8 лістапада спаўняецца 140 гадоў з дня нараджэння выбітнага пісьменніка, палітыка, публіцыста, гісторыка, этнографа і літаратуразнаўца Вацлава Ластоўскага (1883-1938).
Ён быў прэм’ер-міністрам урада БНР, сакратаром «Нашай Нівы», аўтарам першага падручніка па гісторыі Беларусі і расійска-беларускага слоўніка. Адкрыў першую беларускую кнігарню і напісаў загадкавую аповесць «Лабірынты».
Быў заснавальнікам і рэдактарам часопіса «Крывіч». Пераехаўшы ў БССР, стаў дырэктарам Беларускага дзяржаўнага музея і загадчыкам кафедры этнаграфіі ў Інбелкульце. Ластоўскі арганізоўваў этнаграфічныя экспедыцыі ў рэгіёны Беларусі і па-за яе межы. З адной такой экспедыцыі Ластоўскі прывёз у музей Крыж Еўфрасінні Полацкай.
Вацлаў Ластоўскі быў арыштаваны 21 ліпеня 1930 года па справе «Саюза вызвалення Беларусі» і праз 10 месяцаў допытаў і катаванняў у турмах Мінска і Масквы сасланы ў Саратаў. Тут ён працаваў загадчыкам аддзела рэдкіх рукапісаў бібліятэкі Саратаўскага ўніверсітэта. Паўторна арыштаваны ў 1938 годзе і неўзабаве расстраляны ва ўзросце 54 год.
Нястомны і пладавіты творца, Вацлаў Ластоўскі пакінуў па сабе шмат унікальных выданняў, за кожным з якіх стаіць тытанічная праца. Скарынаўская бібліятэка ў Лондане захоўвае адну з найвялікшых калекцый кніг і часопісаў, выдадзеных Ластоўскім у Вільні і Коўне, а таксама выданняў Інбелкульта, да якіх ён спрычыніўся ў БССР.
Паразмаўлялі пра гэтыя ўнікальныя выданні з куратаркай кніжнай калекцыі бібліятэкі, даследніцай-біблісткай Каралінай Мацкевіч.
— Мы ведаем Вацлава Ластоўскага ў некалькіх іпастасях — як палітыка, у прыватнасці ён быў прэм’ер-міністрам БНР, і як навукоўца і культурнага дзеяча. Яго творчы і навуковы шлях найбольш плённа можна прасачыць па кнігах, выданнях, якія захаваліся ў тым ліку і ў Скарынаўскай бібліятэцы ў Лондане…
— Вацлаў Ластоўскі быў самавукам, мусіць таму ён не быў абмежаваны ў сваім пошуку. Магчыма, фармальная ўніверсітэцкая адукацыя скіравала б ягоныя зацікаўленні і падыход у больш вузкія, акадэмічныя межы. Але ён меў ад пачатку не толькі надзвычайную прагу да навукі, але й поўную акадэмічную свабоду. Калі адкінуць, вядома, патрэбу ад ранніх гадоў зарабляць самому на жыццё і навуку.
Шлях нашага вялікага кніжніка ад самага пачатку быў звязаны з бібліятэкамі і музеямі – пачынаючы ад студэнцкай бібліятэкі ў Пецярбургу, дзе юнак Ластоўскі ўладкаваўся бібліятэкарам, наведваючы ўніверсітэцкія курсы як вольны слухач. Нават рэпрэсаваным, у высылцы, ён працуе кіраўніком аддзела рэдкіх рукапісаў Саратаўскага ўніверсітэта, такім чынам да самага канца займаецца кнігамі і старасветчынай. Таму мы, людзі, якія працуюць у бібліятэках – кніжнікі і музейнікі – можам успрымаць яго як свайго патрона. Ягоная палітычная дзейнасць – гэта частка магутнага адраджэнцкага прарыву, які ён здзейсніў, але для мяне галоўны плён яго дзейнасці – гэта прарыў навуковы і культурніцкі, асэнсаванне нашай тысячагадовай гісторыі, даследаванне беларускай старасветчыны, мовы і народнай культуры, выпрацоўка сімвалаў беларускай ідэнтычнасці.
Ва ўсім гэтым ён быў адным з пачынальнікаў. Ягоны першы навуковы твор – «Кароткая гісторыя Беларусі» – гэта першы падручнік нашай гісторыі, напісаны беларусам і для беларусаў. У той час, у 1910 годзе, ён ужо працуе сакратаром «Нашай Нівы». І на нашай выставе побач ляжаць асобнік «Кароткай гісторыі» Вацлава Ластоўскага і саракавы нумар «Нашай Нівы» за 1910 год на лацінцы, дзе паведамляецца: “Выйшла з друку і прадаецца ў Канторы “Нашае Нівы” новая кніжка “Кароткая гісторыя Беларусі з 40 рысункамі”. Напісаў ВЛАСТ. Цэна 60 кап.” Абодва гэтыя выданні – сведкі таго асветніцкага нашаніўскага ўздыму, часткай якога быў Ластоўскі.
— Улічваючы тое, што «Кароткая гісторыя Беларусі» якраз і пачала друкавацца ў «Нашай Ніве», ці можам мы меркаваць, што Ластоўскі быў адначасова і навукоўцам, і паспяховым папулярызатарам?
— Так, самае яскравае сведчанне яго папулярызатарскай, асветніцкай працы — гэта кніга «Што трэба ведаць кождаму беларусу», якая выходзіць у 1918 годзе. Гэта свайго роду катэхізіс беларускага адраджэння, дзе ў самых простых формах выкладзенае бачанне беларускай ідэнтычнасці.
Першае пытанне ў гэтай кнізе гучыць так: «Хто мы?». Адказ: «Мы беларусы». «Хто ёсць беларусы?». Адказ: «Беларусы — гэта народ славянскага племя». «Чаму называемся беларусамі?». Адказ: «Бо мы нарадзіліся беларусамі, ускарміліся з беларускай зямлі, узгадаваліся і жывем у Беларусі». «Хто беларус?». Адказ: «Беларус той, у чыіх жылах плыве беларуская кроў, чые прадзеды, дзяды і бацькі былі беларусамі».
— Сёння, калі мы маем сваю дзяржаву, мы б па-іншаму адказвалі на гэтыя пытанні. Аднак пры гэтым кожнае пакаленне гэтыя пытанні сабе задае…
— Шмат хто прыходзіць у нашую бібліятэку і рэагуе менавіта на гэтую кніжачку. Добра было б штосьці такое выдаць для нас цяперашніх. Падобны запыт быў і ў канцы 1980-х, калі была чарговая хваля нацыянальна-культурнага адраджэння, і ў 1991 годзе гэтая кніжка перавыдавалася. Кожнае пакаленне, якое прыходзіць да патрэбы асэнсаваць, хто мы такія, вяртаецца да Ластоўскага. І знаходзіць там і гэтыя мадэлі, і натхненне для іх пераасэнсавання.
— Усё ж першым Янка Купала задаў пытанне «Хто ты гэткі?» А Андрэй Хадановіч мяркуе, што паэт гэтым вершам адрэагаваў на польскі катэхізм: «Kto ty jesteś? Polak mały».
— Так, гэта падставовае пытанне нацыянальнай ідэнтычнасці. І Купала, і Ластоўскі – нашыя пачынальнікі – мусілі даваць на яго адказ.
З таго ж часу нашая бібліятэка мае вельмі каштоўны рукапіс Вацлава Ластоўскага — ягоны пераклад п’есы Элізы Ажэшкі «У зімовы вечэр. Сцэна с селянскаго жыцьця». Нават пазначаная дата заканчэння працы: 27 сакавіка 1910 года. Ластоўскі пералічвае дзеючых асобаў і нават у тым жа сшытку замалёўвае, як павінна выглядаць сцэна. Ставіцца да гэтага тэксту амаль як рэжысёр. Каштоўнасць рукапісу яшчэ і ў тым, што мы маем узор ягонага почырку.
— Ці адбылося сцэнічнае ўвасабленне перакладу п’есы?
— У той час адбываўся ўздым беларускага тэатральнага жыцця ў Вільні, і Ластоўскі, напэўна, меркаваў, што п’еса будзе пастаўленая. Не ведаю, ці насамрэч адбылася пастаноўка, можа, нашыя даследнікі тут дапамогуць, але пераклад быў выдадзены яшчэ ў 1927 годзе.
— Вацлаў Ластоўскі арганізаваў сваё ўласнае выдавецтва. Ці мае ваша бібліятэка гэтыя кнігі?
— Так, у нас, напрыклад, ёсць зборнік “Прыпеўкі (песьні-песень)” 1918 года гэтага выдавецтва. Прыпеўкі сабраў сам Ластоўскі, а на апошняй бачынцы вокладкі змешчаная ягоная бібліяграфія: “Кніжкі уложэные і апрацаваные тымжэ аўторам». І там даўгі спіс таго, што ён сам уклаў, апрацаваў і выдаў. Адразу відаць, як шмат ён займаўся зборамі этнаграфічных матэрыялаў.
Яшчэ з унікальных артэфактаў мы маем каштоўны групавы здымак 1919 года. Ён мае подпіс: «Беларускія вучыцельскія курсы ў Вільні. 1919». Віленшчына ў той час была пад Польшчай, і пры польскай уладзе былі адкрытыя курсы для беларускіх настаўнікаў, дзе выкладалася беларуская мова, гісторыя і культура Польшчы і некалькі іншых дысцыплінаў. Кіраўніком курсаў быў Ян Станкевіч, а адным з настаўнікам — Вацлаў Ластоўскі. Сярод настаўнікаў таксама быў Клаўдзій Дуж-Душэўскі, з якім Ластоўскі будзе шчыльна супрацоўнічаць у Коўне.
— Першы свой верш Вацлаў Ластоўскі надрукаваў у часопісе «Беларускі сцяг» у 1922 годзе. Ці маеце гэтае выданне?
— Выйшла ўсяго чатыры нумары часопіса «Беларускі сьцяг», усе яны ёсць у нашай бібліятэцы. Ластоўскі актыўна ў ім публікаваў і вершы, і артыкулы. Напрыклад, там надрукаваны ягоны артыкул «З Беларуска-Літоўскай мінуўшчыны».
Сёлета мы адзначалі яшчэ адзін важны юбілей – стагоддзе часопіса «Крывіч», які Ластоўскі выдаваў з Дуж-Душэўскім у Коўне. У 1923-1927 гадах выйшла ўсяго 12 нумароў «Крывіча», з якіх бібліятэка захоўвае дзесяць.
Сярод іх другі нумар часопіса за 1923 год, у якім Ластоўскі пачынае публікаваць славутую аповесць “Лабірынты”.
Адной з галоўных мэтаў часопіса было “адшуканьне шляхоў к самаазначаньню Беларусі ў сфэры духовасьці”. Шляхі гэтыя рэдактары бачылі найперш у вяртанні да каранёў, ва ўсведамленні беларусамі сябе як нацыі з тысячагадовай гісторыяй, культурай і дзяржаўнасцю, і ў далучэнні гэтае нацыі да сусветнай культуры.
Аўтарам большасці матэрыялаў – літаратурных твораў і артыкулаў па старажытнай гісторыі Беларусі, культуразнаўстве і лексікаграфіі – быў сам Ластоўскі. У той час ён адышоў ад палітычнай дзейнасці як прэм’ер-міністр БНР і прысвяціў сябе навуковай і выдавецкай працы. Рэдакцыйны артыкул пісаў: “Настаў вялікі час, калі беларускай адраджэнчай думцы, ані на момант не спыняючы ні з якога боку змаганьня, патрэба акапацца на здабытых дагэтуль пазыцыях: прыступіць да творчай працы ў дзедзіне нашага самапазнаньня, самаацэны і самакрытыкі.”
— Назва гэтага часопіса вельмі красамоўная і нагадвае, што Ластоўскі быў прыхільнікам таго, каб Беларусь называлася Крывіяй.
— Так, ён уважаў, што слова «беларус» падзяляе нашу нацыю. А слова «крывіч» збірае ў сабе ўсе скарбы нашага мінулага, гісторыі і культуры. Для яго гэта цывілізацыйны тэрмін. Ён і ў “Гісторыі беларускай (крыўскай) кнігі” збірае помнікі культуры, якую ён называе крыўскай.
А ў аповесці «Лабірынты» ён гэту культуру фармулюе як цывілізацыю, як высокі міт. Яго часта называюць рамантыкам, можа быць і Караткевіч у яго часткова пераняў танальнасць сваіх твораў і пэўныя ідэі. Ластоўскі пераконвае свайго чытача, што нават калі няма цывілізацыі, якую можна памацаць, то яна існуе дзесьці там, у лёхах, у падзем’і. Ён яе прыдумляе і такім чынам – стварае. Ва ўсім, што ён рабіў, ён мацаваў беларускі культурны код – свайго роду беларускую ДНК. Адшукваў, захоўваў, фармуляваў, і, фармулюючы, ствараў наш нацыянальны міт. «Лабірынты» — вельмі незвычайны для нас тэкст. Я не ведаю, наколькі мы можам казаць, што гэты тэкст быў уплывовы, ці быў ён напоўніцу ўспрыняты нашай культурай, але і цяпер, праз сто гадоў, ён нясе важныя для нас сэнсы.
У «Крывічы» Ластоўскі таксама публікуе шмат лексікаграфічных матэрыялаў. У гонар юбілею зборнік ягоных мовазнаўчых артыкулаў падрыхтаваны да друку выдавецтвам «Скарына». Укладальнік Уладзіслаў Гарбацкі сабраў у зборніку ўсе прыжыццёвыя мовазнаўчыя артыкулы Ластоўскага.
У 1924 годзе выходзіць “Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік” (1924) на 17 000 назоваў, багацейшы лексікаграфічны матэрыял, да якога Ластоўскі дадае шмат словаў-наватвораў, якія ён прыдумаў. Некаторыя з іх прыжыліся і мы імі карыстаемся, часта не ведаючы іх паходжання. Напрыклад, нашчадак, дойлід, жыхар, спаборніцтва.
Тады ж ён рыхтуе да выдання свой магнум-опус: “Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі. Спроба паясьніцельнай кнігопісі ад канца X да пачатку XIX стагодзьдзя” (1926) – галоўны свой твор.
Перад тым, у 1925 годзе, ён выдаў невялікай брашурай «Летапісец Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага» – частка гэтых матэрыялаў увойдзе ў «Гісторыю крыўскай кнігі», дзе аўтар таксама сур’ёзна даследуе старыя летапісы.
У прадмове да «Гісторыі крыўскай кнігі» ён выразна фармулюе сваю задачу. Ён цытуе падручнікі Расійскай імперыі, дзе гаворыцца, што ў беларусаў няма сваёй пісьменнасці, што яны цёмныя і памяркоўныя, хаця і “добрыя землякопы”. Абураны Ластоўскі ставіць сваёй задачай сабраць нашу кніжную спадчыну – старажытныя ўзоры нашай пісьменнасці – на якой заснаваная наша культурная ідэнтычнасць. Далучае да нашай спадчыны кітабы беларускіх татараў. Абмежаваны ў сваіх даследаваннях, бо піша кнігу ў выгнанні без доступу да арыгінальных рукапісаў, Ластоўскі ўважае, што у яе павінны былі б увайсці помнікі пісьменнасці ноўгародскіх, пскоўкіх і северскіх земляў, якія паказваюць еднасць крывіцкай культуры, і пакідае гэту працу іншым даследнікам.
Сучасныя навукоўцы ўважаюць, што гэты твор дагэтуль нікім не пераўзыдзены.
— Мы падышлі да той лёсавызначальнай мяжы, калі Ластоўскі прымае рашэнне пераехаць у БССР, дзе становіцца дырэктарам музея і пазней акадэмікам. Праўда, часу мае ўжо няшмат: прыязджае ў 1927 годзе, а ў 1930-м яго першы раз арыштоўваюць…
— За гэты час ён як выдатны арганізатар вельмі шмат зрабіў для навукі. Быў дырэктарам Беларускага дзяржаўнага музея, і адначасова – загадчыкам кафедры этнаграфіі і неадменным сакратаром Інбелкульта.
За ягоным подпісам выходзяць шматлікія тэрміналагічныя зборнікі. Напрыклад, слоўнік арніталагічных тэрмінаў «Назовы птахаў» і батанічных – «Іменьнік расьцін»; слоўнік беларускай вайсковай тэрміналогіі «Вайсковая каманда». У нашай бібліятэцы ёсць зборнік «Матар’ялы да вывучэньня фольклёру і мовы Віцебшчыны». Такая праца робіцца пад яго кіраўніцтвам. Гэта быў надзвычайна насычаны час, калі ён далучыўся да стварэння ў Беларусі этнаграфіі як навукі. Арганізоўваў этнаграфічныя экспедыцыі, і пазней, з высылкі, пісаў, што ў тых экспедыцыях сабраў сапраўдны скарб.
— Пачнем з таго, што з яго дапамогай быў знойдзены крыж Еўфрасінні Полацкай…
— Гэта была яго экспедыцыя, але казаць, што ён яго знайшоў, не выпадае, бо было вядома, дзе крыж знаходзіўся. Ластоўскі быў афіцыйнай асобай, якая паспрыяла таму, што крыж апынуўся ў Дзяржаўным музеі. Ён кіраваў гэтай перадачай.
Адбітак таго этнаграфічнага скарбу, які ён сабраў, захоўваецца ў нашай бібліятэцы. Гэта адзіны вядомы асобнік альбома этнаграфічнай экспедыцыі 1928 года пад кіраўніцтвам Ластоўскага на Случчыну і Мазыршчыну. Гэта ўнікальны экспанат, які быў уратаваны ў часы вайны, калі Дзяржаўны музей быў разрабаваны і экспанаты вывезеныя за мяжу.
Да юбілею Ластоўскага бібліятэка выдае гэты альбом у выдавецтве «Скарына». Мы ганарымся, што альбом нарэшце стане даступны даследнікам у Беларусі. Таксама будзе створаны вэбсайт з фотаздымкамі з альбома.
Адам Мальдзіс у пачатку 1980-х прыязджаў у Лондан, рабіў копіі гэтых здымкаў і перадаў іх у мінскую акадэмічную бібліятэку. На жаль, яны былі без подпісаў. Подпісы пад імі — гэта таксама помнік культуры 1920-х гадоў, яны зробленыя ад рукі тарашкевіцай, ненармаваным правапісам. Мы ў альбоме падаем пераклад на рэгулярны класічны правапіс, але таксама захоўваем арыгінальныя подпісы, якія самі па сабе вельмі цікавыя. Там ужываецца тагачасная тэрміналогія, народныя назвы цэркваў, абразоў, этнаграфічных прадметаў. Альбом будзе надзвычайна каштоўным рэсурсам для этнографаў, а таксама яркім візуальным помнікам багатай народнай культуры свайго часу.
— Якім чынам усе гэтыя выданні патрапілі ў вашую бібліятэку?
— Пра гэта ведаў айцец Аляксандр Надсан. Магчыма, ён у сваіх інтэрв’ю пра гэта кажа, шукаць гэтую інфармацыю – праца для нас на будучыню.
— Але звычайна гэта эмігранты, выязджаючы з Беларусі, везлі з сабой кнігі?
— У асноўным так, людзі вывозілі самае каштоўнае. Гэтыя кнігі, паводле ўказу 1937 года, мусілі быць знішчаныя. Ластоўскі быў адным з тых аўтараў, чые кнігі падлягалі знішчэнню. Таму гэта сапраўдныя рарытэты, выратаваныя дзякуючы людзям, якія іх хавалі і вывозілі падчас вайны. Некаторыя апынуліся ў букіністычных кнігарнях Захаду, дзе іх знаходзілі нашыя айцы-бібліятэкары, але большасць была перададзеная ў бібліятэку беларусамі.
— То-бок людзі ў Беларусі пасля 1937 гэтыя кнігі захоўвалі пад пагрозай рэпрэсій ці нават смерці?
— Так, на нашай выставе «Няскораныя» тая частка, якая прысвечаная перыяду сталінскіх рэпрэсій, складаецца ў асноўным з кніг нашых забароненых дзеячаў, якія людзі захоўвалі ў сябе з рызыкай для жыцця, а пасля вывезлі за мяжу. І яны сцякаліся ў Скарынаўку дзякуючы мэтанакіраваным пошукам і ахвяраванням нашай дыяспары. Гэтыя кнігі ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі не заўсёды ёсць у папяровым выглядзе, часта толькі ў электронным. А ў нас яны захоўваюцца ў арыгінале.
— Можаце адкрываць новую старонку: збіраць кнігі, якія ў Беларусі забараняюць.
— Так, новы віток. Аднак у тым, што тычыцца Ластоўскага, нягледзячы на трагічны лёс і ўсе жахі, якія адбыліся з ім і з працай ягонага жыцця, калі пачынаеш чытаць яго творы, не бачыш у іх пракаветнай тугі. Ён падымае нас на касмічныя вышыні, каб «новым імкненням даць новыя формы». Гэта цытата з ягонага верша – і так называецца міжнародная канферэнцыя ў гонар Ластоўскага, якая адбудзецца ў на гэтым тыдні і на якой будзе прадстаўленая нашая выстава. Ён сапраўды даў нам новыя формы. І для нас прапануе тую ж мадэль наватарства — пошуку новых формаў. І хоць ён душой быў у старасветчыне, у даўніне, у помніках мінулага, ён глядзеў наперад і з гэтага мінулага фармаваў шлях у будучыню. Я думаю, што ён не быў песімістам.
— Не быў песімістам да 1930-х гадоў…
— З-пад допытаў ён, канешне, пісаў цяжкія тэксты. Але ж яны былі не выяўленнем ягонага духу, а сведчаннем ягоных пакут.
А дух ягоны — у ягоных тэкстах, выданнях, у альбоме ягонай экспедыцыі. У скарбе, які ён сабраў для нас.
У альбоме этнаграфічнай экспедыцыі ёсць групавы здымак Ластоўскага з вяскоўцамі, апранутымі ў святочную вопратку. Гэта яшчэ час да калектывізацыі, калі вёска адзначае свае святы, калі яшчэ жыве народнае мастацтва, тонкае, глыбокае і складанае. І ён стаіць там, светлы і шчаслівы, на піку сваёй творчасці. Такія вобразы застаюцца назаўжды. Гэтым вобразам Вацлава Ластоўскага бібліятэка хацела б падзяліцца з усімі, хто шануе яго як творцу беларушчыны, як збіральніка беларускага скарбу.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram