Выдавецтва «Тэхналогія» анансавала выхад дзвюх незвычайных кніг пра Францішка Скарыну — адну для дарослых, другую — для дзяцей.
«Магчыма, вы думаеце, што пра нашага геніяльнага першадрукара напісана так шмат, што нічога новага ўжо сказаць немагчыма? Памыляецеся! Мы яшчэ можам вас здзівіць!», — паведаміла выдавецтва ў сацсетках.
«Скарына дзеткам»
Аўтарка Таццяна Сапега і мастачка Марыя Каралёва падрыхтавалі незвычайны праект!
«Вітаю, сябры! Мяне завуць Францішак. Я нарадзіўся больш за пяцьсот гадоў таму ў Полацку». Вось так па-сяброўску звяртаецца да дзетак наш славуты асветнік. Скарына не толькі апавядае пра тое, як ён жыў і чым займаўся, але і прапануе займальныя заданні: размалёўкі, крыжаванку, галаваломкі.
«На што хварэў Скарына»
Прафесар Мікалай Сарока, вядомы беларускі лекар, ставіць дыягназ нашаму першадрукару Францішку Скарыну. Спадар Сарока – адзін з вядучых навукоўцаў у галіне клінічнай медыцыны. Ён выказвае гіпотэзу пра стан здароўя Францішка Скарыны. Ад прафесійнага погляду рэўматолага не схаваліся характэрныя прыкметы «хваробы геніяў і арыстакратаў».
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram