13 чэрвеня ў Чэхіі адкрыецца біенале Matter of Art. Куратары праекта — Каталін Эрдодзі і Аляксей Барысёнак. Разам яны факусуюцца на сацыяльных зменах у сельскай мясцовасці і будучыні рабочых рухаў, каб распавесці гісторыі супраціву і ўстойлівасці.
Сярод удзельнікаў таксама ёсць беларусы. Гэта Уладзімір Грамовіч, Вольга Сасноўская і група eeefff (Дзіна Жук і Мікалай Спесіўцаў).
На другі дзень адкрыцця можна будзе ўбачыць перформанс Сасноўскай, які яна ладзіць разам з Эльске Розэнфельд.
Біенале ў Matter of Art трэці раз ладзіць чэшская арганізацыя «Транзіт», яе заўсёды курыруе некалькі чалавек. Напачатку быў абвешчаны конкурс, на які любы можа падаць свае прапановы. Каталін Эрдодзі і Аляксей Барысёнак падаваліся паасобку, але атрымалася так, што іх тэмы добра рыфмуюцца адна з адной.
У біенале будуць дзве лакацыі: Нацыянальная галерэя ў Празе і Lidice Gallery.
Распыталі куратара Аляксея Барысёнка, як удалося спалучыць дзве розныя тэмы ў адну выставу і як біенале размеркавалася па гэтых дзвюх лакацыях.
«Мы з маёй сакуратаркай падаваліся паасобку і мелі вялікі ўзровень свабоды зрабіць тое, што нам цікава. Маглі, напрыклад, зрабіць дзве асобныя выставы.
Мой даследчыцкі інтарэс тычыцца разнастайных працоўных рухаў, як падчас постсацыялістычнай трансфармацыі, так і ранейшых. А Каталін даследуе сельскія рухі ў розных кантэкстах. Гэтая змычка паміж сялянамі і працоўнымі мае доўгую гісторыю не толькі ў левых анархісцкіх рухах, але і ў больш шырокім кантэксце.
Два тыпы працы, сельскагаспадарчы і індустрыяльны, вельмі залежаць адзін ад аднаго. Таму мы зразумелі, што нам цікава зрабіць агульную выставу, агульную кнігу — спадарожнік па гэтых тэмах, і адзіную публічную праграму. Мы запрашалі розных мастакоў і мастачак — кожны са свайго боку, але гэта адбывалася ў дыялогу. Таму я спадзяюся, што сама выстава будзе ўспрымацца не фрагментарна, а як адно цэласнае выказванне.
У нас была магчымасць запрасіць восем мастакоў ці груп з новымі працамі. І адна з самых важных тэм, якая пранізвае ўсё біенале, стала тэма салідарнасці і таксама яе абмежаванне. І ў тым кантэксце, з якім я працую, з якім працуе Каталін, тэма імперыялістычнай вайны і магчымасцяў супраціву была вельмі важная. Таму, напрыклад, я працаваў з Нікітам Каданам, мастаком з Украіны, які прадстаўляе новыя працы на выставе: сваю інсталяцыю, але таксама і спецыяльную куратарскую інтэрвенцыю ў вельмі цікавае месца, якое якое знаходзіцца блізка ад Прагі — вёску Лідзіцэ, цалкам зруйнаваную нацыстамі ў саракавыя гады.
Адбудова гэтай вёскі не толькі фізічная, але і праз розныя запыты і салідарнасці была вельмі цікавай. Напрыклад, была просьба даслаць ружы у сад ружаў, і там утварыўся самы вялікі ружавы сад. Таксама былі просьбы дасылаць творы мастацтва. І цяпер у гэтай вёсцы знаходзіцца вельмі цікавая і даволі важная калекцыя мастацтва, з якой і працаваў Нікіта Кадан. У сваёй выставе ён перамешвае працы з калекцыі Лідзіцэ і творы ўкраінскіх мастакоў і мастачак».
Наведаць пражскае біенале Matter of Art можна да 29 верасня 2024 года.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram