянальнай сімволікі з ліку некалькіх прафесійных гісторыкаў нават не ставілі задачы навуковага вывучэння і аб’ектыўнага асэнсавання яе гісторыі.

Праблема ўскладнілася тым, што з падачы ўладаў Рэспублікі Беларусь тэма сімволікі цалкам перацякла ў палітычную плашчыню і была крыміналізавана. Пераследуюцца нават тыя, хто выкарыстоўвае само спалучэнне нацыянальных бела-чырвона-белых колераў.

Кніга «Бел-чырвона-белы. Сцяг-нацыя-ідэнтычнасць» не закрывае ўсе праблемы, звязаныя з гісторыяй бел-чырвона-белага сцяга, — тлумачаць аўтары выдання, — але яна заклікана пакласці першы камень у пачатак далейшых навуковых даследаванняў гэтай актуальнай і жыццёва важнай для Беларусі тэмы.

Выданне пачынаецца з аналізу вытокаў і сімвалізму бел-чырвоных колераў у беларускай вексікалогіі, працягваецца гістарычным аглядам — штандарамі паўстанцаў 1863-1864 гадоў; біяграфіяй Дуж-Душэўскага; перыядам Заходняй Беларусі; аналізам нямецкіх дакументаў, якія тычыцца нацыянальнай сімволікі у Другую сусветную вайну; ужываннем сцяга на эміграцыі і ў перыяд новай хвалі беларускага адраджэння (канца 1980-х — пачатку 1990-х).

Людзі, якія адстойва­юць cцяг у найцяжэйшых умовах, з поўным правам могуць лічыцца нацыянальнымі героямі. Адным з іх бясспрэчна з’яўляўся гісторык Уладзімір Ляхоўскі (1964—2021), які не толькі дасканала, на аснове архіўных крыніц, ведаў гісторыю сцяга, але і не баяўся дзяліцца гэтымі ведамі з грамадствам. Працуючы ў архівах розных краін, ён сабраў неацэнны дакументальны матэрыял па нацыянальнай сімволіцы і да канца свайго жыцця імкнуўся напі­саць працу пра сцяг, але не паспеў… Разам з тым гісторык Ляхоўскі пакінуў вялікую навуковую спадчыну, без якой стварэнне гэтага выдання было б немагчымым. Заключная глава выдання ўяўляе сабой апошняе інтэрв’ю з гісторыкам Уладзімірам Ляхоўскім.

Аўтары спадзяюцца, што кніга заціка­віць сумленных даследчыкаў гісторыі Беларусі ХХ—ХХІ стагоддзя і заахвоціць іх да далейшых архіўных росшукаў, напісання тэкстаў і зацікаўленага абмеркавання.

Выданне «Бел-чырвона-белы. Сцяг-нацыя-ідэнтычнасць» мае 312 старонак, цвёрдую вокладку, фармат 170х240 мм.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: