З 27 верасня па 6 кастрычніка ў розных кутках свету прайшоў чарговы міжнародны фестываль кароткаметражак Manhattan Short. І калі ў іншых краінах гледачы ўбачылі і галасавалі за 10 стужак, то ў Беларусі іх колькасць у праграме скарацілі да 9. Беларусаў абмежавалі ў праглядзе ўкраінскага фільма пра пачатак вайны «Мама», — заўважыла «Наша Ніва».
Фільм «Мама» распавядае пра пачатак вайны ва Украіне. Сюжэт заснаваны на рэальных падзеях 2014 года, але сцэнарый напісаны ўжо пасля паўнамаштабнага ўварвання. Здымачны працэс цалкам праходзіў у Кіеве падчас блэкаўтаў і абстрэлаў.
Арганізатары з Беларусі пытанні пра тое, чаму ўкраінская стужка была выразаная з афішы, праігнаравалі, удакладняе «Наша Ніва».
Манхэтэнскі фестываль кароткаметражных фільмаў штогод праводзіцца ў больш чым 500 гарадах на шасці кантынентах. Пераможцы вызначаюцца шляхам галасавання гледачоў. Найлепшая стужка аўтаматычна атрымлівае намінацыю на «Оскар».
Сёлета залаты медаль фестывалю атрымаў фільм «Room Taken» («Кватарант») з Ірландыі. Срэбра ўзяла амерыканская камедыі «Гістарычная драма Джэйн Осцін», а бронзу — французская стужка «Трывожны сігнал».
Дарэчы, ва Украіне Манхэтэнскі фестываль адмянілі яшчэ ў мінулым годзе з-за паказаў для расіян, нягледзячы на тое, што гэта быў адзін з самых наведвальных фестываляў кароткаметражнага кіно. Паказы павінны былі адбыцца ў некалькіх гарадах, у тым ліку ў Кіеве, Адэсе і Львове.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram