25 студзеня ў Віленскім беларускім музеі імя Івана Луцкевіча адкрыецца выстава фатаграфій Уладзіміра Парфянка — выбітнага беларускага фатографа, які пайшоў з жыцця адзінаццаць дзён таму.
Выставу пад назвай «Віленскі альбом» ладзіць у гонар творцы яго калега — фатограф Андрэй Антонаў.
Уладзімір Парфянок (1958-2024) – фатограф, куратар, педагог, рэдактар, адзін з заснавальнікаў і кіраўнік галерэі візуальных мастацтваў NOVA. Адна з самых прыметных асобаў беларускага фатаграфічнага жыцця ад пачатку 1990-х па нашы дні.
На выставе «Віленскі альбом» будуць прадстаўленыя фатаграфіі з вялікай серыі Уладзіміра Парфянка «Фрагменты быцця».
«Абраную частку цыклю аб’ядноўвае ў першую чаргу месца: горад Вільня. Асноўны аб’ём работы над праектам (у тым ліку і адбор) рабіўся на працягу 1987-1988 гадоў, калі аўтар, разам з калегамі па групе «Правінцыя» часта наведваў Вільню», – распавядае пра праект Андрэй Антонаў.
Мастак вылучае ўменне Уладзіміра Парфянка ствараць і давяраць выпадковасці ў фатаграфіі.
«Фатаграфію Ўладзіміра Парфянка вылучае тонкае пачуцьцё кампазыцыі, памножанае на разуменьне таго, што ў кожным з канкрэтных выпадкаў зьяўляецца рашаючым момантам, — лічыць спадар Андрэй. — Да яго рана прыйшло асэнсаваньне важнасьці фактару спантаннасьці ў рабоце фатографа і разуменьне, што розьніцу паміж добрым і выбітным здымкам робяць дэталі, дробязі, якія немагчыма ані прадугледзець, ані змадэляваць».
Адкрыццё выставы адбудзецца 25 студзеня ў зале Віленскага Беларускага Музея (Vilniaus, 20) а 18.30.
Час працы выставачнага праекта — да 28 лютага 2024 года.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram