15 лістапада, у дзень зняволеных пісьменнікаў і пісьменніц і на чацвёртую гадавіну затрымання, у Рызе гучалі тэксты Кацярыны Андрэевай у перакладзе на латышскую мову.
Міжнародны ПЭН-цэнтр традыцыйна выкарыстоўвае метафару «пустога крэсла» ў сваіх імпрэзах і кампаніях, каб расказваць пра творцаў, якія знаходзяцца ў зняволенні, хаваюцца ад уладаў ці былі забітыя. У гэтым годзе латвійскі ПЭН абраў шэсць аўтараў і аўтарак, сярод якіх была Кацярына Андрэева, якая адбывае ў Беларусі васьмігадовы тэрмін за сваю журналісцкую дзейнасць. Паэтка і перакладчыца Алеся Лосева зачытала вершы Кацярыны, напісаныя ў турме, і ўрывак з кнігі «Беларускі Данбас».
Кожнае пустое крэсла прыцягвае ўвагу да пэўнага чалавека, гісторыі яго жыцця і абставінаў палітычнага пераследу, і разам гэтыя гісторыі паказваюць, што аб’ядноўвае ўсе дыктатуры і антыдэмакратычныя рэжымы, а менавіта тыранію цэнзуры і страх перад свабодай слова. Чытанні на пустых крэслах — гэта адначасова і кампанія пратэсту, і заклік адзначыць свабоду слова і смеласць супрацьстаяць прыгнёту і працягваць пісаць і гаварыць, нягледзячы на ўсе рызыкі.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram