Уладзімір Шчэрбань распачаў свой праект арт-рэплік твораў Скарынаўскай бібліятэкі ў Лондане з «Гусляра» Барыса Заборава

Беларуска-брытанскі рэжысёр і акцёр Уладзімір Шчэрбань днямі анасаваў працяг свайго нашумелага праекта «The Art life Project». Творца распачаў цыкл тэатральных увасабленняў карцін са збору Беларускай бібліятэкі і музея імя Францішка Скарыны ў Лондане. Першай працай у серыі стала арт-рэпліка гравюры «Гусляр» Барыса Заборава.

«Сёння ў мяне для вас дзіўная гісторыя і незвычайная арт-рэпліка, а дакладней — адразу дзве — на ілюстрацыю «Гусляр» буйнога беларуска-французскага мастака Барыса Заборава, — прэзентаваў рэжысёр у сацсетках сваю новую працу. — Прыглядзіцеся, адна з рэплік — сапраўдная ручная вышыўка».

Арыгінал «Гусляра» знаходзіцца ў Скарынаўскай бібліятэцы — гэта падарунак Барыса Заборава музею.

«Калі я ўбачыў [працу], то не здолеў прайсці міма, — дзеліцца ўражаннямі Уладзімір Шчэрбань. — Тыдзень сышоў у мяне на падрыхтоўку сваёй версіі, вельмі хацелася дабіцца стварэння графічнага эфекту без выкарыстання фільтраў. Такім чынам, усе колеры — сапраўдныя», — каментуе аўтар.

Бэкстэйдж стварэння арт-рэплікі на гравюру «Гусляр». Фота: facebook.com/vladimir.shcherban.

Рэжысёр таксама распавёў пра рэпліку твора, якая зрабіла яго сяброўка Наталля Маліхіна з Падуі. Аўтарка займаецца вышыўкай гравюр і гэтаксама далучылася да праекта.

«Гусляр» — адна з ілюстрацый Барыса Заборава, якую ён зрабіў да нізкі вершаў Янкі Купалы.

Праект «The Art life Project» Уладзіміра Шчэрбаня ўбірае ў сябе больш за сто арт-рэплік твораў сусветнага мастацтва. Днямі мастацкі кіраўнік HUNCHtheatre анансаваў працяг ініцыятывы — ён плануе стварыць новыя два цыклы арт-рэплік. Першая серыя — тэатральныя ўвасабленні «візуальных перлінаў» Скарынаўскай бібліятэкі, у другой — рэжысёр хоча засяродзіцца на творах беларускіх незалежных мастакоў.

Сачыць за праектам можна тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.