Назва гэтай выставы даволі брутальная і адначасова містычная: «+ +». Праз два крыжы мастак Андрэй Дурэйка фіксуе падзеі апошніх гадоў: ізаляцыя, хвароба, каранцін, пандэмія, закрыццё межаў, ліквідацыя прадпрыемстваў, страта працы, разбурэнне сям’і, смерць блізкіх, канфлікты паміж сябрамі, пратэсты, рэвалюцыі, арышты, эканамічны крызіс, надзвычайныя сітуацыі і войны.
Насамрэч уся гэта гісторыя пачалася яшчэ напрыканцы 1990-х. Тады мастак зрабіў графічную працу з двума гадзіннікамі, закрэсленымі двума крыжамі. І пасля стаў фіксаваць двайны крыж як у працах іншых мастакоў, так і ў навакольнай рэальнасці. У выніку такой фіксацыі сабралася больш за семсот здымкаў: творы мастакоў, у тым ліку беларускіх, элементы вулічных графіці, тэлевізійнай рэкламы, магіл і іншыя нечаканыя фрагменты паўсядзённага жыцця.
Што азначаюць два крыжы, — гэтую загадку аўтар да канца не разгадаў, аднак узяў гэты сімвал, каб пазначыць усе тыя рэчы, якія з намі здарыліся за апошнія гады. На сценах познаньскай арт-прасторы Андрэй Дурэйка выкарыстаў гэтыя здымкі як літары, каб скласці гісторыю пра сённяшні час.
Куратарам выставы і суаўтарам аповеду стаў Сяргей Шабохін. Яго творы, як і графіка іншага беларускага мастака, якія цяпер жыве ў Познані, Аляксея Лунёва, надаюць экспазіцыі дадатковае вымярэнне, бо раскрываюць тэму з іншага — нефатаграфічнага — боку.
Безумоўна, арышты, смерць і разбурэнні паказаны не літаральна, а праз ланцужкі асацыяцый, якія ў кожнага гледача свае, хоць і забазаваныя на моцных архетыпах: крыж усё ж такі сімвал, што выклікае ўстойлівыя канатацыі.
«Я ствараў асобныя гісторыі з дапамогай здымкаў, часам для мяне былі важныя моманты сувязі, а часамі наадварот — будаваў аповед на кантрасце, — расказаў аўтар для reform.news. — Напрыклад, у мяне няма дакладнай ілюстрацыі на тэму страты сяброў, аднак гэты драматызм паспрабаваў перадаць праз асобныя здымкі. Вайна перадаецца амаль літаральна, бо я быў пасля Майдану ў Кіеве.
Як я ствараў гісторыі з фатаграфій? Напрыклад, у мяне ёсць фатаграфія калена з 2 крыжамі, што засталіся пасля аперацыі. Пасля я размяшчаю горны краявід з 2 крыжамі, за ім — разбітае акно музея ў Дзюсельдорфе. Такім чынам, разбірае шкло спалучаецца з параненым каленам. То-бок я ствараю не наўпроставыя сувязі, бо паміж двумя здымкамі, звязанымі падобным сюжэтам, магу змясціць нейкі трэці».
Мастак назіраў за рэакцыяй гледачоў на выставе. Некаторыя з іх задуманыя ім сувязі не прачытвалі, іншыя наадварот: расказвалі, што нібы праглядзелі нейкі фільм.
І гэтае параўнанне, мяркуе аўтар, найбольш адпавядае яго задуме. «Мой метад мантажу, — тлумачыць Андрэй Дурэйка, — натхнёны ідэямі Сяргея Эйзенштэйна. Яшчэ падчас вучобы ў Мінску я чытаў пра ўплывы кітайскага рулоннага жывапісу на гэтага рэжысёра. Мой мантаж можа быць мяккі, можа быць жорсткі, але ў любым выпадку я пазбягаю прамой сувязі. Хоць магу патлумачыць кожны здымак, які мы выбіралі з вялікай колькасці іншых».
Праект рэалізаваны ў рамках праграмы MOST+.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram