Сёння, 13 студзеня, на Шчодры вечар у вёсцы Семежава Капыльскага раёна пакажуць самабытны народны абрад «Калядныя цары», занесены ў 2009 годзе ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.
У сваім аўтэнтычным выглядзе абрад існаваў у Семежава да канца 60-х гадоў ХХ стагоддзя. Пасля 40-гадовага перапынку быў адроджаны ў канцы 1990-х па ініцыятыве мясцовых жыхароў.
Як і ў XVIII стагоддзі, у абрадзе ўдзел бяруць толькі 12 чалавек, сярод якіх вылучаюцца 7 «цароў». Яны апранаюцца ў белыя штаны і кашулі, на грудзях крыж-накрыж павязваюць чырвоныя семежаўскія паясы з традыцыйным арнаментам. Высокія шапкі ўпрыгожваюць рознакаляровымі стужкамі.
Асноўныя дзейныя асобы працэсіі – цары Максімільян і Мамай, доктар, барабаншчык, механоша, Дзед і Баба.
У Семежава вераць, што там, дзе пабывалі Калядныя цары, увесь год будзе дабрабыт і мір. Каб аддзячыць, шчадраўнікам даюць разнастайныя падарункі.
Існуе легенда, запісаная са слоў мясцовага гісторыка, што абрад зарадзіўся ў XVIII стагоддзі, калі ў Семежава стаялі царскія войскі. Падчас Калядаў яны хадзілі ў вайсковай форме па вясковых хатах, віншавалі гаспадароў са святам, паказвалі невялікае прадстаўленне, танцавалі, спявалі, пасля чаго атрымлівалі ад вяскоўцаў пачастункі.
Аднак сучасныя даследчыкі лічаць, што кожны фальклорны твор – з’ява шматгранная, і нельга сцвярджаць, што семежаўскія «цары» ўзніклі толькі дзякуючы прысутнасці там атрада расійскай арміі. Бо сюжэт калядавання нагадвае традыцыйную для Беларусі народную драму «Цар Максімільян», якую звычайна паказвалі на Калядныя святы скамарохі і батлеечнікі.
Як сведчаць пісьмовыя крыніцы і даследаванні тэатразнаўцаў, семежаўскі абрад з’явіліся задоўга да рускай арміі. Вёска Семежава ляжыць у геаграфічным арэале найбольшага распаўсюджання народнай драмы «Цар Максімільян» і лялечнага тэатра «батлейка». Не выключана таксама, што на з’яўленне абраду аказаў уплыў радзівілаўскі тэатр. Семежава належала Радзівілам і частка яго жыхароў працавала пры іх двары. Менавіта гэты факт мог садзейнічаць трансфармацыі батлеечных перфомансаў у жывы тэатр.
Праграма пачнецца ў 15.00 калядным фестам «Цары запытваюць». Сам абрад правядуць у 18.00.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram