Вайна РФ і НАТО можа пачацца на тэрыторыі Беларусі – прагнозы аналітыкаў RAND Corporation

Армия
Фота: rand.org

Расея праводзіць вялікія манеўры на тэрыторыі Беларусі, у адказ амерыканскія войскі дадаткова размяшчаюцца на тэрыторыі краін Балтыі. Забіванне памехамі радыёэфіраў і сродкаў спадарожнікавай навігацыі з абодвух бакоў, залёт знішчальніка ў чужую паветраную прастору, збіты самалёт і… Вайна?

Напружанне і ўзаемнае нарошчванне ваенных сілаў уздоўж усходніх межаў краін Балтыі і Польшчы можа прывесці да вялікага ваеннага канфлікту нават без асаблівага жадання палітыкаў, адзначае група аўтараў RAND Corporation у аналітычным 82-старонкавым дакладзе «Новы падыход да кантролю звычайных узбраенняў у Еўропе».

Чаму нас павінна цікавіць нейкая RAND Corporation?

Пачнем з таго, што гэтую арганізацыю больш правільна называць даследчым інстытутам у сферы бяспекі, дыпламатыі і баявых дзеянняў. Існуе яна ад з 1948 году, першапачатковая мэта – даследаванні і аналітыка для Узброеных Сілаў ЗША, а заснавальнік – тагачасны буйны вытворца баявых самалётаў Douglas Aircraft Company.

Вайна РФ і НАТО можа пачацца на тэрыторыі Беларусі – прагнозы аналітыкаў RAND Corporation
Штаб-кватэра арганізацыі ў Каліфорніі выглядае прыкладна так, яшчэ 8 філіялаў раскіданыя па ЗША, Еўропе і Аўстраліі. Фота: Wikipedia.org

Гадавы бюджэт складае каля $350 мільёнаў, а колькасць супрацоўнікаў – пад 2.000 чалавек.

Такім чынам гэта вельмі, Вельмі, ВЕЛЬМІ ўплывовая і аўтарытэтная арганізацыя з непасрэднымі сувязямі з Міністэрствам абароны ЗША, пра паспяховасць якой сведчаць 72 гады яе гісторыі. За гэтыя гады з RAND супрацоўнічалі больш за 30 нобэлеўскіх лаўрэатаў.

Вайна РФ і НАТО можа пачацца на тэрыторыі Беларусі – прагнозы аналітыкаў RAND Corporation
Філіял RAND Corporation у Пенсільваніі. Фота: Wikipedia.org

Дамова, якая перастала дзейнічаць

Вялізарную ролю ў стабілізацыі сітуацыі і мірным заканчэнні Халоднай вайны, гаворыцца ў дакладзе, грала заключаная ў 1990-м годзе дамова пра абмежавання звычайных (то бок не ядзерных) сілаў у Еўропе. Сэнс дакументу быў ва ўсталяванні ўзроўняў розных звычайных узбраенняў (іншай бранятэхнікі, артылерыі, самалётаў і г.д.) у нашым рэгіёне, што адразу зніжала небяспеку нечаканай атакі, спробы бліцкрыгу з аднаго ці іншага боку.

Аўтары адзначаюць, што зараз гэтая дамова «па вялікім рахунку развалілася» – Расея перастала яе выконваць у 2007 годзе, некаторыя краіны НАТО, а таксама Грузія і Малдова – у 2011-м.

У выніку любы значны рух войскаў па тэрыторыі сваёй краіны ці краіны-хаўрусніка выклікае занепакоенасць і рухі ў адказ з іншага боку. У выніку паступова і з усё большай сілай можа раскручваецца спіраль эскалацыі адказаў на меркаваныя пагрозы. Даклад разглядае, дзе і як гэта можа адбывацца.

Сцэнарыі Трэцяй сусветнай

У цэлым аўтары апісваюць 6 варыянтаў развіцця падзей, якія могуць прывесці да ўзброенага канфлікту Расеі і НАТО. У 4 з іх так ці інакш прысутнічае Беларусь – гэта варыянты звязаныя з вучэннямі наземных сілаў Расеі ў Беларусі, ці з сітуацыяй вакол расейскай ваенна-марской базай у Калінінградзе. У апошнім выпадку Расея будзе дакладна выкарыстоўваць тэрыторыю Беларусі для таго, каб прабіць наземны калідор да свайго анклаву ў былой Усходняй Прусіі.

Такім чынам Беларусь разглядаецца як стратэгічна важная тэрыторыя, якая можа быць задзейнічаная ў большасці сцэнароў канфліктаў.

Агульнае ў гэтых сцэнарах – хуткае перакідванне вялікіх сілаў (напрыклад, падчас так званых «раптоўных праверак баявой гатоўнасці» у Расеі*), якое прыводзіць да рэзкага росту напружанасці.

Гэтак, у разгар агрэсіі супраць Украіны летам 2014 году падчас раптоўнай праверкі сілаў Цэнтральнай вайсковай акругі РФ былі праведзеныя маштабныя перадыслакацыі і вучэнні з удзелам 65.000 жаўнераў, 180 самалётаў, 60 верталётаў, 5,5 тыс адзінак наземнай баявой тэхнікі. Ніхто ў той час не мог гарантаваць таго, што гэтыя войскі не будуць перакінутыя на ўсход Украіны, каб падзяліць яе, напрыклад, па лініі Дняпра.

Рух вялікай колькасці войскаў, які праводзіцца без папярэджання, можа азначаць у вачах вайскоўцаў іншых краін як вучэнні, гэтак і непасрэдную пагрозу агрэсіі. Улічваючы стратэгічную важнасць Беларусі, найбольш небяспечны варыянт, на погляд аналітыкаў RAND Corp., гэта раптоўныя вучэнні вялікіх масаў расейскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі, якія будуць пагражаць і краінам Балтыі, і Польшчы, а значыць будуць патрабаваць неадкладнай рэакцыі.

А калі ў адным рэгіёне пачынаюць дзейнічаць вялікія масы войскаў, першы стрэл новай вайны можа прагучаць нават проста выпадкова.

Дык толькі выпадковасць? Чаму не свядомая агрэсія?

Справа ў тым, што аналітыкі свядома сябе абмежавалі толькі сцэнарамі, у якіх баявыя дзеянні пачынаюцца без непасрэднага жадання вышэйшага палітычнага кіраўніцтва абодвух бакоў. Іхнай тэмай быў кантроль за звычайнымі ўзбраеннямі, а значыць і за рухам войскаў, чаму гэты кантроль неабходны, і як яго выкарыстаць для зніжэння напружанасці.

То бок яны не разглядалі выпадкі, у якіх такі кантроль проста ніяк не дапаможа – напрыклад, калі РФ ці НАТО свядома хочуць пачаць агрэсіўную вайну. Вывучалася логіка прыняцця рашэнняў вайскоўцамі: ацэнка нейкага руху праціўніка як пагрозы – рух у адказ – рэакцыя праціўніка на адказ. І як гэтыя дзеянні могуць прывесці да ваеннага сутыкнення.

Адпаведна, кажуць аўтары, пра ўсе рухі войскаў у рэгіёне ўзгадняць, тэрміны і маршруты, усе стрэльбы, месцы манеўраў – таксама. Каб выпадковыя ракеты не збівалі выпадковых самалётаў, максімальна разводзіць масы войскаў на бяспечную адлегласць. Рашэнне пра пачатак вайны павінны прыймаць палітыкі, а не шараговы афіцэр, рука якога ляжыць на пульце кіравання ракетным комплексам.

А што там канкрэтна напісана пра Беларусь як дзяржаву?

Амаль нічога. Для аналітыкаў RAND Corp. такой дзяржавы з яе ўласнай палітыкай і ваеннымі сіламі проста не існуе. Беларусь у дакладзе фігуруе толькі як тэрыторыя, на якой праводзяцца расейскія вайсковыя манеўры, рухаюцца войскі, размяшчаюцца супрацьпаветраныя ракетныя комплексы.

З іх пункту гледжання, як мінімум у час абвастрэння сітуацыі, Масква проста не будзе звяртаць увагу на пазіцыю палітычных уладаў Беларусі – паставіць тут любыя свае войскі, і, калі захоча, пачне вайну з тэрыторыі Беларусі супраць НАТО.

То бок, калі сярод краін НАТО аналітыкі разлічваюць магчымасць рознага стаўлення да пытання «ці варта ваяваць супраць Расеі за Рыгу», то Беларусь фактычна выступае ў дакладзе нават не як хаўруснік Масквы, а проста як марыянетка, як аб’ект і тэрыторыя.

З аднаго боку, канешне, можна паставіць пытанне пра прафесіяналізм аўтараў даклада. А з іншага боку, можна і пацікавіцца: ці не палітыка афіцыйнага Менска апошніх 25 год прывяла да такога аслаблення павагі да беларускага суверэнітэту?

А што пра беларускае войска?

Будзем шчырымі, яшчэ менш, чым пра дзяржаву – зусім нічога, нуль, абсалютнае зеро. І мяркую, тут праблема нават не толькі ў месцы Беларусі ў АДКБ (ОДКБ, такі расейскі псеўда-аналаг НАТО), а таксама і ў палітыцы беларускіх уладаў адносна беларускага войска.

Што за апошнія 25 год улады рабілі для таго, каб беларуская армія вонкава і ментальна адрознівалася ад расейскай? Скажам шчыра, мала што. Нават многія беларусы сумняюцца ў тым, што беларускае войска будзе ваяваць за незалежнасць сваёй краіны ў выпадку расейскай агрэсіі.

У выніку гэта выклікае праблемы ў пазіцыянаванні Беларусі як самастойнага субʼекта ў еўрапейскай палітыцы.

Гэтак яшчэ ў красавіку 2017 года былы польскі амбасадар Лешэк Шарэпка адкрыта заявіў, што лічыць беларускае войска толькі часткай расейскага. Як мы бачым нават праз 3 гады такія ацэнкі могуць уплываць на вывады аналітыкаў, якія дапамагаюць вызначыць знешнюю палітыку ЗША і НАТО.

Якія наступствы гэтага ў выніку рэальнага ўзброенага канфлікту? Калі будзе канфлікт НАТО з РФ, то беларуская армія, інфрастуктура i транспарт незалежна ад нашых намераў і планаў робяцца цэлямі ракетаў і авіяцыі НАТО. З усімі наступствамі.

У выпаду канфлікту Менска і Масквы – беларусам прыйдзецца спачатку доўга праліваць кроў, каб знешні свет паверыў у іхную гатоўнасць ваяваць за сваю незалежнасць і пачаў ім аказваць рэальную дапамогу тэхнікай, зброяй ці войскамі.

***

Меркаванне і ацэнкі аўтара могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.

***

Спадабаўся матэрыял? Паспей абмеркаваць яго ў каментах пабліка Reform.by на Facebook, пакуль усе нашы там. Далучайся да самай актыўнай суполкі рэфарматараў у Беларусі і запрашай сяброў!

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: