Увечары 31 лютага армія РФ атакавала ракетамі гістарычны цэнтр Адэсы, унесены ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
Пашкоджанні рознай ступені атрымалі каля 15 помнікаў культурнай спадчыны, — паведаміў мэр горада Генадзій Труханаў.

Значна пашкоджаны будынак гасцініцы «Брыстоль». З-за выбухной хвалі пацярпелі найбліжэйшыя гістарычныя будынкі. Гэта два помнікі нацыянальнага значэння: філармонія (Новая Біржа) і дом Вучыні (вул. Італьянская, 19). Таксама пашкоджаны Музей заходняга і ўсходняга мастацтва і філіял Літаратурнага музея, будынкі Саюза архітэктараў Украіны і банка «Порта-Франко». У іх разбураны вітражы і аўтэнтычнае сталярнае запаўненне вялікіх вокнаў з паўцыркульным завяршэннем.

«Самым каштоўным з архітэктурнага і сацыяльнага пункту гледжання сярод пашкоджаных будынкаў з’яўляецца філармонія (Новая Біржа). Выбухная хваля выбіла аўтэнтычнае сталярнае запаўненне галоўнага параднага ўваходу, пашкодзіла вітражы і ўнутранае аздабленне памяшканняў. Уплыў атакі на стан асноўных канструкцый ацэняць спецыялісты пасля дадатковага абследавання», — гаворыцца ў афіцыйным паведамленні.
Мэр горада адзначыў, што з 2023 года будынак філармоніі знаходзіцца пад узмоцненай абаронай ЮНЕСКА ў адпаведнасці з другім пратаколам 1999 года да Гаагскай канвенцыі 1954 года «аб абароне культурных каштоўнасцяў у выпадку ўзброенага канфлікту».
Пракуратура пачала крымінальную вытворчасць па факце парушэння законаў і звычаяў вайны з-за абстрэлу Адэсы 31 студзеня. Паводле звестак следства, расійскае войска атакавала горад балістычнымі ракетамі, папярэдне, тыпу «Іскандэр».
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.