У музеі Тыкоціна – філіяле Падляскага музея ў Беластоку, які размешчаны ў будынку сінагогі, – адкрылася рэтраспектыўная выстава творчасці Юзафа Харытона да 115-годдзя з дня нараджэння мастака.
На адкрыцці выставы куратарка Ева Рагалеўска распавяла пра беларускі складнік творчасці аўтара, — піша «Беларускае Радыё Рацыя».
«Некалькі гадоў свайго жыццё ён правёў у Беларусі, у Высока-Літоўску, — расказала Ева Рагалеўска. — Там жыў, працаваў, там таксама жылі яго бацькі. У бацькі быў млын, усе там скончвалі школу, жылі там. Ён вярнуўся туды пасля вучобы ў Кракаве і ў 1932 г. асеў у Высока-Літоўску. Перажыў там вайну, дзе стаў сведкам знішчэння габрэйскага гета».
Сямейны дом мастака прымыкаў да гета. З яго вокнаў ён штодня назіраў за жыццём у ізаляваным, асуджаным свеце. Ён бачыў трагедыю сотняў людзей, пакаранні, гібель вядомых і блізкіх яму жыхароў Высока-Літоўска. Тады ён вырашыў, што калі выжыве, то захавае памяць пра гэтыя падзеі: «Я на свае вочы бачыў са свайго акна, які лёс чалавек можа падрыхтаваць іншаму чалавеку, — казаў пазней мастак. — Я ўжо тады вырашыў, што павінен захаваць сведчанне гэтай кашмарнай ісціны любым спосабам — калі толькі выжыву». Менавіта гэты вопыт і траўма, якую ён атрымаў, вызначылі яго творчасць пасля вайны.
У 1954 годзе мастак пачаў працу над сваім самым вялікім цыклам партрэтаў яўрэяў Высока-Літоўска і Камянца Літоўскага, якія можна ўбачыць на выставе.
У сваіх творах ён адлюстроўваў купцоў, рамеснікаў, рабінаў, юнакоў і барадатых старых. Некаторых ён ведаў асабіста, іншых запомніў на рынку, вуліцы, падчас працы.
Юзаф Харытон не належаў да яўрэйскага народу, аднак адчуваў унутранае пакліканне сведчыць аб гібелі, сведкам якой ён быў.
Выстава твораў Юзафа Харытона прадстаўлена ў дзвюх тэматычных версіях: «Тыкоцінскія партрэты» і «Падляшскія краявіды і жанравыя сцэны».
Творы-сведчанні Халакосту прынеслі Юзафу Харытону вядомасць, асабліва за мяжой.
Выставу можна наведаць да 12 траўня.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram