1 чэрвеня ў варшаўскай прасторы Kwadrat Praski прайшоў дабрачынны фестываль дзіўнай беларускай музыкі Belarus Outside Sound System.
Ён быў прымеркаваны да Міжнароднага дня абароны дзяцей і сабраў 7500 злотых. Пра гэта паведамілі арганізатары фесту Сара Токіна і Аляксандр Багданаў. Сабраныя грошы будуць накіраваныя ў фонд BYSOL на арганізацыю летніх вакацый для дзяцей беларускіх палітзняволеных. Збор арганізаваны ў межах традыцыйнай ужо дзіцячай акцыі — супольным праектам беларускіх фондаў «Хуткая гуманітарная дапамога».
На фестывалі таксама быў прэзентаваны лімітаваны наклад вінілавых плытаў Belarus Outside Sound System — складанкі кампазіцый ад беларускіх электронных кампазітараў, якая ў лютым 2024 выйшла на ўсіх стрымінгавых платформах. «Гэта рэліз-рупар, складзены з 12 асабістых сучасных гісторый з Беларусі ў стылях house, ambient, drum’n’bass, disco, trap, somatic techno, future-bass і EDM», — апісвае яго прамоўтар і дыджэй Аляксандр Багданаў.
Экземпляры вінілу адправіліся таксама на самыя знакавыя радыёстанцыі і да вядомых дыджэяў па ўсім свеце. Цяпер арганізатары адкрылі перадзамову на другі наклад.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram