У Вільні ўсталявалі Трыумфальную арку з нагоды 770-годдзя каранацыі Міндоўга — фотафакт

Сёння, 6 ліпеня, Літва адзначае 770-годдзе каранацыі Міндоўга. Да гэтага дня, які адзначаецца як дзяржаўнае свята, перад Вялікакняскім палацам у Вільні паставілі мультымедыйную браму, якая распавядае пра дзесяць стагоддзяў гісторыі Літвы — ад гістарычных падзей па сённяшні дзень.

На ёй выявы знакавых гістарычных постацей і ўладароў Літвы, сведчанні дасягненняў культуры, мастацтва, навукі, дыпламатыі. А таксама асобы, якія цяпер робяць Літву знакамітай.

Трыумфальная арка ў гонар каранацыі Міндоўга. Вільня. Фота: Reform.by.

Таксама сёння, 6 ліпеня, па Старым горадзе пройдзе ўрачыстае трыумфальнае шэсце – тым шляхам, якім у сталіцу Літвы ўрачыста заязджалі кіраўнікі ВКЛ, каб абвясціць гораду і яго жыхарам пра перамогі.

Прадстаўнік Вялікакняскага палаца Рамунэ Шмігельскітэ-Стукене расказала журналістам, што пры арганізацыі шэсця вырашылі не паўтараць гістарычную традыцыю, але захаваць асноўныя моманты: «Трыумфатар у шэсці — гэта толькі сімвалічная фігура, мы жывем не ў Каралеўстве, а ў дэмакратычнай дзяржаве. Найважнейшая асоба шэсця — сучасная Літоўская армія. Бо армія сёння, тая сіла — нашы сыны, дочкі, якія ідуць абараняць нас (…). Гэта не будзе маскарад, натоўп у маскараднай вопратцы. Там будуць гістарычныя касцюмы, толькі яны будуць сімвалічнымі фігурамі мінулага», — паведаміла яна.

Свята ўвянчае выкананне «Нацыянальнай песні» (гімна краіны) па ўсім свеце.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.