Фаліянт амаль у 400 старонак аднаго з самых уплывовых філосафаў Беларусі быў надрукаваны ў выдавецтве «Логвінаў». Гаворка ідзе пра кнігу Валянціна Акудовіча “Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым. Хронікі беларускага інтэлектуала» — над выданнем мысляр працаваў не адзін год.
Некалькі год запар фрагменты кнігі друкаваў часопіс «Дзеяслоў».
«Перадусім гэта кніга пра стварэнне дыскурсу сучаснага беларускага мыслення і герояў, якія яго стваралі, — пракаментаваў выхад доўгачаканага праекта ў сацсетках Валянцін Акудовіч.
Ды гэтая кніга шмат пра што і пра каго, але найперш яна пра стваральнікаў… Пра тых, хто дабрахоць падняў з поду і ўскінуў сабе на плечы цяжар, які ён называе “мая краіна”. З дня ў дзень яны рушаць з гэтым цяжарам усё вышэй і вышэй, каб аднойчы ўбачыць, як камень з грукатам зноў скоціцца долу. А значыць, трэба яшчэ раз вяртацца да пачатку пачаткаў…
І мы вяртаемся!» — дадаў мысляр.
Валянцін Акудовіч — беларускі філосаф, эсэіст, літаратурны крытык. Аўтар кніг, якія заклалі падмурак філасофскай думкі Беларусі, паўплывалі ні на адно пакаленне інтэлектуалаў, шырэй — супольнасць беларускае культуры і філасофіі. Пералічым некаторыя з яго выданняў: «Мяне няма. Роздумы на руінах чалавека» (1998), «Разбурыць Парыж» (2004), «Дыялогі з Богам» (2006), «Код адсутнасці. Асновы беларускай ментальнасці» (2007), «Кніга пра нішто» (2012), “Прачнуцца ранкам у сваёй краіне” (2015). Кніга “Код адсутнасці. Асновы беларускай ментальнасці” перакладзена на літоўскую, рускую і нямецкую мовы.
Набыць новы фаліянт спадара Валянціна неўзабаве можна будзе праз пляцоўкі выдавецтва «Логвінаў».
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: