Сёння, 4 жніўня, спаўняецца роўна два гады з дня арышту беларускага філосафа і метадолага Уладзіміра Мацкевіча. У падтрымку вядомага інтэлектуала яго паплечнікі і аднадумцы запусцілі флэшмоб #філосаф_не_павінен_быць_у_турме.
Калегі і вучні філосафа нагадваюць, які шлях за гэты час давялося прайсці Уладзіміру Мацкевічу.
«Гэтыя два гады былі вельмі цяжкімі. Галадоўка ў лютым 2022 года, якая для Уладзіміра Уладзіміравіча не скончылася трагічна толькі дзякуючы шырокай грамадскай падтрымцы яго патрабаванняў, закрыты суд, сумна вядомая шклоўская калонія, некалькі тыдняў у штрафным ізалятары, якія моцна падарвалі здароўе філосафа, тыдні і месяцы адсутнасці будзь-якой сувязі са знешнім светам, новы суд… Зараз Уладзімір Мацкевіч знаходзіцца ў магілёўскай турме, ва ўмовах строгага рэжыму, без перадач і спатканняў, без магчымасці перапісвацца з сябрамі і калегамі.
Нягледзячы на ўсе абмежаванні, мы ведаем, што нават у гэтых умовах Уладзімір Уладзіміравіч працягвае філасофскую і метадалагічную працу, піша тэксты, да якіх мы, на жаль, пакуль не маем доступу, — дзеляцца навінамі аднадумцы. — І ведаем, што яму па-ранейшаму важныя развіццё і крытыка яго ідэй, камунікацыя са знешнім светам, уключанасць у актуальныя палітычныя і інтэлектуальныя працэсы».
Сябры даследчыка прапануюць працягнуць размову з Уладзімірам Мацкевічам, якой людзей спрабуюць пазбавіць.
«Мы будзем разважаць аб тым, якія з яго выказванняў, кніг і думак сёння найбольш актуальныя і пра што б мы пагаварылі, што б абмеркавалі з Уладзімірам Уладзіміравічам сёння, калі б была такая магчымасць, — звяртаецца супольнасць да грамадства. — Але, безумоўна, будзем радыя і іншым тэмам, думкам, разважанням, успамінам — усяму, што вы хацелі б сказаць самому філосафу, сказаць свету пра філосафа ці пра сітуацыю агулам».
Каб далучыцца да флэшмобу, варта апублікаваць у сваіх сацыяльных сетках лагатып і пост з хэштэгам: #філосаф_не_павінен_быць_у_турме.
«Як і тысячы іншых беларусаў, усё злачынства якіх у тым, што яны вырашыліся выказаць свой пратэст супраць несправядлівасці і гвалту», — дадаецца ў апісанні.
Нагадаем, што за час, калі Уладзімір Мацкевіч знаходзіўся ў зняволенні, былі выдадзены дзве ягоныя кнігі: «Свобода и мышление: эссе о гражданском обществе” і “Отвечая за себя: записки философа с вредным характером”.
Чытаць і спампаваць іх можна тут і тут.