Карціна дакументалісткі Таццяны Свірэпы «Беларусь 23.34» расказвае пра пратэсты 2020 года і рэпрэсіі сілавікоў на вуліцах, турмах, судах — піша «Священный Белавуд». У яе аснове — некалькі дзясяткаў інтэрв’ю з беларусамі.
«Сітуацыя з палітычнымі рэпрэсіямі і зняволенымі ў Беларусі з кожным днём пагаршаецца, — паведамляецца ў апісанні трэйлера. — Удзельнікаў негвалтоўных пратэстаў 2020 года цяпер затрымліваюць па крымінальных артыкулах і даюць вялізныя тэрміны. Таму мы закрылі ў фільме ўсе твары, якія могуць быць распазнаны карнымі сілавымі структурамі. Акрамя таго, гэты жэст выступае метафарай сітуацыі цэнзуры і самацэнзуры як у сучаснай Беларусі, так і ў цэлым у свеце, парадаксальнасць якога разам з адкрытасцю і эмансіпацыяй канфліктуе з усё большай адасабленнем і закрытасцю. Гэты крок дае вялікую прастору фантазіі, лепш адчуць сітуацыю».
У інтэрв’ю Reform.by Таццяна Свірэпа расказвала, як вывозіла з Кіева падчас вайны матэрыялы фільма «Беларусь 23.34».
Таццяна Свірэпа — беларуская дакументалістка, у чыім паслужным спісе дзве эксперыментальныя працы: «Чысцілішча» (фільм аб чачэнскіх бежанцах у Брэсце), «Некалькі слоў пра маю маці і яе сабаку» (аўтабіяграфічная праца ў перыяд эпідэміі ковіда).
«Беларусь 23.34» трапіў у анлайн-праграму сёлетняга АртДокФэсту, і неўзабаве ён па падпісцы будзе даступны для прагляду з любой кропкі свету акрамя Беларусі. Гэта зроблена ў мэтах абароны герояў фільма.