У суботу, 13 красавіка, у варшаўскім клубе Scena Chmielna прайшло ўручэнне прэміі «Uwaga!», зладжанай для падтрымкі музыкаў, арганізатараў канцэртаў і дабрачынных імпрэзаў у эміграцыі.
Арганізатары Прэміі — былы дырэктар мінскага паба «Графіці» Аляксей Ажогін і радыёвядучая Марына Савіцкая.
У журы прэміі ўвайшлі: прадзюсар Павел Юрцэвіч, галоўны рэдактар «Еўрарадыё» Павел Свярдлоў, журналіст Вячаслаў Радзівонаў, арганізатарка беларускіх канцэртаў у эміграцыі Інэс Сянкевіч, музычны журналіст і стваральнік YouTube-канала «Міністэрства сепультуры» і тэлеграм-канала «Беларуская музыка» Аляксандр Чарнуха, прадзюсар і сузаснавальнік клуба «Scena Chmielna» Віталь Броўка і арганізатары прэміі Аляксей Ажогін і Марына Савіцкая.
Імпрэзу ўзнагароджання правялі Віталь Броўка і Марына Савіцкая.
Пераможцам уручаліся дыпломы і «кампліменты» ад бара «Scena Chmielna».
Было вызначана 11 намінацый за дасягненні ў 2023 годзе.
«Песня года» – «Emigrant Song» Leibonik-а.
Арганізатары папрасілі журы выбраць самую гучную і цікавую кампазіцыю мінулага года. За першае месца змагілася дзве песні: «Я вернусь домой» гурта «Дай дарогу!» і «Emigrant Song».
«Альбом года» – альбом «Там» Leibonik-а.
Сярод намінантаў, што працуюць у Польшчы, быў прадстаўлены шырокі дыяпазон: ад змрочнага альбома «Зямля пад чорнымі крыламі: Кроў» блэк-мэтал-гурта «Dymna Lotva» да вельмі светлага «Музыка сфер» ад рэгі-гурта «Botanic Project».
«Дабрачыннасць года» – анлай-марафон салідарнасці «Нам не ўсё адно», на завяршэнні якога выступілі беларускія музыкі.
Сярод канкурэнтаў былі: паездка Піта Паўлава ва Украіну ў падтрымку палка Каліноўскага і арт-рэзідэнцыя «Дом творцаў», створаная Сержуком Доўгушавым.
«Клуб года» – пляцоўка «Scena Chmielna». Галасы сяброў журы, звязаных з клубам, не залічваліся пры вызначэнні намінацыі. За першае месца змагаліся не толькі тыя лакацыі, якія прымаюць у сябе музыкаў, але і сацыяльна-музычныя, такія як Беларускі Моладзевы Хаб, Беларускі Дом у Варшаве і іншыя.
«Падзея года» – фэст «Варушняк». Журы папрасілі пазначыць найбольш яркую імпрэзу, фестываль ці канцэрт або выставу, якія праходзілі ў эміграцыі. Выбіралі сярод значных мерапрыемстваў, такіх як «Гучна-фэст», «Грай», «Tutaka», хоць апошні адбываўся не ў Варшаве, а пад Беластокам. Таксама разглядалася выстава Юрыя Стыльскага і Лявона Вольскага ў Музеі Вольнай Беларусі.
«Арганізатар года» – «Wild Beat Sound». Званне лепшага арганізатара музычных падзей у Варшаве было нададзенае за якаснае і эфектыўнае правядзенне вялікай колькасці канцэртаў і музычных імпрэз. Інэс Сянкевіч на ўручэнні прэміі паведаміла, што «Wild Beat Sound» было праведзена каля 50 канцэртаў у 2023 годзе, а самай гучнай падзеяй, да арганізацыі якой спрычынілася, яна назвала фестываль «Грай».
«Адкрыццё года» – «Kurwadziki» з Беластока. У вызначэнні намінацыі бралі пад увагу не толькі калектывы, але і розныя ініцыятывы, разглядалі, напрыклад, праекты «ДСП» ад «Разбітага сэрца пацана» і «Эмігранты» Лявона Вольскага, гурты «Nochy» і «Irdorath», Анастасію Рыдлеўскую, Pan Savyan і «Rodvaloth».
«Пераадкрыццё года» – Сяргей Пукст. У гэтай намінацыі вызначалі калектывы ці музыкаў, якія ў эміграцыі паказалі сябе з нечаканага боку і прывабілі новую аўдыторыю. «Сяргея Пукста запрашалі ў два разы больш, чым іншых людзей, — сказаў вядучы Віталь Броўка, — але ж не арыфметыка стала падставай для гэтага рашэння».
Сярод намінантаў былі «Atesta», «N.R.M.», «:B:N:», «Irdorath», Аляксандр Памідораў.
«Сімпатыя народа» – «Naviband». Перад імпрэзай было прапанавана назваць любога выканаўцу ў сацсетках і праз анлайн-форму. Найбольшую колькасць галасоў атрымалі «Naviband», Света Бень, гурты «Dzieciuki», «Сіндром самазванца» і «Botanic Project». Музыкі гурта «Naviband» Ксенія Жук і Арцём Лук’яненка не змаглі прысутнічаць на ўзнагароджанні, але абяцалі выкласці у Facebook свой відэазварот.
«Выканаўца года» – галасы журы падзяліліся паміж Аляксандрам Памідоравым і Кетэван. У гэтай намінацыі вылучаліся самы яскравы артыст ці артыстка на польскай сцэне.
«Гурт года» – «Дай дарогу!». У гэтай намінацыі абіралі самы яскравы беларускі калектыў, які праявіў сябе на польскай сцэне.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram