«Мікалай Слюнькоў. Палітычная біяграфія» — з такой назвай у выдавецтве «Янушкевіч» выйшла першая біяграфія савецкага дзяржаўнага і партыйнага дзеяча, кіраўніка БССР Мікалая Слюнькова. Аўтар грунтоўнай працы — гісторык, крытык і журналіст Дзяніс Марціновіч. Адзін з нашумелых беларускіх нон-фікшанаў 2023 года зараз можна знайсці на пляцоўках Кнігаўка і Алегро.
Рукапіс, над якім аўтар працаваў з перапынкамі каля 15 гадоў, сёлета перамог у намінацыі «Нон-фікшн і дакументальная проза» ў конкурсе «Шуфлядка» Фестываля інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA.
На сваёй старонцы ў сацсетках Дзяніс Марціновіч распавёў, як нараджалася гэта праца.
«Першыя спробы падступіцца да тэмы мелі месца ў канцы 2010-х: старшакурснікам я ўдзельнічаў у навуковых канферэнцыях, арганізаваных Еўрапейскім гуманітарным універсітэтам, на іх гучалі мае даклады пра беларускую савецкую эліту. Іх публікацыя ў зборніках навуковых артыкулаў стала магчымай дзякуючы добразычлівасці і спрыянню мадэратара секцыі і рэдактара гэтых зборнікаў доктара гістарычных навук Алеся Смаленчука. З 2008 года можна весці адлік напісання гэтай кнігі, якая, вядома, стваралася з перапынкамі», — адзначае гісторык.
Першы варыянт рукапісу Дзяніса Марціновіча ў 2008 годзе прачытаў знаны архівіст Віталь Скалабан.
«Другую, пашыраную версію ў 2016 годзе — літаратуразнаўца, кандыдат філалагічных навук Аляксандр Фядута. У той момант я шчыра лічыў, што рукапіс гатовы. Аляксандр Іосіфавіч далікатна патлумачыў, што фактура добрая, а вось са стылем ёсць цяжкасці. І сапраўды, у той момант рукапіс быў вельмі занудны і правільны. За наступныя гады я яго перапісаў цалкам (плюс дадаў іншай фактуры)», — дзеліцца журналіст.
Выдавец і гісторык, кандыдат гістарычных навук Андрэй Гардзіенка, экс-сакратар Віцебскага абкама КПСС па ідэалогіі Іосіф Навумчык і яго сын, даследчык і журналіст Сяргей Навумчык, пазней — журналіст Яраслаў Лыскавец далі свой водгук на трэці варыянт рукапісу.
«Асобныя фрагменты кнігі чытала рэдактар і журналіст Марына Золатава. Канчатковы варыянт — рэдактар кнігі Сяргей Шупа», — дадае даследчык.
Напісанню кнігі дапамаглі і супрацоўнікі Нацыянальнага гістарычнага архіва Рэспублікі Беларусь і Расійскага дзяржаўнага архіва эканомікі, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі. Аляксандр Уліцёнак, Андрэй Гардзіенка, Станіслаў Шушкевіч… Перад чытачом — сапраўднае даследаванне, якое прайшло экспертызу многіх і многіх літаратараў, журналістаў, палітыкаў.
Так усё ж чаму Дзяніс Марціновіч спыніў сваю ўвагу менавіта на Мікалаю Слюнькове, а не, скажам, папулярнай фігуры Пятра Машэрава?
Адказ падказвае анатацыя да выдання:
«У 1990-я гады аснову беларускай эліты склалі прадстаўнікі каманды Мікалая Слюнькова. Пакуль рух да незалежнасці адбываўся ў гаспадарцы, яны падтрымлівалі пераўтварэнні (у тым ліку культурныя ініцыятывы, якія не падрывалі асноў тагачаснага грамадства). Для іх незалежнасць успрымалася не на ўзроўні дзяржавы, а на ўзроўні саюзнай рэспублікі. Таму як толькі ў першай палове дзевяностых пераўтварэнні выйшлі за пэўную мяжу, беларуская эліта заблакавала большасць рэальных рынкавых рэформаў. Інтэграцыя з Расіяй, якая заставалася ў трэндзе ўсё дзесяцігоддзе, была адлюстраваннем іх светапогляду. Таму працэсы ўмацавання незалежнасці адбываліся хутчэй насуперак, чым дзякуючы іх пазіцыі».
Менавіта каманда Слюнькова спыніла развіццё Беларусі як незалежнай дзяржавы ў 1990-х. Пры гэтым спрыяючы рэформам у савецкай эканоміцы на пачатковым этапе. У даробку Слюнькова — радыкальныя змены беларускай кадравай эліты, развіццё савецкай гаспадаркі, але таксама — замоўчванне наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС ды іншыя прагалы, якія паўплывалі на далейшы ход гісторыі.
Можна зрабіць выснову, што на прыкладзе біяграфіі Слюнькова чытач мае магчымасць прасачыць уплыў дзеянняў палітыкаў БССР 1980-х — 1990-х і на актуальныя часы.
Знайсці кнігу Дзяніса Марціновіча можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: