10 студзеня ў берлінскай прасторы Сoworking space прайшла прэзентацыя выдавецтва hochroth Minsk і друкарскі перформанс, падчас якога гледачы паўдзельнічалі ў вырабе кніг.
Выдавецтва hochroth Minsk было створана паэтам Дзмітрыем Строцавым год таму, і за гэты час ужо выдадзена дзесяць кніг паэзіі.
Нагадаем, што Дзмітрый Строцаў стаў адным з галасоў рэвалюцыі 2020-га, рэагуючы сваімі вершамі на актуальныя настроі і падзеі. Быў арыштаваны, пакінуў Беларусь у 2022 годзе, цяпер жыве ў Берліне.
Паразмаўлялі з паэтам і выдаўцом пра прэзентацыю, выдавецтва, літаратуру і час.
— Як прайшла прэзентацыя? У сацсетках вы напісалі, што імпрэза ўдалася…
— Маё выдавецтва дзейнічае ў Берліне, я ўжо правёў яго прэзентацыі ў Кракаве, Варшаве і Вільні. І мне было важна звярнуцца да беларусаў Берліна, каб яны ведалі, што ў горадзе, у якім яны жывуць, з’явілася беларускае выдавецтва. Да таго ж якраз прыехалі мае аўтары — Крысціна Бандурына і Андрэй Хадановіч, якія на прэзентацыі і выступілі.
У мяне ёсць прастора, дзе дзейнічае маё выдавецтва, таму можна было пашырыць фармат прэзентацыі. Мы камунікавалі, чыталі вершы і адначасова разам з гледачамі падрыхтавалі некалькі кніг.
Цяпер у Германіі адбываецца забастоўка транспартнікаў, не ходзяць цягнікі і не працуе галоўны гарадскі транспарт, таму я разлічваў, што прыйдзе чалавек 10-15, аднак прысутнічала больш за 50.
— Ваш выдавецкі досвед пачаўся яшчэ ў сярэдзіне 1990-х. Чаму вы вырашылі заняцца выданнем кніг?
— Як паэт і пісьменнік я фарміраваўся ў 1980-я, тады пра публікацыі маіх кніг немагчыма было нават марыць. У пачатку 1990-х, пасля распаду СССР, адбылася лібералізацыя, сталі з’яўляцца незалежныя выдавецтвы, але іх было вельмі мала, а яшчэ менш было тых, якія хацелі працаваць з паэзіяй. Усе імкнуліся выдаваць лёгкае чытво, якое прыносіла хуткія грошы.
У мяне ўжо быў адпаведны досвед працы, і я вырашыў увасобіць сваю мару. У сярэдзіне 1990-х мы з сябрамі стварылі у Мінску выдавецтва «Вінаград», якое праіснавала да канца дзесяцігоддзя.
У 2000-м я вырашыў змяніць форму ўласнасці, стаць індывідуальным прадпрымальнікам. У той час якраз увялі кваліфікацыйны экзамен для атрымання выдавецкай ліцэнзіі, і я яго не прайшоў. То-бок з рэпрэсіўным бокам гэтага вынаходніцтва — ліцэнзаваннем выдавецкай дзейнасці — я сутыкнуўся вельмі рана. Мне было прапанавана прыйсці праз паўгады, але я зразумеў, што больш не буду спрабаваць. І з таго часу займаўся самвыдатам. Друкаваў кніжкі, яны былі без ISBNаў, аднак іх бралі бібліятэкі, у тым ліку Нацыянальная.
Пасля майго ад’езду з Беларусі ў сакавіку 2022 года я хацеў працягваць займацца выданнем кніг, але ж не ведаў, наколькі гэта магчыма ў новых умовах. Сустракаў людзей, якія хацелі мне дапамагчы, аднак у мяне не было ні пастаяннага месца жыхарства, ні магчымасці мець рэчаў больш, чым дзве валізкі. А выдавецтва — гэта тыражы і склады. То-бок нейкае ўкараненне.
Калі я пераехаў у Берлін, на мой выступ прыйшла Вера Курленіна — дырэктарка выдавецтва hochroth Berlin.
Нямецкае выдавецтва hochroth у 2008 годзе ўзнікла ў Берліне, а паколькі яго фармат і прынцыпы былі геніяльныя, то вельмі хутка з’явіліся філіялы ў 8, здаецца, нямецкіх гарадах, а таксама ў Парыжы, Рызе, Будапешце і Вене.
І Вера прапанавала мне выдаць маю кнігу на нямецкай і рускай мовах.
Мяне гэта кранула, а паколькі я пастаянна думаў пра свой выдавецкі праект, то спытаў яе, ці не могуць яны ў сваім саюзе выдаўцоў убачыць hochroth Minsk. Вера параілася з калегамі, і яны пагадзіліся.
— Выдаваць у Берліне кнігі паэзіі ды яшчэ галоўным чынам на беларускай мове… Калі вы браліся за рэалізацыю гэтай ідэі, што вы пралічвалі, якія падводныя камяні маглі тут быць? І чаму атрымалася?
— Складанасці былі, ёсць і будуць. Аднак і стаўкі вельмі высокія. Цяпер у Беларусі жудасная сітуацыя як з кнігамі на беларускай мове, так і з любымі незалежнымі выданнямі. Таму я разумеў, што я павінен усё, што магу, рабіць для Беларусі і падтрымліваць нашых аўтараў — і тых, хто дома, і тых, хто выехаў.
Я атрымаў тады значную дапамогу, а цяпер ужо, крок за крокам, набываю ўсё большую самастойнасць.
Бо першыя тры кнігі, што выйшлі ў пачатку 2023 года, друкаваліся на базе hochroth Berlin, а цяпер у мяне ёсць свая выдавецкая студыя ў Берліне з абсталяваннем, неабходным для аўтаномнай работы.
Важна, што такое выдавецтва не патрабуе склада. Кнігі робяцца ўручную і столькі, колькі патрэбна.
— Колькі чалавек удзельнічае ў вытворчасці?
— Для кожнага новага праекта я шукаю рэдактара, вярстальшчыка і дызайнера, гэта заўсёды мабільная каманда. Што тычыцца ілюстратараў, то іх часта выбіраюць самі аўтары.
Цяпер дапрацоўваецца сайт, бо трэба вучыцца прэзентаваць кнігі ў новых умовах, каб выдавецтва было бачнае.
— Ці ваша выдавецтва камерцыйна паспяховае?
— Усе выдаўцы ў hochroth маюць іншую асноўную працу. Гэта прызванне — выдаваць кнігі паэзіі. Хацелася б наладзіць працэс так, каб з продажу кніг можна было б запускаць новы праект, у адным выпадку атрымліваецца, у іншым — не.
— Перавага невялікага фармату ў тым, што кнігі выдаюцца хутка і своечасова…
— Так, пасля 2020 года з’явілася вельмі шмат тэкстаў, якія я ведаю, бо сябрую з аўтарамі і сачу за іх публікацыямі ў сацсетках. Аднак у сацсетках яны перакрываюцца іншымі матэрыяламі. І калі ты спецыяльна не назіраеш за тым, што робіць аўтар, то не бачыш яго выказванне ў развіцці. Таму кніга патрэбная, яе немагчыма замяніць публікацыяй на сайце.
Кніга ёсць кніга, яна павінна быць цэльнай і павінна «выстраліць».
— У 2012-м вы напісалі верш пра тое, як паэт хоча праспаць увесь гэты жах і прачынаецца ці ў залатым веку, ці па дарозе ў ГУЛАГ. Вы як бы прадбачылі 2020-ты, калі ўсе марылі пра залаты век, а апынуліся там, дзе апынуліся. У гэтым вершы я бачу выразную і ўстойлівую метафару для нашых «крывавых земляў».
Што дае вам сілы сёння? Як бы вы зараз завяршылі свой верш?
— Так, гэты тэкст захоўвае актуальнасць, ён з’явіўся ў сувязі з тэмай смяротнага пакарання ў Беларусі, праз пару месяцаў пасля таго, як прывялі ў выкананне прысуд Канавалаву і Кавалёву. Мяне гэта вельмі ўзрушыла. Было зразумела, што злачынная ўлада выпрабоўвае грамадства, каб паглядзець, наколькі людзі гатовы адступіцца ад нейкіх маральных прынцыпаў дзеля спакою. Я адчуў, што мы скатваемся ў прорву. Пры гэтым хтосьці працягваў бачыць перспектыву і святло ў канцы тунэля, але цяпер зразумела, што мы рухаліся менавіта такім чынам і прыйшлі туды, куды прыйшлі.
Гэты тэкст не страціць актуальнасці, нават калі мы з гэтага змроку выйдзем, таму што ён універсальны. Калі мы не рызыкуем, не ставім вострыя пытанні, то сабе здраджваем. Перастаем быць у рэальнасці, якая б цяжкай яна не была, а змяшчаем сябе ва ўтульнае для сябе ўяўленне аб гэтай рэальнасці.
У 1990-х казалі, што «савок» не можа вярнуцца, што мы прайшлі незваротную кропку. Аднак мне было зразумела, што высновы не зроблены, захоўваюцца рэпрэсіўныя структуры і не адбылося люстрацыі. І сістэма стала ўзнаўляцца ў тых формах, у якіх яна заўсёды існавала.
Безумоўна, гэтаму шмат паспрыяла Расійская Федэрацыя, аднак беларусы і самі адказныя за многія рэчы, якія з намі адбываюцца. Многае, што трэба было рабіць у 1990-х, не рабілася.
Што дае сілы працаваць? У кожнага сваё месца. Я раблю тое, што магу: удзельнічаю ў літаратурным працэсе. Калі жыццё, энергія будуць у той прасторы, у якой я знаходжуся і дзейнічаю, то гэта нейкім чынам умацуе наш стан сённяшні.
Я не аптыміст і не бачу хуткага вырашэння нашых вельмі сур’ёзных праблем, але разумею, што сабранасць, уважлівасць, салідарнасць, дыялог — тое, што нам дапамагае захоўваць сябе, падтрымліваць камунікацыю і адно аднога.
— Якая самая страшная пагроза для культуры ўнутры Беларусі, і ці адчуваеце вы супраціў грамадства ў краіне?
— Я бачу, што беларускае грамадства змянілася ў 2020 годзе: людзі адчулі смак свабоды, убачылі адно аднога. Нягледзячы на рэпрэсіі, ніякае вяртанне да савецкага чалавека, нават да чалавека 1990-х і нулявых, ужо немагчымае.
У 1980-х я належаў да нонкамфармісцкай суполкі Кіма Хадзеева, у сваёй кампаніі мы абмяркоўвалі многія падзеі, але я памятаю тое адчуванне, калі я з гэтымі важнымі для мяне думкамі выходзіў з дома Кіма і больш ні з кім не мог паразмаўляць на падобныя тэмы. Гэтая адчужанасць, адзінота былі вельмі сур’ёзнымі.
А ў 2020 годзе адбыліся рэчы немагчымыя, цудоўныя і невытлумачальныя. Я выходзіў са свайго дома, дзе я жыў шмат гадоў і ведаў толькі некалькі суседзяў, з якімі адно вітаўся, паварочваўся тварам да яго і бачыў, што ў кожным трэцім акне вісіць бел-чырвона-белы сцяг.
Гэта была немагчымая праява салідарнага выказвання.
Я мог амаль да любога чалавека падысці, і ў нас былі агульныя асновы для камунікацыі.
І я ўпэўнены, што на фоне ўсіх страшных рэпрэсій, якія цяпер адбываюцца, ужо нічога не зменіцца ў грамадскіх настроях. Таму вельмі важна тым, хто з’ехаў, захоўваць паўнату камунікацыі з тымі, хто застаўся. Важна разумець, што хоць у нас розныя сітуацыі, але мы адзіныя і не павінны гэтае перажыванне адзінства страціць.
Таму так неабходна беражліва ставіцца адно да аднога і старацца як мага больш камунікаваць. І ўсё ў нас будзе.
— У 2020 годзе вы напісалі верш «Время работает на нас». І я хачу задаць вам гэтае пытанне: «Час па-ранейшаму працуе на нас?»
— Як бы не было сёння цяжка, мяркую, што так. Справа ў тым, што ў нейкі момант узнікла такое ілюзорнае ўяўленне, што мы ў Беларусі спрабуем вырашыць сваю нацыянальную задачу. Цяпер, з перспектывы 2024 года, пасля расійскага поўнамаштабнага ўварвання ў 2022-м, зразумела, што тое наша выступленне трэба разглядаць у больш шырокім кантэксце. У нас ужо было значна менш шанцаў хутка вырашыць беларускую праблему, чым ва Украіне ў 2014-м.
Наш вораг добра падрыхтаваўся.
Аднак мы ў 2020-м зрабілі вельмі важны крок у бок новай Беларусі і цяпер мусім прайсці пэўны шлях разам з украінцамі, а таксама з людзьмі, якія супраціўляюцца рэжыму ў Расійскай Федэрацыі. Мы павінны разумець, што мы ўдзельнічаем у больш шырокім супрацьстаянні.
І ў нас не самая кепская пазіцыя: мы маем моцную грамадскую салідарнасць, упэўненасць і давер.
Той падзел, які цяпер ёсць у расійскім грамадстве, зусім не падобны да таго, што адбываецца ў нас.
Таму, як бы не было цяжка, у нас ёсць грунт для надзеі.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram