Эстэцкі чорна-белы кліп на новую песню «Сон» прадставіў сёння на сваім YouTube-канале адзін з найвядомейшых беларускіх гуртоў — трыа Molchat Doma. Аўтарам гіпнатычнага і неверагодна прыгожага відэа выступіў шатландскі кліпмейкер, фатограф і рэжысёр Браян М. Фергюсан, вядомы па кліпах для Garbage, Alice Glass, Ladytron, Boy Harsher ды іншых вядомых выканаўцаў.
Браян М. Фергюсан гэтаксама заяўлены сцэнарыстам, рэдактарам і прадусарам новага відэа. «Натуральны нашчадак Кінематографа Трансгрэсіі», як называюць аўтара з Глазга, стварыў выразную мастацкую фантазію, якая адсылае да трывожных сюррэалістычных падарожжаў Дэвіда Лінча, Маі Дарэн, ды нават Жана Както, калі «паставіць» на прасторавыя пераходы і крохкасць. Вядома, бачанне Браяна М. Фергюсана падкрэслівае халодны пульс музыкі «Молчат дома», іх запыт у космас, і ўніверсальнасць урбаністычнага коду. Але сінгл «Сон» у такой падачы гучыць моцна, магічна і прыгожа.
«Сон» анансуе выхад новага альбома калектыву — «Белая полоса», прэм’ера якога запланавана на 6 верасня 2024 года.
«На хвалі свайго ашаламляльнага поспеху ў 2020 годзе трыа перажыло самыя розныя выпрабаванні: ад заняпаду ў жыцці без каранёў і вымушанага пераезду з роднага Мінска — да вяршыні кар’еры хэдлайнераў буйных канцэртаў па ўсім свеце, — распавядае каманда пра свой шлях да новага рэлізу. — Менавіта ў такім становішчы гурт пасяліўся ў сваім новым доме ў Лос-Анджэлесе, каб скончыць працу над сваім чацвёртым альбомам «Белая полоса» — сведчаннем пераменаў у цяжкія часы, любоўным лістом да лічбавага пульсу 90-х і рознакаляровым пераасэнсаваннем змрочных гімнаў танцполу».
Чацвёрты альбом гурта выходзіць на лэйбле Sacred Bones Records.
Увосень трыа адпраўляецца ў вялікае еўрапейскае турнэ ў падтрымку новага рэлізу. Падрабязней пра тур можна дазнацца тут.
Molchat Doma — беларускі рок-гурт з Мінска, які спалучае ў сваёй творчасці постпанк, сінці-поп і нью-вэйв. Музычны праект быў заснаваны ў 2017 годзе Ягорам Шкутко (вакал) і Раманам Камагорцавым (гітара, сінтэзатары, драм-машына). У склад гурта таксама ўваходзіць Павел Казлоў (бас-гітара, сінтэзатар). Падчас падзей 2020 года ў Беларусі музыкі падтрымалі мірныя пратэсты ў сваёй групе ва Укантакце, а пазней прынялі ўдзел у стварэнні музычнага дабрачыннага зборніка For Belarus, сродкі ад распаўсюджвння якога пайшлі на падтрымку пацярпелых удзельнікаў акцыяў пратэсту. Напрыканцы лютага 2022 года гурт запісаў відэазварот, у якім асудзіў уварванне Расіі на Украіну. На сёння гурт з Беларусі — адзін з найпапулярнейшых рускамоўных калектываў у Еўропе, калі не ў свеце.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: