Выстава графікі і інсталяцый Леры Лазук адкрылася ў Вільні 28 жніўня ў творчай прасторы «Кропка».
Аўтарка паказала малюнкі, зробленыя яшчэ ў 2020 годзе, пасля таго як адседзела 13 содняў — так званую турэмную серыю, у якой яна ўвасобіла досвед, перажыты не толькі знутры, але і звонку. Напрыклад, зрабіла выяву з Алесем Пушкіным, які парэзаў сабе жывот у турме.
Частка малюнкаў з’яўляецца рэфлексіяй на тое, што адбываецца ў краіне і свеце, Лера Лазук называе іх апакаліптычнымі.
І блок малюнкаў пра каханне — як неад’емную частку яе жыцця.
Праглядаючы гэтыя творы, можна ўбачыць, наколькі эфектыўна мастацтва можа выконваць тэрапеўтычную функцыю. Гэтыя амаль псіхадэлічныя малюнкі цяжка апісаць літаральна, але лёгка зразумець без слоў. Імклівае ўвасабленне сваіх думак і эмоцый, здаецца, дапамагае самой мастачцы, але адпаведна ўспрымаецца і гледачамі, якія тлумачаць, што выявы нібы наўпрост прарываюцца да свядомасці чалавека. Сюррэалізм вобразаў аўтаркі дапамагае адчуць атмасферу сённяшняга дня.
Акрамя малюнкаў Лера Лазук паказала інсталяцыі з уласнымі скульптурамі.
Гэта першая выстава мастачкі ў Вільні, раней частка яе твораў выстаўлялася ў Гаазе.
Лера Лазук закончыла Беларускую акадэміі мастацтваў па спецыяльнасці «мастацкая кераміка», займаецца жывапісам, графікай і скульптурай, а таксама вырабляе аўтарскую біжутэрыю. Цяпер жыве ў Вільні.
Паглядзець выставу Леры Лазук «Унутры і звонку» можна да 6 верасня ў віленскай творчай прасторы «Кропка» па адрасе Savičiaus g. 6, Vilnius.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram