У Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі працуе выстава «Космас Язэпа Драздовіча»

13 кастрычніка спаўняецца 135 гадоў з дня нараджэння беларускага мастака Язэпа Нарцызавіча Драздовіча – аднаго з найбольш загадкавых постацей беларускай культуры. Дзеяч нацыянальнага адраджэння пачатку ХХ стагоддзя, ён быў таленавітым жывапісцам, графікам, скульптарам, пісьменнікам, паэтам, настаўнікам, этнографам, фалькларыстам, археолагам і астраномам.

Надзвычай яркім творчым набыткам стала касмічная тэма Драздовіча, якой ён прысвяціў каля сотні сваіх твораў. Мастак сур’ёзна вывучаў астраномію і выдаў папулярную кнігу ўласных разваг пра касмічную прастору “Нябесныя бегі”.

Да дня нараджэння Язэпа Драздовіча ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь з 5 па 16 кастрычніка працуе выстава “Космас Язэпа Драздовіча”, на якой прадстаўлены творы з калекцыі аддзела старажытнабеларускай культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

У экспазіцыі — карціны Драздовіча з “касмічных серый”, а таксама працы, дзе майстар праявіў свой талент партрэтыста. Частка твораў дэманструецца ўпершыню.

У межах святкавання 135-годдзя Язэпа Драздовіча 11 кастрычніка з 11.00 да 16.30 Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь сумесна з Цэнтрам даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі праводзіць круглы стол, на якім свае даклады, прысвечаныя маштабнай фігуры мастака, яго ўплыву на беларускую культуру, прадставяць навуковыя супрацоўнікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь і запрошаныя спецыялісты.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!