Заўтра, 8 снежня, у Galeria Duża Scena UAP распачне працу выстава «Белавежская пушча». У цэнтры ўвагі праекта — славуты «сармацкі лес» як экасістэма і прастора культур. Выказацца на тэму пагадзіліся больш за дваццаць мастакоў з Польшчы, Беларусі ды іншых краін.
Куратарка выставы — беларуская мастацтвазнаўца Вольга Архіпава.
«Выстава мае на мэце прадставіць «Белавежскую пушчу» як асаблівае месца, якое, захоўваючы свае характарыстыкі, належыць некалькім краінам […], — адзначаецца ў апісанні праекта.
Белавежская пушча — адзіная частка нашага кантынента, дзе захаваўся першабытны, рэліктавы лес, які некалі пакрываў большую частку Еўропы. На гэтым месцы існавалі і існуюць унікальныя расліны і жывёлы.
Выстава будзе расповедам пра гісторыю культур, унікальную, як і экасістэма Белавежскай пушчы. На працягу стагоддзяў мяняліся межы, але звычаі, характэрныя для гэтага рэгіёну, захаваліся. У культуры Польшчы і Беларусі было шмат агульных падзей, паняццяў, з’яў і сімвалаў, герояў… Я хачу паказаць, што наша культурная спадчына і яе цяперашні патэнцыял здольныя перасякаць межы, не парушаючы іх», — падкрэслівае Вольга Архіпава.
Выстава ўключае творы больш дваццаці мастакоў: Агаты Фогтман, Алеся Бесараб, Аляксея Лунёва Альгерда Міхаловіча, А6, Ганны Марыі Пілярскай, Антаніны Слабодчыкавай, Цэзары Стахура, Данілы Георгіева, Елізаветы Гарбацэвіч, Эвы Грэшта, Ізы Мочарна-Пасэк, Катажыны Багіньска, Катажыны Варакса, Кірыла Дзёмчава, Лізаветы Сцяцко, Марыі Кшэшляк, Мікіты Ільіньчык, Олека Ягера, Сяргея Шабохіна, Ташы Кацуба, Тэрэсы Нучкоўскай, Зузанны Янушка.
Адкрыццё адбудзецца 8 снежня, а 18.00. Месца — Galeria Duża Scena UAP (вул. Wodna, 24).
Праект «Белавежская пушча» будзе працаваць да 7 студзеня 2024 года.
Выстава падтрымліваецца праектам PerspAKTIV у супрацоўніцтве з RAZAM, Амбасадай культуры і муніцыпальнай галерэяй Arsenał пры фінансавай падтрымцы Міністэрства замежных спраў Германіі.