Ужо трэці год у Вільні каманда CreateCulture Group на чале з Надзеяй Ількевіч і Таццянай Штэйнбук ладзіць праект КінаКаляды48 — творчы марафон для аматараў кіно і беларускай культуры з усяго свету. Сутнасць чэленджу ў тым, што ўдзельнікі і ўдзельніцы праграмы за 48 гадзін мусяць напісаць сцэнар і зняць кароткаметражны фільм па тэме беларускіх Калядаў. Па выніку ўсе створаныя работы аб’ядноўваюцца ў альманах і дэманструюцца на вялікім экране ў кінатэатры. Ды журы вызначае найлепшых па дзевяці намінацыях. Цікава? Анягож!
48 Hour Film Project з’яўляецца глабальным конкурсам, які ладзіцца ў больш чым 100 гарадах. У Вільні спаборніцтва ад імя беларусаў афіцыйна ладзіць CreateCulture Group, якая сёлета ў чарговы раз запрашае ўсіх зацікаўленых далучыцца да новай эдыцыі праекта.
Арганізатары нагадваюць, што ў гэтым годзе, як і заўжды, праект адкрыты для ўсіх, незалежна ад узроўню падрыхтоўкі, а таксама геаграфічнай прывязкі.
Асаблівасці КінаКалядаў у 2024 годзе:
- Тэма фільма — пераасэнсаванне традыцыі беларускіх Калядаў. Ад абрадаў — да песень і масак.
- Адукацыйны курс: Разам з кінафестывалем ладзіцца серыя трэнінгаў падрыхтоўкі да чэленджу.
- КінаМіксер: 27 лістапада адбудзецца сустрэча, каб пазнаёміцца, далучыцца да камандаў, якія існуюць, або стварыць уласную.
- Паказ фільмаў: 21 снежня ў кінатэатры Вільні — кульмінацыя праекта, дзе будуць узнагароджаны лепшыя фільмы і ўдзельнікі.
Конкурс прапануе прызы па намінацыях: «Найлепшы фільм», «Найлепшая рэжысура», «Найлепшы мантаж», «Найлепшая музыка», «Найлепшае мастацкае рашэнне», «Найлепшае акторскае майстэрства», «Найлепшае трапленне ў жанр», «Найлепшае выкарыстанне каляднага элемента». Адмысловае журы, якое будзе вызначаць пераможцаў, будзе абвешчана незадоўга да паказу.
Зараз адкрытая рэгістрацыя на ўдзел у праекце — сам праект адбудзецца з 13 па 15 снежня 2024 года.
Падрабязней пра КінаКаляды48 можна дазнацца тут.
Паглядзець фільмы папярэдніх удзельнікаў праекта тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram